Як паведаміла Ўкраінская служба «Голасу Амэрыкі» з спасылкай на ўкраінскі ўрад, сёлета толькі ў ліпені расейскія войскі 57 разоў атакавалі ўкраінскія караблі і 67 разоў — партовую інфраструктуру.
Украінскія сілы фактычна заблякавалі расейскія караблі ў Азоўскім моры і зьдзейсьнілі, паводле агенцтва Reuters, дзясяткі атак на караблі, што ўдзельнічаюць у гандлі расейскай нафтай.
Аналітык глябальнай палітыкі, супрацоўнік Атлянтычнай рады ў Вашынгтоне Майкл Бацюркіў перакананы, што Расея наўмысна атакуе збожжавыя вадаплавы і парты, каб стварыць міжнародны крызіс. Паводле яго, стратэгія Расеі палягае ў блякаваньні порту ў Адэсе, «жыцьцёва важнай харчовай артэрыі», і ў запалохваньні адэсітаў.
Нягледзячы на тое, што Бацюркіў мае досьвед працы ў гарачых пунктах, служыў у ААН у Газе і ў 2014 годзе ў дэлегацыі АБСЭ на Данбасе, аналітык мусіў зьехаць з Адэсы гэтым летам праз надзвычайную небясьпеку.
«Большасьць з нас, хто жыве ў Адэсе ў гэтую пару году, штодня ходзяць да мора. І ўпершыню ў сваім жыцьці я пабачыў зьнерухомленыя караблі, велізарныя вадаплавы, пашкоджаныя расейскімі ракетамі або дронамі», — расказаў Бацюркіў у інтэрвію Ўкраінскай службе «Голасу Амэрыкі».
«Адзін зь велізарных вадаплаваў, цалкам заладаваны кукурузай і запраўлены палівам, пайшоў на дно Чорнага мора», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расейскія войскі атакавалі марскія парты Ўкраіны ў Чорным моры і на ДунаіЧым пагражае сьвету блякада Чорнага мора
Міжнародныя рынкі ўжо адчулі на сабе наступствы фактычнай блякады руху ў Чорным моры. Кошт страхаваньня перавозак ад ваенных рызык падвоіўся за два тыдні, паведаміла агенцтва Reuters.
Усясьветныя запасы пшаніцы сёлета дастатковыя, мяркуюць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі ЗША. Тым ня менш ведамства прызнала, што магчымасьці экспарту пшаніцы і кукурузы ў Эўразьвяз абмежаваныя зрывам паставак цераз Чорнае мора, а таксама цяперашняй палітыкай ЭЗ стасоўна імпарту.
Нягледзячы на разбурэньні і спад вытворчасьці, выкліканыя вайной, Чарнаморскі рэгіён застаецца ключавым для глябальнай харчовай бясьпекі. Адсюль пастаўляюць амаль траціну ўсясьветнага экспарту пшаніцы і 70% сланечнікавага алею. Пшаніца з Чарнаморскага рэгіёну важная для Афрыкі і Блізкага Ўсходу, паведамілі ў Міжнародным інстытуце харчовай палітыкі ў Вашынгтоне.
«Відавочна, што Чорнае мора вельмі важнае, нават з улікам скарачэньня вытворчых магутнасьцяў ва Ўкраіне ў выніку вайны. Яны экспартуюць шмат пшаніцы, кукурузы і сланечнікавага алею. Расея — буйны экспартэр пшаніцы і ўгнаеньняў», — сказаў Джозэф Глобэр, дасьледнік Міжнароднага інстытуту харчовай палітыкі.
«Праз сытуацыю ў Чорным моры цэны значна больш нестабільныя», — дадаў ён.
Да нестабільнасьці ў Чарнаморскім рэгіёне дадалася засуха ў многіх вялікіх краінах — экспартэрах пшаніцы. Усясьветны попыт на пшаніцу расьце, але вытворчасьць абмежаваная, мяркуюць у Міжнародным інстытуце харчовай палітыкі ў Вашынгтоне.
«У ЗША на паўднёвых раўнінах назіраецца велізарная засуха, якая шкодзіць экспарту пшаніцы; вытворчасьць у Канадзе скарачаецца. Праз сытуацыю з угнаеньнямі і падобнае яны пераключаюцца на іншыя культуры. У Эўропе назіраецца сухая сьпёка. Ураджай пшаніцы будзе крыху меншым, а пастаўкі кукурузы будуць значна меншымі. Таму ў эўрапейскіх рэгіёнах больш пшаніцы пойдзе на кармы для жывёлы», — адзначыў Глабэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея заблякавала тры дзясяткі караблёў з украінскім збожжам для краін Азіі і АфрыкіАльтэрнатыва для Ўкраіны абмежаваная, а для Расеі яе практычна няма
Украіна мае абмежаваныя магчымасьці экспартаваць збожжа альтэрнатыўнымі маршрутамі — напрыклад, сухаземнымі цераз краіны Ўсходняй Эўропы. Гэты маршрут, кажа экспэрт, вельмі дарагі, таму вытворцы сапраўды пацярпяць.
«Пакуль не адкрыюцца парты вакол Адэсы, пастаўкі з Украіны будуць абмежаваныя. На жаль, для вытворцаў дастаўка сушай вельмі дарагая, а іхныя цэны і так ужо вельмі нізкія. Таму ўкраінскія вытворцы сапраўды пацярпяць. Мы бачылі гэта ў 2022–2023 гадах, і каб захоўваць канкурэнтаздольнасьць, цэны вытворцаў павінны быць яшчэ ніжэйшымі», — дадаў Глобэр.
Аналітыкі мяркуюць, што экспартаваць пшаніцу з Адэсы іншымі маршрутамі будзе вельмі складана, асабліва з увагі на досьвед 2022 году.
