15 тысяч эўра на «няўдзячную справу». Як выдаўцы змагаюцца за беларусізацыю бэстсэлераў сусьветнай літаратуры

Андрэй Янушкевіч, выдавец

Выдавецтва «Янушкевіч» абвесьціла збор сродкаў на выданьне па-беларуску чатырох сусьветных бэстсэлераў, у тым ліку «Гары Потэра», «Ведзьмара», «Хобіта». Мы запыталіся ў беларускіх выдаўцоў, чаму яны бяруцца за такія амбітныя, але эканамічна нявыгадныя праекты.

Тры сусьветныя бэстсэлеры — «Гары Потэр і Ордэн Фэнікса», «Каляднае парася» Роўлінг, а таксама «Хобіт» Толкіна плянуюць выдаць па-беларуску ў 2026 годзе. «Вядзьмар» Сапкоўскага мае выйсьці ў 2027-м. Выдавецтва «Янушкевіч» ужо дамовілася з праваўладальнікамі, на чарзе наступны крок — плата за ліцэнзіі на беларускія выданьні. Абаротных сродкаў на такія амбітныя праекты бракуе. Таму выдавецтва зьвяртаецца да чытачоў, па народную падтрымку.

Трэба прыкладна 15 тысяч эўра на ўсе выдаткі, зьвязаныя з выкупам правоў на чатыры выдатныя творы. На цану ліцэнзіяў уплывае аб’ём твораў, заплянаваны наклад і высокі статус сусьветных бэстсэлераў. Выдаткі на друк мяркуюць закрыць коштам папярэдняй замовы. Калі ўдасца сабраць больш за заяўленую суму, грошы пойдуць на новыя праекты.

Інтуіцыя

Чаму абралі менавіта гэтыя творы? Выдавец Андрэй Янушкевіч перакананы, што гэтыя аўтары проста павінны загучаць па-беларуску. Адна з асноўных задачаў выдавецтва — увядзеньне ў літаратурны фонд на беларускай мове самых значных твораў сусьветнай літаратуры.

«Найперш мы зыходзім з аб’ектыўных крытэраў: наколькі кніга карысталася посьпехам на радзіме, ці была яна бэстсэлерам, ці ўзнагароджаная прэміямі, якую крытыку атрымала, наколькі яе зацікавіліся перакласьці іншыя краіны. Ну і, вядома, адыгрываюць ролю суб’ектыўныя чыньнікі, упадабаньні, маё бачаньне літаратурнага працэсу. Таму тут працуе інтуіцыя. Мы проста абавязаныя зыходзіць зь меркаваньня чытацкай аўдыторыі, бо мы цалкам залежым ад яе. Калі чытачы ня будуць купляць кнігі, мы ня зможам існаваць і разьвівацца», — разважае Андрэй Янушкевіч.

Андрэй Янушкевіч, выдавец

Сам ён ганарыцца, што ў выдавецкім партфэлі зьявіліся такія сусьветна вядомыя імёны, як Хорхэ Люіс Борхэс, Стывэн Кінг, Кормак Макарці, Рэй Брэдбэры (апошняя кніга — «Віно зь дзьмухаўцоў»). Але выдаваць пераклады ў цяперашніх варунках — справа няўдзячная, лічыць Андрэй.

«Бо мы, як і ўсе выдавецтвы за мяжой, адсечаныя ад беларускага „мацерыка“, ад нашага асноўнага кантынгенту, які жыве ў Беларусі. А каб перакладная кніга стала пасьпяховай, каб апраўдаць выдаткі, трэба прадаць даволі шмат. Бо, у адрозьненьне ад беларускіх кніг, вялікую ўдзельную долю ў бюджэце займае цана самога перакладу і, вядома, ліцэнзійныя правы. Гэтыя два моманты вельмі моцна ціснуць на сабекошт кнігі. А ў нашых варунках складана прадаць нават тысячу асобнікаў. У прынцыпе, каб кніга ня тое каб сябе акупляла, а давала аптымістычныя магчымасьці для далейшага разьвіцьця выдавецтва і кніжнага рынку, трэба, каб была прададзена хаця б тысяча», — мяркуе выдавец.

