Перад урокамі — надгляд. З 1 верасьня пачнуць выбарачна правяраць рэчы школьнікаў

Ілюстрацыйнае фота

Ахоўнікі атрымалі права рабіць гэта без законных прадстаўнікоў дзіцяці — дастаткова прысутнасьці пэдагога.

Пра гэта ў эфіры «Радыё Мінск» паведаміў намесьнік начальніка Маскоўскага аддзелу сталічнай аховы Аляксандар Сях.

Правяраць будуць ня толькі дзяцей, але і настаўнікаў, пэрсанал і бацькоў — усіх, хто ідзе ў школу.

Выбіраць, каго з школьнікаў весьці на надгляд, будуць ахоўнікі, абапіраючыся на свой досьвед. Будуць зьвяртаць увагу на «асаблівасьці паводзінаў» непаўналетніх.

«Але ў большай ступені мы разьлічваем на наяўнасьць інфармацыі і яе перадачу ад пэдагагічнага складу», — адзначыў Аляксандар Сях.

«І калі паступіць інфармацыя, што непаўналетні недзе, зноў жа прашу прабачэньня за слэнг, „засьвяціўся“ з нэгатыўнага боку, ёсьць падазрэньні, што ў яго маюцца нейкія небясьпечныя, забароненыя прадметы, пэдагог можа проста паказаць на таго ці іншага хлопчыка або дзяўчынку, і ўжо ў ягонай прысутнасьці наш работнік правядзе надгляд».

У якасьці прычын для ўвядзеньня такіх праверак міліцэйскі прадстаўнік назваў трагічныя выпадкі ў Расеі, калі школьнікі, «якія зазналі булінг або кіраваліся помстай зь нейкіх іншых прычынаў», учынялі напады з халоднай і агнястрэльнай зброяй, а таксама з арбалетам.

Асобна ён прыгадаў напад на гімназію ў Казані, які ў 2011 годзе ўчыніў былы вучань. Тады ад страляніны загінулі дзевяць чалавек і 24 былі параненыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі з новага навучальнага году палявыя зборы стануць абавязковымі і для навучэнцаў каледжаў

Аляксандар Сях заклікаў бацькоў і дзяцей «сабрацца» перад 1 верасьня.

«Пачатак навучальнага году — гэта насамрэч адказны час, бо нашыя дзеці крыху адвыклі ад навучальнага працэсу, адчулі пэўную — ня будзем называць гэта ўсёдазволенасьцю — расслабленасьць у сваіх паводзінах. Зразумела, гэта тычыцца ня ўсіх, але з пачаткам навучальнага году неабходна сабрацца і максымальна разумець тыя захады, якія будуць праводзіцца ў дачыненьні да вас і вашых дзяцей», — адзначыў Сях.

«Я ўпэўнены, што мы ў кожным разе прызвычаімся да таго, што адбываецца, і будзем успрымаць гэта як норму. Гэта, вядома ж, тычыцца ня толькі непаўналетніх, але ў тым ліку і вас», — сказаў намесьнік начальніка Маскоўскага аддзелу сталічнай аховы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вайсковыя клюбы і гульні, дроны і тактычная мэдыцына. Як у Беларусі рыхтуюць да вайны дзяцей