Кот Вэльзэвул, фанаты ў Сьледчым камітэце і новы альбом. Размова з вакалісткай гурту Dymna Lotva Кацярынай Nokt Манкевіч

Гурт Dymna Lotva

Кацярына Nokt Манкевіч разам з гуртам Dymna Lotva 7 жніўня выдалі новы альбом Vyraj. Яго ўжо прызналі адным з найлепшых у сваім жанры сёлета. Чаму іншаземцам цяжка выгаварыць ягоную назву, наколькі беларускамоўны блэк-мэтал цікавы ў сьвеце і як Сьледчы камітэт «робіць піяр» гурту.


Беларускі мэтал-гурт Dymna Lotva заснаваны ў Менску ў 2015 годзе, грае ў стылі пост-блэк-мэтал — дэпрэсіўны дум-мэтал з элемэнтамі фольку. Зь Менску музыкі выехалі, калі пачаўся перасьлед часткі ўдзельнікаў: перш ва Ўкраіну, дзе ў Ірпені засьпелі пачатак вайны, а пасьля ў Польшчу. Цяпер жывуць у Варшаве, рэгулярна выступаюць на міжнародных фэстывалях, даюць уласныя канцэрты.

«Адзін сябра прывёў на канцэрт бурмістра гораду»

Новы альбом гурту Dymna Lotva — Vyraj, які выйшаў 7 жніўня, часопіс Metal Hammer, адно з самых уплывовых выданьняў пра рок і мэтал у сьвеце — назваў адным з найлепшых альбомаў году.

Да запісу песьні «Ладзьдзя Роспачы» (The Boat of Despair) у новым альбоме далучыўся Эран Стэйнторп (Aaron Stainthorpe), культавая фігура ўсясьветнай дум-мэтал-сцэны, былы вакаліст брытанскага гурту My Dying Bride.

«Я ягоная фанатка больш за 20 гадоў. Некалі ён мне пісаў на facebook, што яму спадабаўся нейкі наш відос. І я сьпярша падумала, што гэта фішынг нейкі, ну ня можа ён мне пісаць. Я спытала: які відос? А ён адказаў, што ўжо ня памятае. А пасьля мы да яго зьвярнуліся самі, я падумала, што ў нас ёсьць шанец, што ён пра нас хаця б ведае. Таксама ў яго ў апошнія гады было шмат сумесных праектаў з рознымі бандамі. Пашчасьціла, што ў нас ёсьць агульны блізкі сябра, які падказаў працоўны кантакт», — расказвае Кацярына.

Кацярына Nokt Манкевіч

Кліп на гэтую песьню гурт здымаў на глыбіні 40 мэтраў пад зямлёй — у срэбранай шахце ў Тарноўскіх Гурах у Польшчы. А кампазыцыі да альбому Vyraj пачалі зьяўляцца яшчэ ў 2016 годзе ў Менску. Тады Яўген Чаркасаў (гітара, бас, клявішныя, аўтар музыкі) прыдумаў «касьмічнае» гучаньне.

«Першыя трэкі былі запісаныя ў 2016–2017 гадах. Тады ўдалося запісаць такі касьмічны саўнд у Яўгена. А так у слове Vyraj усё сышлося, гэта і міталягічная тэма, гэта і птушкі, якія ляцяць у вырай, і эміграцыя. Уся карцінка склалася ў самым канцы, калі ўсё было ўжо амаль гатова», — кажа Кацярына.

Дарэчы, іншаземцам часьцяком складана вымавіць назву альбому Vyraj правільна, бо «y» яны чытаюць зусім не як беларускае «ы», наракае суразмоўца. На момант гутаркі яна зьбіралася запісаць адмысловую відэа-навучалку пра гэта.