Якую долю ў бюджэце перакладной кнігі займае кошт працы перакладніка і ці ёсьць з каго выбіраць? Канкрэтныя лічбы, колькі могуць каштаваць паслугі прафэсійнага перакладніка, спадар Янушкевіч не назваў — гэта камэрцыйная таямніца.

«Але гэта адчувальныя лічбы. Кошт перакладу можа дасягаць у бюджэце кнігі 30–40%. Што тычыцца рынку прафэсійных перакладнікаў, то яго нельга назваць насычаным. Добрых перакладнікаў ня так ужо і шмат. Новых імёнаў я пакуль што не заўважаю, з маладзейшага пакаленьня мне нават ніхто не прыходзіць у галаву», — прызнаецца выдавец.

Нятанныя ліцэнзіі

Даводзіцца разьвязваць праблемы і зь ліцэнзійнымі правамі. Тры кнігі пра «Гары Потэра» па-беларуску Янушкевіч выдаў яшчэ ў Беларусі. За першую выдавец атрымаў дыплём «За найлепшыя продажы кніг пра Гары Потэра». З другой кнігай «Гары Потэр і таемная заля» былі прыгоды. Дзеля лепшай паліграфічнай якасьці ўвесь наклад друкаваўся за мяжой. Аднак беларуская мытня пасьля выбараў 2020 году запатрабавала ад выдаўца афіцыйны ліст пра тое, што «ў кнізе няма заклікаў да зрынаньня існай улады ў Рэспубліцы Беларусь».

Праблему тады вырашылі дзякуючы розгаласу. У сеціве разышліся шматлікія фотакаляжы герояў: Гары Потэр з нацыянальным сьцягам на фоне шыхтоў амапаўцаў; Рон Уізьлі з плякатам «Свабоду Крыладзюбу і палітзьняволеным»; Сэвэрус на фоне калючага дроту «Саша, выпі зельля»; прафэсар Макгонагал і Сыбіла Трэлані з «Пагоняй» і лёзунгам «У Хогвартсе ненавідзяць Лукашэнку бясплатна».

А ў 2024 годзе, калі выдавецтва ўжо знаходзілася ў выгнаньні ў Варшаве і рыхтавала да друку трэцюю кнігу, брытанскі праваўладальнік «Гары Потэра» — агенцтва The Blair Partnership адмовілася супрацоўнічаць зь беларусамі за мяжой. Прычынай стала тое, што Рэспубліка Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу ды іншых заходніх краінаў. Тады правы на выданьне кніг пра Гары Потэра прыпынілі, але пасьля пэтыцыяў чытачоў даволі хутка аднавілі. Ліцэнзіі на выданьне бэстсэлераў каштуюць нятанна, кажа Андрэй Янушкевіч, здараюцца і праблемы.

«Гэта дорага, гэта моцна цісьне на бюджэт кнігі. З гэтай прычыны мы абвесьцілі збор сродкаў, каб людзі нас падтрымалі, каб зьнізіць нагрузку на бюджэт. Я вымушаны зьвярнуцца па народную дапамогу дзеля таго, каб выдаць сусьветныя бэстсэлеры. Выдавецтва павінна зарабляць за кошт продажу прыстойных накладаў, за кошт шырокай аўдыторыі незалежна ад геаграфіі знаходжаньня. Але, на жаль, даводзіцца ісьці на такія нестандартныя крокі», — тлумачыць выдавец.

У плянах — «Дон Кіхот»

Што да дамоўленасьцяў, цяпер добра дапамагае досьвед, тое, што выдавецтва ведаюць у сьвеце, у яго выдатнае партфоліё.

«Калі праваўладальнік чуе, што што мы выдавалі такіх выбітных аўтараў, як Роўлінг, Ісігуро ды іншых, ступень даверу да нас моцна павышаецца. Хоць бываюць выпадкі, калі нам адмаўляюць. Вялікая складанасьць у тым, што нам даводзіцца тлумачыць, чаму мы працуем на Беларусь, але з-за мяжы. Многія не разумеюць гэтай парадаксальнай сытуацыі. Сёньня ўлады Беларусі робяць усё магчымае, каб нашых кніг не было на тэрыторыі дзяржавы. Парадаксальная, прыкрая сытуацыя, якую трэба тлумачыць і пераконваць, што ў нас ёсьць дастатковая аўдыторыя па-за межамі Беларусі», — кажа выдавец.

