На Афіпскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў Расеі пасьля ўкраінскага ўдару пажар. Завод атакавалі ўжо больш за 10 разоў

Афіпскі НПЗ. Архіўнае фота

У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны пацьвердзілі ўдар у ноч на 25 жніўня па Афіпскім нафтаперапрацоўчым заводзе (НПЗ) у Краснадарскім краі Расеі.

«Гучныя выбухі і полымя зафіксавалі на тэрыторыі заводу, які падтрымлівае нафтапрадуктамі расейскую акупацыйную армію», — сказана ў афіцыйным паведамленьні ўкраінскай вайсковай выведкі.

Улады Краснадарскага краю пацьвердзілі атаку на НПЗ. Губэрнатар Веньямін Кандрацьеў таксама паведаміў, што ў выніку падзеньня аскепкаў зьбітых дронаў на тэрыторыі чыгуначнай станцыі Афіпская загінулі два чалавекі і яшчэ два атрымалі раненьні.

Расейская служба Радыё Свабода апублікавала спадарожнікавае фота, на якім бачна, што гарыць устаноўка супольнай перапрацоўкі газу і газакандэнсату.


Гэтая ўстаноўка прызначаная для вытворчасьці таварнага паліва — дызэлю або бэнзіну, а таксама сыравіны для далейшай перапрацоўкі. Украінскія сілы атакавалі гэтую ўстаноўку 7 жніўня. Тады расейскія ўлады паведамлялі, што пажар апэратыўна зьліквідавалі.

Афіпскі НПЗ у Краснадарскім краі ўжо больш за 10 разоў цярпеў ад украінскіх удараў пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне заявілі аб пацэльваньні па НПЗ у Татарстане. У Расеі зьняпраўджваюць маштабы наступстваў

Чаму гэта важна

Украіна атакуе расейскія тэрыторыі, наносячы ўдары па нафтаперапрацоўчых заводах. Вайсковае камандаваньне заяўляе, што спрабуе пазбавіць Расею паліва, каб яго не маглі пастаўляць войскам на акупаваных тэрыторыях Украіны для працягу вайны.

Пасьпяховасьць і масавасьць украінскіх удараў па расейскіх прадпрыемствах стала прычынай глыбокага паліўнага крызісу ў Расеі, анэксаваным ёю Крыме і захопленых ёю іншых вобласьцях Украіны. У некаторых рэгіёнах увялі строгія забароны ці абмежаваньні на продаж паліва насельніцтву, чэргі па бэнзін і дызэль бачныя нават на спадарожнікавых здымках. Расейскія ўлады забаранілі экспарт аўтамабільнага і авіяцыйнага бэнзіну, а таксама дызэльнага паліва

У пачатку ліпеня адразу некалькі краін Цэнтральнай Азіі заявілі аб паліўным крызісе праз скарачэньне паставак нафтапрадуктаў з Расеі й Ірану. У прыватнасьці, Таджыкістан, Кіргізстан і Узбэкістан пачалі тэрмінова шукаць магчымасьць кампэнсаваць страты ў пастаўках нафтапрадуктаў з Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Яшчэ адна краіна заявіла аб паліўным крызісе праз украінскія атакі на Расею. Манголія просіць дапамогі ў МенскуУрад Беларусі на тле паліўнага крызісу ў Расеі адмовіўся ад рэгуляваньня экспарту нафтапрадуктаўЭўразьвяз увёў санкцыі супраць Мазырскага НПЗ і нафтагандлёвай кампаніі, зьвязанай зь БеларусьсюУ памежных раёнах Беларусі ўвялі ліміты на бэнзін? У «Беларуснафце» зьняпраўджваюць