Гурту Dymna Lotva неўзабаве будзе 11 гадоў, а іх дэбютны альбом выйшаў у 2016-м. Праз год быў міні-тур па Беларусі. У 2018 годзе гурт упершыню выступіў за мяжой — ва Ўкраіне, у 2019 — у краінах Эўрапейскага Зьвязу. А пасьля здарыліся ковід, пратэсты, эміграцыя і вайна, прыгадвае Кацярына. Цяпер гурт мае 4 поўнафарматныя альбомы і некалькі сынглаў.

Dymna Lotva

«Фактычна тры гады ў нас амаль выпалі з разьвіцьця. У эўрапейскіх гуртоў былі доўгія ковідныя абмежаваньні таксама. У нас выпала тры гады, а ў іх два. Вядома, для разьвіцьця гурту пераезд у Эўропу даў шмат таго, чаго мы не чакалі. Калі мы пераехалі ва Ўкраіну, мы ведалі, што нас там ведаюць і любяць. А ў Польшчы такога не было, думалі — каму мы тут патрэбныя? Было цяжка пазнаёміцца зь мясцовай тусоўкай, бо ты ня ведаеш польскай. Аднак пазьней высьветлілася, што тут ты сам можаш рабіць сабе канцэрты, што існуе шмат магчымасьцяў. Гэта вельмі дапамагло, бо канцэрт у новым горадзе — гэта дадатковая аўдыторыя. Мэталісты ходзяць на канцэрты з дарослымі дзецьмі, бацькамі, дядзькамі. Аднаго разу мой знаёмы прывёў на канцэрт бурмістра гораду. Вядома, пасьля людзі будуць апавядаць іншым», — пералічвае пазытыўныя моманты Кацярына.

«Каб сабраць канцэрт, недастаткова проста быць беларускім гуртом»

Большасьць песень гурту Dymna Lotva — па-беларуску. На думку суразмоўцы, беларуская мова вельмі пасуе блэк-мэталу.

«Беларуская мова можа быць як мяккай і мілагучнай, так і даволі агрэсіўнай. Таксама яна не такая ўжываная, як ангельская. Бо ў ангельскай ты можаш вынайсьці нейкую мэтафару, а выявіцца, што яе ўжо 200 разоў выкарыстоўвалі», — мяркуе суразмоўца.

Музыкі гурту Dymna Lotva маюць яшчэ адзін праект — гурт Hangover in Minsk. Як кажа вакалістка, песьні яго па-ангельску, а сам гурт «больш разгільдзяйскі, з больш вясёлымі песьнямі».

«Гэта такое бясьпечнае месца, каб паскакаць, пакрычаць, паабдымацца, часам паплакаць. Гэта чыста тэрапія», — тлумачыць Кацярына.

Што да беларускай публікі, то гуртам, якія цяпер у эміграцыі, недастаткова проста быць беларускімі гуртамі ці сьпяваць па-беларуску, каб завабіць людзей на свой канцэрт, мяркуе Кацярына. Падзею варта плянаваць.

«Часам музыкі думаюць, што калі яны былі вядомыя ў Беларусі 15 гадоў таму і калі пераехалі (за мяжу. — РС) адзін мільён беларусаў, то яны абавязаныя пайсьці на іхны канцэрт. Ды людзі ўжо паабвыкліся, яны могуць схадзіць на канцэрт да беларусаў, могуць да палякаў, літоўцаў, украінцаў, паехаць на Taylor Swift ці System of a Down. Трэба ж глядзець праўдзе ў вочы, укладацца ў прома — і не за тыдзень да канцэрту. Людзі плянуюць свой адпачынак. Людзі не сядзяць і не чакаюць, калі беларускі сьпявак з гітарай скажа, што ён заўтра грае, і паставіць цэньнік як за амэрыканскі гурт. І будзе пытаць, чаму людзі не прыйшлі», — прыводзіць прыклад Кацярына.

Dymna Lotva

І дадае, што важна выходзіць з бурбалак, спрабаваць заводзіць кантакты зь мясцовай супольнасьцю ў сваіх краінах, якая грае ў падобным стылі.

