Як паведаміў Белстат, за 7 месяцаў 2026 году ў эксплюатацыю ўвялі 1808 тысяч квадратных мэтраў жыльля, што складае 86,1% да ўзроўню студзеня–ліпеня 2025-га.
Спад на 26,6% у студзені–сакавіку 2026 году, як заяўляў урад, быў зьвязаны зь нізкімі тэмпэратурамі, калі будаўнікі не працуюць на дварэ.
Далей колькасьць узьведзеных квадратных мэтраў пачала расьці, але ў ліпені зноў упала на 30,8%.
Чаму гэта важна
Разам з тым, паводле Белстату, у чаргу на жыльлё ў Беларусі на канец 2025 году запісаныя 541,7 тысячы чалавек .
Каб стаць у чаргу па льготны крэдыт, у Менску трэба мець меней за 10 квадратных мэтраў агульнай плошчы кватэры ці дому на чалавека, а ў рэгіёнах — меней за 15 мэтраў агульнай плошчы.
Будаўніцтва новага жыльля важнае ня толькі для падвышэньня якасьці жыцьця, гэта і моцны рухавік эканомікі, які падвышае попыт на будаўнічыя працы, матэрыялы, мэблю й іншыя патрэбныя навасёлам рэчы.
У 2027 годзе урад Беларусі плянуе павялічыць будаўніцтва жыльля да каля 4 млн квадратных мэтраў, зь іх амаль мільён — арэнднага.