Апоўдні 18 ліпеня зьявілася інфармацыя пра тое, што ў Беларусі пачалі ўводзіць ліміты на запраўку бэнзінам. Мова йшла пакуль толькі пра прыгранічныя з Расеяй раёны краіны.
У прыватнасьці, Mayday даведаўся пра тое, што ў Езярышчы Віцебскай вобласьці за 2 км ад мяжы з Пскоўскай вобласьцю Расеі на АЗС зьявілася ўказаньне не запраўляць у бак больш за 20 літра
Старонка з спасылкай на кіроўцаў, якія праяжджалі Езярышча, пісала, што як мінімум такі рэжым захоўваўся 16-17 ліпеня.
Работнікі АЗС, сьцьвярджаў канал, тлумачылі, што зьявілася ўказаньне на ўсіх прыгранічных станцыях не запраўляць машыны да поўнага баку і ня ліць паліва ў каністры, бо аўтаўладальнікі, якія едуць у Расею, спусташаюць калёнкі і праз гэта не хапае паліва мясцовым жыхарам. Напрыклад, у Езярышчы жыве больш за тысячу чалавек, а найбліжэйшая іншая АЗС — у Гарадку за 40 км.
Неўзабаве пасьля гэтай інфармацыі само прадпрыемства «Беларуснафта» пракамэнтавала інфармацыю. Там афіцыйна заявілі, што паведамленьні падобнага кшталту ня маюць падстаў:
«Дэфіцыту паліва на нашых АЗС няма», — каротка паведамілі на прадпрыемстве.
Пры гэтым на прыгранічных АЗС Віцебскай вобласьці ёсьць навацыя, але яна тычыцца не лімітаў.
«Гэта зьвязана з патрэбаю спачатку аплаціць паліва, а потым заправіцца. У астатнім — усё як звычайна», — падкрэсьліў намеснік генэральнага дырэктара кампаніі Сяргей Каморніка, якога цытуе news.by.
У кампаніі папрасілі кліентаў быць пільнымі і браць дакладную інфармацыю «толькі ў афіцыйных СМІ». Пры гэтым, чаму на запраўках менавіта цяпер увялі навацыю «аплаты загадзя»., калі раней можна было сьпярша напоўніць бак, а заплаціць пасьля гэтага, Каморнік не патлумачыў.
Што папярэднічала
Украіна за апошнія два гады ўзмацніла атакі на расейскую энэргетычную інфраструктуру. Яна б’е па ёй дронамі далёкага радыюсу дзеяньня, пазбаўляючы расейцаў бэнзіну, што ўжо моцна адбілася на забесьпячэньні палівам расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне, а ў анэксаваным Крыме наагул прывяло да спыненьня продажу паліва людзям.
Украінскія ўдары вывелі з ладу значную частку расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў, што прывяло да дэфіцыту нафтапрадуктаў, росту цэнаў на паліва і доўгіх чэргаў на запраўках у многіх рэгіёнах Расеі.
Становішча з палівам у Беларусі
Беларусь істотна нарасьціла пастаўкі з сваіх НПЗ у Расею.
У мясцовай прэсе памежных з Расеяй рэгіёнаў Беларусі пішуць, што прыкметаў дэфіцыту паліва ў іх няма. Гэта ж сьцьвярджае і кампанія «Беларуснафта».
Тэлекампанія «Гомель», сярод іншага, паведамляла пра ілжывую інфармацыю аб ажыятажы на бэнзін у Добрускім раёне, які распаўсюдзіўся ў сетках:
«Наша здымачная група праверыла абстаноўку там і ў іншых пунктах паблізу мяжы з Расеяй: ажыятажу няма, паліва ў наяўнасьці, лімітаў ня ўводзілі».
Сытуацыя з палівам на ўнутраным рынку Беларусі стабільная, краіна цалкам забясьпечаная патрэбнай колькасьцю нафтапрадуктаў.
Уладзімер Сізоў, намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім», заяўляў:
«У канцэрне „Белнафтахім“, на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах, у сыстэме забесьпячэньня нафтапрадуктамі „Беларуснафты“ адладжана і дзейнічае сыстэма, пры якой мы старанна плянуем аб’ёмы нафтапрадуктаў, неабходныя для задавальненьня ўнутранага попыту. Мы ўлічваем як правядзеньне рамонтных работ, так і зьмены сэзоннасьці попыту і гарантавана, у прыярытэтным парадку забясьпечваем кожнае запатрабаваньне, якое ўзьнікае на ўнутраным рынку».
Форум