У 2022 годзе экспарт збожжа па сушы выклікаў занепакоенасьць палітыкаў у Польшчы, Славаччыне, Вугоршчыне і Румыніі тым, што пастаўкі кукурузы і пшаніцы з Украіны прывядуць да зьніжэньня цэн на рынках і росту попыту на баржы і вагоны з збожжам, што павялічвае выдаткі.
Майкл Бацюркіў нагадаў, што транспартаваньне ўкраінскага збожжа цераз Польшчу выклікала пратэсты польскіх фэрмэраў у 2022 годзе, хоць меўся на ўвазе толькі транзыт гэтых грузаў.
Але Расеі практычна немагчыма экспартаваць свае тавары, якія затрымаліся ў Чорным і Азоўскім морах.
«Можна нешта перавезьці цераз Балтыю або Арктыку, але гэта вельмі дорага для большасьці тавараў, асабліва для харчовых, бо там няма інфраструктуры для перавальваньня збожжа», — адзначыў Джозэф Глобэр.
Але вывезьці ўгнаеньні, такія, як бязводны аміяк і іншыя, можна Балтыйскім морам, хоць гэта і незвычайны маршрут. І гэта сапраўды выклікае занепакоенасьць, мяркуюць аналітыкі.
«Сытуацыя ў Армускай пратоцы стварае нестабільнасьць на рынку ўгнаеньняў. Яшчэ адзін буйны вытворца ўгнаеньняў — Расея, таму скарачэньне паставак з Чарнаморскага рэгіёну створыць праблему», — сказаў Глобэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украіна ўвяла санкцыі супраць дзьвюх беларускіх кампаній, датычных да «незаконнага вывазу збожжа» з акупаваных тэрыторыйЦі варта спадзявацца на міжнароднае разьвязаньне крызісу
9 жніўня міністар замежных справаў Турэччыны Хакан Фідан заклікаў Расею і Ўкраіну спыніць атакі на гандлёвыя караблі ў Чорным моры. 13 жніўня прэсавая сакратарка МЗС Расеі Марыя Захарава заявіла, што Расея не зацікаўлена ў фарматах, падобных да Збожжавай ініцыятывы Чарнаморскага ўзьбярэжжа 2022–2023 гадоў.
Тады супольная ініцыятыва Турэччыны і ААН дазволіла разблякаваць паток збожжа ў Чорным моры. Пазьней Расея выйшла з гэтага пагадненьня.
Назіральнікі сьцьвярджаюць, што цяпер сьвет не гатовы да крызісу ў Чорным моры і што на ўмяшаньне ААН таксама ня варта спадзявацца.
«Мяркую, сьвет праспаў цяперашнія падзеі ў Чорным моры. Яны не надалі гэтаму дастатковай увагі», — мяркуе Глобэр.
ААН не гатовая ўзяць на сябе адказнасьць пасярэдніка.
«Не, безумоўна, не. ААН не пераключылася. ААН неарганізаваная. Цяпер яны ў пошуках новага генэральнага сакратара», — кажа Бацюркіў.
Традыцыйныя хаўрусьнікі Ўкраіны таксама не адыграюць актыўнай ролі ў пасярэдніцтве.
«З увагі на важнасьць гэтай артэрыі — дзе ЭЗ? Дзе NATO? Дзе хаўрусьнікі Ўкраіны?» — запытвае Бацюркіў. «Калі б гэтыя структуры забясьпечылі хаця б частку той вайсковай моцы, якую яны накіравалі ў Чырвонае мора, а раней і ў Армускую пратоку, мы б былі б іншай сытуацыі».
Паводле аналітыкаў, цяпер у сьвеце няма магутнай кааліцыі, якая працавала б над дыпляматычным разьвязаньнем крызісу. Бацюркіў мяркуе, што такую ролю маглі б выканаць Турэччына або Кітай.
Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган мае кантакт з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і можа выкарыстаць гэтую сувязь, каб заклікаць Крэмль спыніць агрэсію, перакананы экспэрт.
«Спадар Эрдаган мае нумар тэлефону спадара Пуціна. Няхай ён пазвоніць яму і скажа спыніцца або зьвядзе трох лідэраў разам. Туркі зарабляюць шмат грошай на транзыце з кожнай краіны, якая адпраўляе караблі цераз Басфорскую пратоку. Я мяркую і прасоўваю ідэю, што Ўкраіна павінна перагледзець сваю міжнародную палітыку і дыпляматычны падыход. Магчыма, Зяленскаму варта правесьці другую размову з кітайскім лідэрам Сі Дзіньпінам і сказаць — выйдзіце, дапамажыце разьвязаць гэтую праблему», — прапанаваў Бацюркаў.
Бацюркаў прызнае, што Пэкін наўрад ці будзе нэўтральным на перамовах. Аднак ён перакананы, што нэўтральных пасярэднікаў больш няма, бо інтарэсы хутка мяняюцца.
Як прыклад аналітык нагадаў абаронную дамоўленасьць паміж Саудаўскай Арабіяй, Турэччынай і Пакістанам.
«Супольнае абаронная дамова Мэкі», падпісаная трыма краінамі 7 жніўня, прадугледжвае, што ўзброены напад на адну з трох краін будзе ўважацца за напад на ўсе тры.
16 жніўня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вітаў гэтае пагадненьне:
«Гэта паказвае, як Блізкі Ўсход аб’ядноўваецца і як краіны ў рэшце рэшт могуць больш эфэктыўна абараняць сябе».
Бацюркіў перакананы, што такіх невялікіх хаўрусаў будзе больш. «Я не зьдзіўлюся, калі Ўкраіна заключыць нешта з Польшчай або краінамі Балтыі», — дадаў экспэрт.