У Менску актыўна працуюць над стварэньнем адзінай сыстэмы відэаназіраньня ў жылым сэктары, у выніку чаго плянуецца ўсталяваць 20 тысяч відэакамэр. Гэтаму была прысьвечаная нарада з удзелам старшыні Менгарвыканкаму Ўладзімера Кухарава, піша БелТА.
На сёньня ўсталявалі каля 1 тысячы відэакамэраў. Да канца году ўсталююць яшчэ дзьве тысячы. А завяршыць праект плянуюць цягам двух гадоў.
Цяпер спэцыялісты вызначаюць месцы на фасадах для мантажу камэраў. Ужо абсьледавалі больш за 58% дамоў.
Камэры будуць здымаць дзіцячыя пляцоўкі, пешаходныя дарожкі і месцы для кантэйнэраў.
«Гэта дазволіць кантраляваць якасьць і своечасовасьць аказаньня такіх жыльлёва-камунальных паслуг, як вываз сьмецьця, падтрыманьне дзіцячых гульнявых пляцовак у належным стане, прыбіраньне прылеглых тэрыторыяў. І як вынік — стварэньне камфортных і бясьпечных умоваў для жыцьця гараджанаў», — заявіла генэральная дырэктарка Менскай ЖКГ Марына Тоўсьцік.
На шматкватэрных дамах чыноўнікі прапануюць таксама павесіць камэры з онлайн-назіраньнем за праездамі і зялёнымі зонамі з боку вуліц.
«Усе атрыманыя відэапатокі будуць аналізавацца ў адзіным цэнтры. І любы спэцыяліст, які атрымае доступ да інфармацыі, зможа, не выяжджаючы на месца, пракантраляваць якасьць выкананай працы. Гэта ня толькі аптымізацыя працэсаў, але і эканомія сродкаў», — сказала Марына Тоўсьцік.
Уладзімер Кухараў даручыў актывізаваць працу і скласьці альгарытм штодзённай аналітыкі відэазапісаў.
«Сыстэма павінна працаваць як гадзіньнік», — адзначыў кіраўнік сталіцы.
Паводле ранейшых плянаў, 20 тысяч камэр на менскіх дамах зьбіраліся ўсталяваць да канца гэтага году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як выглядае Цэнтар маніторынгу, створаны Кубраковым пасьля пратэстаў 2020-га для назіраньня за беларусамі. ФОТАЧаму гэта важна
У Беларусі ў 2021 годзе завяршылі стварэньне Рэспубліканскай сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі, якая аб’яднала дзясяткі тысяч камэраў па ўсёй краіне. Сыстэма мае функцыю відэаналітыкі.
У сакавіку 2025 году ўлады паведамілі, што па ўсёй тэрыторыі Беларусі паставілі 60 тысяч «разумных» камэраў відэаназіраньня, пры дапамозе якіх шукаюць і ўдзельнікаў пратэстаў 2020 году.