Два тыдні навучаньня і пяць дзён на вайне. Стала вядома пра яшчэ аднаго беларуса, які трапіў ва ўкраінскі палон

Наступствы баявых дзеяньняў на ліманскім кірунку, куды Расея адправіла беларуса ваяваць супраць Украіны. Ілюстрацыйнае фота

Цяпер вядомыя 20 імёнаў беларусаў з 22, якія знаходзяцца ва ўкраінскім палоне.

Арганізацыя BelPol пацьвердзіла імя яшчэ аднаго палоненага ва Ўкраіне беларуса: 18-гадовы Мікіта К., які паехаў на вайну з Рэчыцы Гомельскай вобласьці, падпісаў кантракт з расейскім войскам у Варонежы, але трапіў у палон праз пяць дзён знаходжаньня на фронце.

Як вынікае з відэазапісу, яго ў Рэчыцы чакаюць бацькі, брат і сястра, якія ня ведалі аб ягоным рашэньні паехаць на вайну і ваяваць на баку Расеі.

«Я проста паехаў. Я проста з-за грошай паехаў, і не хацеў, каб маці хвалявалася», — сказаў ён.

Мікіта дадаў, што ён пайшоў ваяваць за сваім стрыечным братам і хацеў трапіць да яго ў полк, але яго накіравалі ў іншы падразьдзел. Пакуль Мікіта падпісваў кантракт і праходзіў двухтыднёвую падрыхтоўку, ягоны брат пасьля 7 месяцаў вайны вярнуўся ў Беларусь.

Грамадзянін Беларусі паведаміў, што з абяцаных паводле кантракту 2,5 мільёна расейскіх рублёў (меней за 30 тысяч даляраў) атрымаў толькі 500 тысяч. Сьцьвярджае, што нібыта ў баявых дзеяньнях ня ўдзельнічаў, але ў палон трапіў падчас выкананьня баявога заданьня — прайсьці ўглыб тэрыторыі Ўкраіны, заняць пазыцыі і замацавацца на іх. Такім чынам, ён разам з расейскім вайскоўцам выйшаў на пазыцыі ўкраінскіх войскаў, а пакуль ішлі, ён пабачыў шмат трупаў.

«Мы падыходзім да бліндажу, пастукаліся ў дзьверы. Там сказалі, што „хлопцы, усё ў парадку“, а потым папрасілі адыйсьці ад дзьвярэй. Потым мы глядзім, што там ужо з аўтаматамі глядзяць на нас. Сказалі, тыпу, кідайце зброю, калі хочаце яшчэ пажыць. Мы кінулі зброю», — расказаў Мікіта К.

Беларус дадаў: пашанцавала, што жывы застаўся, і нікому ня раіць паўтараць ягоны досьвед.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларус, які трапіў ва ўкраінскі палон: у расейскіх турмах прымушаюць да кантрактаў на вайну супраць Украіны

Колькі беларусаў знаходзяцца ва ўкраінскім палоне

Сёлета ў ліпені ў Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны назвалі колькасьць грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі і трапілі ва ўкраінскі палон.

«На ліпень 2026 году ў месцах утрыманьня ваеннапалонных ва Ўкраіне знаходзяцца 22 грамадзяніны Беларусі. Пачынаючы з 2022 году, сямёх беларусаў, якія мелі таксама і расейскае грамадзянства, абмянялі на грамадзян Украіны, якія знаходзіліся ў расейскім палоне», — паведаміў кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу Багдан Ахрыменка ў адказе на афіцыйны запыт Свабоды.

Да гэтага былі вядомыя прозьвішчы 19 беларусаў, якія трапілі ва ўкраінскі палон. З улікам Мікіты К. цяпер вядомыя 20 імёнаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеве назвалі лік узятых у палон беларусаў і паведамілі дэталі перамоваў пра абмен Іны Кардаш

Чаму гэта важна

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.

За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Вярнулі, як быдла». Вызваленых з украінскага палону расейцаў адпраўляюць назад на вайну