«Кот прыняў удзел у запісе новага альбому»

У Кацярыны жыве вялікі чорны кот Вэльзэвул, які прайшоў праз дзьве эміграцыі і акупацыю. Ката музыка ўзяла зь менскага прытулку на вуліцы Гурскага. Гэта месца, дзе жывёліну могуць забіць, калі для яе ў час ня знойдуцца гаспадары.

«Тады прайшло паўгоду, як у мяне памёр кот. І я падумала, што трэба некаму дапамагчы, некага ўратаваць. Усе жывёлы былі зарэзэрваваныя валянтэрамі. Я тады ня думала браць малога, а хацела ўзяць дарослага. Калі бралі ката, выявілася, што два ўжо зарэзэрваваныя, а гэты, зусім малы, забіўся ў кут і аказаўся вольны. Я баялася, што ён будзе сьціплы, але адразу, як выйшлі, ён прабіў скрыню галавой. Ён, дарэчы, засьпяваў у нашым новым альбоме. Там такая апрацоўка, нібы гэта навальніца. А насамрэч гэта кот», — расказвае музыка.

Кот Вельзевул

Вэльзэвул пераехаў зь Менску пад Кіеў, у Ірпень, а там сустрэў вайну і акупацыю.

«Празь некалькі месяцаў пасьля нашай эміграцыі ў Кіеў нам прывезьлі ката. Пасьля быў Ірпень і акупацыя. Ён такі даволі цяжкі, зь ім цяжка бегаць пад бомбамі, ён тады важыў, можа, 8 кіляў, а зь пераноскай гэта ўсе 10. Дзякуй Тэрабароне і УСУ, ката выцягнулі», — прыгадвае суразмоўца.

«Калі людзей забіваюць — гэта ўжо не палітыка»

14 жніўня Менскі гарадзкі суд пачаў завочна судзіць вакалістку гурту Dymna Lotva Кацярыну. Сярод абвінавачаньняў ажно 5 крымінальных артыкулаў, сярод іх «фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці», «абраза Лукашэнкі» і «гвалт ці пагроза гвалту ў адносінах да Лукашэнкі». Падставай для апошняга абвінавачаньня, паводле Кацярыны, стала лялька вуду з выявай Лукашэнкі, якую яна вырабіла для аднаго з канцэртаў.

«Мы гралі ў Варшаве самы першы па прыезьдзе канцэрт, гэта быў бясплатны акустычны канцэрт. Трэба было неяк вярнуць грошы за абсталяваньне. Я зрабіла ляльку вуду Лукашэнкі, у яе бясплатна можна было тыркаць шпількі, але самі шпількі мы зрабілі платнымі — за які-хаця данат у скарбонку. І такім чынам мы добра сабралі», — кажа вакалістка.

У творчасьці гурту шмат блізкіх беларусам тэмаў — гэта рэпрэсіі, вайна, нацыянальныя традыцыі, міталёгія. Кацярына Манкевіч гаворыць, што выраз «музыка па-за палітыкай» для сёньняшняй сытуацыі ў Беларусі і ва Ўкраіне проста не пасуе, бо гэта ўжо не палітыка.

«На жаль, ёсьць людзі, якія кажуць, што музыка ня месца для палітыкі. Надакучвае тлумачыць, што палітыка — гэта калі ў ЗША дыскутуюць, хто лепшы: рэспубліканцы ці дэмакраты. Ці на выбарах мэра спрачаюцца два мужыкі. А калі людзей рэпрэсуюць, забіваюць, калі ідзе вайна — гэта ўжо не палітыка», — даводзіць суразмоўца.

Кацярына Nokt Манкевіч

Персьлед ад уладаў Беларусі ніяк не замінае артыстцы. Кацярына кажа, што наадварот — у сьвеце мэталю жывы «тэрарыст» ці «экстрэміст» — гэта цікава для публікі.

