Расейскія вайскоўцы зьнішчылі 90% складоў з прадуктамі ва Ўкраіне

Пажар на складзе пасьля расейскай атакі непадалёк ад Кіева, 27 жніўня 2026

Расейскія вайскоўцы зьнішчылі каля 90% складоў харчовых прадуктаў ва Ўкраіне, якія належаць гандлёвым сеткам, заявіў 28 жніўня міністар аграрнай палітыкі Ўкраіны Тарас Высоцкі, перадае «Укрінформ».

Ён сказаў, што гэта ня значыць, што краіне пагражае голад або сыстэмны дэфіцыт прадуктаў. Паводле яго, ва Ўкраіне будуць мяняць сыстэму паставак прадуктаў і, у прыватнасьці, аддаваць перавагу наўпроставым пастаўкам ад вытворцаў у крамы, абмінаючы буйныя склады. Міністар адзначыў, што ўскладненьне лягістыкі можа прывесьці да росту цэнаў.

Расейскія вайскоўцы ў апошнія тыдні сыстэматычна атакуюць склады ва Ўкраіне. Пад удары трапляюць буйныя лягістычныя цэнтры, а таксама гіпэрмаркеты. У Расеі называюць гэта «адказам» на ўкраінскую кампанію ўдараў па складах маркетплэйсаў Wildberries і Ozon, хоць удары па складах ва Ўкраіне наносіліся і раней.

Паводле «РБК-Украіна», 27 і 28 жніўня расейскія войскі ўдарылі па гіпэрмаркетах «Эпіцэнтар» у Харкаве і Запарожжы, складах «Новай пошты» пад Кіевам і ў Сумах, складзе Roshen і размеркавальных цэнтрах розных сетак у Кіеўскай вобласьці.

Быў атакаваны таксама лікёра-гарэлачны завод «Хорціца» ў Запарожжы. Кампанія страціла каля 2-4 мільёнаў пляшак алькагольных напояў. А завод, як паведаміў ягоны ўладальнік Global Spirits, не падлягае аднаўленьню, перадае nv.ua.

19 ліпеня расейскія войскі зьнішчылі склад гатовай прадукцыі Global Spirits, кампанія заявіла пра страты на больш як 2,2 мільёна даляраў у пераліку.

Заснавальнік холдынгу Global Spirits — украінскі бізнэсовец Яўген Чарняк. У сьнежні 2023 году ва Ўкраіне яму завочна паведамілі аб падазрэньні ў фінансаваньні расейскай агрэсіі з прычыны таго, што холдынг бізнэсоўца працягваў весьці бізнэс з расейскімі кампаніямі. У 2024 годзе ўсе актывы холдынгу былі нацыяналізаваныя, а пасьля выстаўленыя на продаж. Пры гэтым у Расеі Чарняка завочна прысудзілі да 14 гадоў калёніі ў справе аб фінансаваньні тэрарызму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскія сілы працягваюць удары па расейскіх НПЗ. Кіеўшчына за ноч перажыла 38 расейскіх атак