Беларуская чыгунка рыхтуе рэзэрвовую схему кіраваньня перавозкамі на выпадак выхаду з ладу цэнтру ў Менску

Ілюстрfцыйнае фота

На Беларускай чыгунцы пfскорылі стварэньне рэзэрвовай схемы кіраваньня на выпадак зьнішчэньня або пашкоджаньня Цэнтру кіраваньня перавозкамі ў Менску.

Як паведаміла Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі, цяпер вызначаюць, якіх супрацоўнікаў чыгункі перавядуць на запасныя пляцоўкі і што ім будзе патрэбна для працы.

Згодна з дакумэнтамі, атрыманымі супольнасьцю, Беларуская чыгунка раскансэрвавала апаратуру рэзэрвовых цэнтраў, праверыла гатоўнасьць дыспэтчараў да работы на запасных працоўных месцах і пачала даводзіць да ладу падземныя пункты сувязі.

«Цяпер ідзецца ўжо аб канкрэтных пасадах, пляцоўках, абсталяваньні і дакумэнтацыі, патрэбных для працягу работ па-за асноўным Цэнтрам кіраваньня перавозкамі», — адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі.

Паводле Супольнасьці чыгуначнікаў, пры выхадзе з ладу асноўнага цэнтру чыгуначны рух ня спыніцца, але страціцца частка дыспэтчарскага апарату і сродкаў цэнтралізаванага кіраваньня рухам.

«Найперш зьявяцца складанасьці там, дзе адно рашэньне закранае некалькі ўчасткаў: пры зьмене парадку пропуску цягнікоў, падвядзеньні цягнікоў да вялікіх вузлоў, спалучэньні цягнікоў зь лякаматывамі і лякаматыўнымі брыгадамі, абмежаваньні прапускной здольнасьці або адначасовых адмовах на некалькіх участках. Без агульнадарожнай каардынацыі расьце рызыка затрымак цягнікоў на падыходах да вузлоў, збояў у абарачэньні лякаматываў, назапашваньня вагонаў і пашырэньня затрымак на суседнія ўчасткі», — паведамілі ў Супольнасьці беларускіх чыгуначнікаў.

Паводле інфармацыі арганізацыі, у жніўні намесьнік начальніка Беларускай чыгункі Ігар Казлоўскі даручыў зрабіць дадатковыя захады для мінімізацыі наступстваў «актаў незаконнага ўмяшаньня ў аб’екты кіраваньня працэсам перавозак».

У супольнасьці адзначылі, што «актам незаконнага ўмяшаньня» звычайна называюць супрацьпраўныя дзеяньні або пагрозу такіх дзеяньняў, якія могуць парушыць бясьпечную і ўстойлівую працу аб’екту. Але які менавіта сцэнар разглядаюць, у атрыманым дакумэнце не сказана.

Рэзэрвовыя пляцоўкі стваралі паводле тэрытарыяльнага прынцыпу — па адной на кожным аддзяленьні чыгункі. Супольнасьці вядома, прынамсі, аб рэзэрвовым цэнтры на станцыі Шуміліна (Віцебская вобласьць), у раёне прыпынку Крашын (Баранавіцкае аддзяленьне, там асноўная частка разьмешчаная пад зямлёй).

Дзе дакладна месьцяцца пляцоўкі Менскага, Магілёўскага, Берасьцейскага і Гомельскага аддзяленьняў, пакуль не змаглі высьветліць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Для новага вайсковага аб’екту пад Гомлем будуюць чыгунку і плятформу для тэхнікі

Што папярэднічала

Сёлета ў чэрвені Супольнасьць беларускіх чыгуначнікаў апублікавала дакумэнты, зь якіх вынікала, што ў сыстэму кіраваньня чыгуначнымі перавозкамі ўводзяць вайскоўцаў. Аснову групы складаюць прадстаўнікі ўпраўленьня вайсковых зносін Міністэрства абароны Беларусі, якое адказвае за плянаваньне, арганізацыю і забесьпячэньне вайсковых перавозак усімі відамі транспарту — чыгуначным, аўтамабільным, паветраным і водным.

Дадаткова ў групу ўключылі прадстаўнікоў падразьдзелаў сувязі, абароны сакрэтнай інфармацыі й іншых структураў, якія займаюцца забесьпячэньнем Узброеных сілаў Беларусі. Агульная імаверная іх колькасьць 20–30 чалавек. Групу пачалі ствараць перад супольнымі беларуска-расейскімі вучэньнямі «Захад-2025».

Увядзеньне вайскоўцаў у сыстэму кіраваньня чыгуначных перавозак — клясычная прыкмета мабілізацыі лягістыкі.

Гэта сьведчыць, што інфраструктуру пераводзяць на забесьпячэньне патрэбаў абароны і бясьпекі.

Прыярытэтамі пры такой арганізацыі становяцца перавозка вайсковых грузаў, ахова і абарона інфраструктуры, узмацненьне кантролю за стратэгічнымі вузламі, мастамі і станцыямі для перадухіленьня дывэрсіяў і сабатажу, а таксама выкарыстаньне спэцыяльных пратаколаў руху, абароненай сувязі і сакрэтных графікаў перавозак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі вайскоўцаў інтэгруюць у сыстэму кіраваньня чыгуначнымі перавозкамі. Што вядома

Чаму гэта важна

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

У падтрымку расейскай агрэсіі цяпер уключаныя шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.

Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб існаваньні плянаў «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.

Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».

16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч ужо канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі: пасьля рэгулярных атак дронаў чыгуначныя брыгады адмаўляюцца ехаць на Браншчыну