«У мяне няма нічога ў Менску. Каб было — была б праблема. Прызнаньне, што нейкі гурт мае такія ярлыкі, як „экстрэмізм“, „тэрарызм“, суды, — і людзі пачынаюць актыўней нашыя відэа глядзець. Мне здаецца, што ў менскім Сьледчым камітэце нейкія нашыя таемныя фанаты. Ну так падгадаць з гэтым судом і крымінальнай справай — якраз пад выхад альбому. Нібыта яны ўпісалі гэта ў піяр-кампанію. Да таго ж мяне падалі ў росшук адразу пасьля дня нараджэньня. Гэта проста нейкія падарункі. На 10 гадоў гурту нашыя відэа прызналі „экстрэмісцкімі“», — гаворыць Кацярына.

Такія нагоды гурт выкарыстоўвае, каб расказваць пра рэпрэсіі ў Беларусі журналістам з іншых краінах ці проста ў сацыяльных сетках.

«Пратэсты былі 6 гадоў таму, мала хто пра іх памятае ўжо. А калі прыяжджае гурт, кажа: „вось мы — экстрэмісты“, вось мяне, дзяўчыну ў белай кашулі, судзяць за „тэрарызм“ — гэта прыцягвае ўвагу», — даводзіць музыка.

«Моладзь можа разьвівацца ў пляне музыкі і ў Беларусі»

Моладзь можа разьвівацца ў пляне музыкі, нягледзячы на рэпрэсіі, і ў Беларусі. Бо калі яны рэпэтуюць у гаражы, то і так ня маюць доступу да нейкіх пляцовак, разважае Кацярына.

«Калі ў цябе няма супэрбагатых бацькоў, калі ты пачынаеш свой шлях у музыцы з гаража, то моладзь можа разьвівацца. Калі ты малады музыка, то і так, і гэтак ня маеш магчымасьці выходзіць на нейкую вялікую сцэну. Тое, што няма вялікіх канцэртаў ці вялікіх фэстываляў, такіх музыкаў ня вельмі абмяжоўвае, бо яны ўсё адно там бы не зайгралі. Я бачу, што ў тым жа „Рэактары“ выступае моладзь, і гэта клёва. Вялікі мінус, што гэтыя падлеткі ня могуць схадзіць на канцэрт сусьветных зорак ці проста клясных музыкаў-легендаў, зьезьдзіць на фэстываль і паглядзець, як ён адбываецца», — мяркуе музыка.

Dymna Lotva

А вось у больш сталых музыкаў мэтал-сцэны ўсё разьвіцьцё закрытае, працягвае Кацярына. Пасьля кожнага палітычнага цыклю ў Беларусі мэтал-сцэна закрываецца, і гэта руйнуе пераемнасьць пакаленьняў, працягвае суразмоўца.

«Гэта ня першы раз, калі сцэна развальваецца праз забароны і рэпрэсіі. Гэта адбываецца пасьля кожных выбараў, а цэнзура наагул не сыходзіла 30 гадоў. Праз гэтага зусім няма пераемнасьці пакаленьняў. Я бачу, як у Польшчы грае гурт, якому 30 гадоў, пасьля выходзіць гурт, якому 15 гадоў, а за ім гурт, якому 7 гадоў, а на разагрэве граюць дзеці, якім па 17 гадоў. У Беларусі ў нас гэтага няма і не было. У 2015 годзе быў адносна нядрэнны час. Цэнзура, вядома, была. Пры гэтым прыяжджалі знакамітыя гурты, былі фэстывалі. Музыкі цяпер стаяць перад выбарам: ці эміграваць, ці пераводзіць музыку ў статус „пайграць у гаражы ці на рыбалцы“. А славіць Лукашэнку на мэтал-сцэне ня хоча ніхто», — зазначае Кацярына.

Новы альбом гурту Dymna Lotva можна паслухаць на Spotify ды іншых пляцоўках, а кліпы паглядзець на YouTube.