Кіпр пачаў выдаваць беларусам дазволы на жыхарства з пратэрмінаванымі пашпартамі

Ілюстрацыйнае фота

Улады Кіпру афіцыйна пацьвердзілі, што беларусы з пратэрмінаванымі пашпартамі могуць атрымліваць і працягваць дазволы на жыхарства ў краіне.

Адпаведнае адміністрацыйнае рашэньне дзейнічае з траўня 2026 году, паведамілі Радыё Свабода ў Офісе намесьніка міністра міграцыі і міжнароднай абароны Кіпру.

У адказ на запыт Свабоды ў Офісе намесьніка міністра пацьвердзілі, што Міграцыйны дэпартамэнт Кіпру ўхваліў рашэньне, якое дазваляе грамадзянам Беларусі з пратэрмінаванымі беларускімі пашпартамі атрымліваць або працягваць дазволы на жыхарства.

Кіпрскія ўлады таксама пацьвердзілі Свабодзе, што дзеці, народжаныя на Кіпры ў сем’ях, дзе абое бацькоў зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі і ня могуць атрымаць для дзіцяці беларускі пашпарт, здолеюць атрымаць дазвол на жыхарства на падставе выдадзенага на Кіпры пасьведчаньня аб нараджэньні.

«Гэта пацьвярджаецца пры ўмове, што абое бацькоў зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі», — адзначылі ў Офісе намесьніка міністра ў адказе Свабодзе.

Як удакладнілі кіпрскія ўлады, рашэньне дзейнічае з траўня 2026 году. 26 жніўня міграцыйны дэпартамэнт Кіпру афіцыйна апублікаваў інфармацыю пра новы парадак на сваім сайце.

Такім чынам, афіцыйны адказ кіпрскіх уладаў пацьвярджае інфармацыю, пра якую раней паведаміла прадстаўніца Дэмакратычнай амбасады Беларусі на Кіпры Алеся Пархоменка. Яна заявіла, што новы парадак дазволіць ня толькі прымаць заявы беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі, але і пры выкананьні астатніх міграцыйных патрабаваньняў выдаваць ім карткі дазволу на жыхарства.

Пытаньне аб тым, ці будзе час пражываньня на Кіпры з дазволам, выдадзеным на падставе пратэрмінаванага беларускага пашпарту, залічвацца ў тэрмін, неабходны для атрыманьня грамадзянства, у Офісе намесьніка міністра міграцыі і міжнароднай абароны не ўдакладнілі. У адказе Свабодзе паведамілі, што гэтае пытаньне трэба адрасаваць Міністэрству ўнутраных спраў Кіпру, якое мае кампэтэнцыю ў пытаньнях натуралізацыі.

Пры гэтым застаецца нявырашаным пытаньне міжнародных паездак: дазвол на жыхарства не замяняе пашпарт або іншы праязны дакумэнт і сам па сабе не вырашае праблему выезду за межы Кіпру для беларусаў, якія ня маюць дзейных пашпартоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусы з пратэрмінаванымі пашпартамі змогуць атрымаць дазвол на жыхарства на Кіпры, — актывістка

Што папярэднічала

4 верасьня 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і ўчыненьня дзеяньняў», які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарту беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты. Гэта стварыла сур’ёзную праблему беларусам, якія ня могуць выехаць у Беларусь для абмену пратэрмінаваных дакумэнтаў, у тым ліку праз пагрозу палітычнага перасьледу.

У заяве экспэртаў ААН ад 20 верасьня 2023 году «пашпартны ўказ» Лукашэнкі названы часткаю «мэтанакіраванай палітыкі пакараньня беларусаў, якія зьехалі», уключаючы праваабаронцаў, журналістаў і прадстаўнікоў апазыцыі, «за іх палітычную неляяльнасьць». Гэты ўказ, лічаць аўтары дакумэнту, становіць сабой прыклад «злоўжываньня мерамі бясьпекі» і «асабліва моцна» ўплывае на «тых, хто мусіў пакінуць Беларусь у сувязі з масавымі рэпрэсіямі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году».

18 чэрвеня 2023 году спэцыяльная спавяшчальніца ААН аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн у сваім дакладзе рэкамэндавала дзяржавам і іншым суб’ектам міжнароднай супольнасьці «прыняць меры ў адпаведнасьці з унутраным заканадаўствам дзяржаваў — чальцоў ААН для ліквідацыі рызыкі масавай страты беларускімі грамадзянамі за мяжой пасьведчаньняў асобы і праязных дакумэнтаў».

Пасьля ўступленьня ў сілу ўказу Лукашэнкі № 278 некаторыя заходнія краіны спрасьцілі працэдуру легалізацыі на сваёй тэрыторыі для грамадзян Беларусі, якія ня могуць вярнуцца на радзіму праз пагрозу палітычнага перасьледу. Цяпер такіх краін 12, у тым ліку Гішпанія, Польшча і Літва, якія прызнаюць пратэрмінаваныя пашпарты законнай падставай для працягу дазволу на жыхарства.

Сьвятлана Ціханоўская, як і асобныя дыяспары, неаднаразова зьвяртала ўвагу ўладаў заходніх краін, у тым ліку дзяржаў Эўразьвязу, на неаходнасьць комплекснага вырашэньня легалізацыі беларусаў, якія засталіся без пашпартоў.

Пры агульных намаганьнях цяпер 12 краін, у тым ліку Гішпанія, Польшча і Літва, прызнаюць пратэрмінаваныя пашпарты законнай падставай для працягу дазволу на жыхарства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дэмакратычныя сілы Беларусі заклікалі ўрад Украіны адтэрмінаваць для беларусаў новыя правілы легалізацыі