Андрэй Янушкевіч мае амбітныя пляны што да ўсясьветных бэстсэлераў. Да прыкладу, марыць выпусьціць поўнае выданьне «Дон Кіхота» Сэрвантэса, каб пераклад быў з арыгіналу, а не з расейскай мовы.

«Усё пачынаецца зь людзей»

У кожнага беларускага выдаўца свае прыярытэты, мэтады адбору кніг для перакладу на беларускую мову. Дырэктарка Gutenberg Publisher Валянціна Андрэева кажа, што для яе звычайна не стаіць пытаньне выбару кнігі для перакладу.

Валянціна Андрэева

«Як правіла, спачатку ўзьнікае вострая патрэба ў гэтай канкрэтна кнізе, а пасьля шукаюцца магчымасьці. То бок усё пачынаецца ад людзей, якія ўжо ведаюць і любяць кнігу. Але ў рэдкіх выпадках здараецца і так, што ёсьць магчымасьць нешта выдаць — як з адкрытым конкурсам „Кніжнага магістрату“, зацікаўленага ў выхадзе топавага нон-фікшн па-беларуску. Тут давялося вывучаць рэйтынгі, перачытваць кнігі і рэцэнзіі, каб падабраць найлепшы варыянт. Як ні дзіўна, некаторыя кнігі зь першых радкоў рэйтынгаў зусім не падаліся вартымі такой папулярнасьці. А іншыя — наадварот», — дзеліцца сваім меркаваньнем спадарыня Валянціна.

У пошуках добрых перакладнікаў Gutenberg шчыльна супрацоўнічае зь «Перакладніцкай майстэрняй», якую арганізаваў Беларускі ПЭН. На думку Андрэевай, яны робяць вялікую важную працу: знаёмяць людзей, якія ўжо вырашылі для сябе, што хочуць стаць прафэсіяналамі, з прынцыпамі перакладу, вучаць іх.

«Вельмі важна, каб перакладнік не дадумваў за аўтара тэкст, не прапускаў фрагмэнты, якіх ня можа зразумець, і, вядома, выдатна валодаў мовай, на якую перакладае», — падкрэсьлівае яна.

Спадарыня Андрэева прызнаецца, што беларуская выдавецкая справа матэрыяльна нявыгадная для саміх выдаўцоў. Прынамсі, з часоў, калі яны вымушаныя былі эміграваць.

«Гэта ня значыць, што мы не атрымліваем зусім ніякіх грошай. Толькі тое, што ў гэтай сфэры амаль няма людзей, якія атрымліваюць поўны заробак адпаведна сваёй кваліфікацыі, маюць звычайны сацыяльны пакет або ўвогуле могуць разьлічваць на дывідэнды. Але беларускія выдаўцы выкручваюцца, працягваюць рабіць сваю справу. І ў такіх умовах тое, што робім мы ўсе разам, — сапраўдная фантастыка», — гаворыць Андрэева.

Валянціна ганарыцца практычна кожнай кніжкай, якая выйшла ў яе выдавецтве, нават калі яна небездакорная.

«Вядома, найболей цешысься кніжкамі, над якімі акурат працуеш. Калі гаварыць пра выданьні, ужо даступныя ў каталёгу, гэта „Дом, у якім…“ Марыям Пэтрасян і „Марсіянін“ Эндзі Ўіра.

Дарэчы, днямі прапанавала „Марсіяніна“ свайму 11-гадоваму сыну — не паверыце, чалавек прачынаўся і перадусім браўся за чытаньне ня сьнедаўшы (гэта няхай сабе) і нават не скарыстаўшы даступны час для гульні на пляншэце! Для мяне гэта найлепшая ацэнка», — прызнаецца суразмоўца.

«Кніга, напісаная па-расейску, адразу перакладаецца на беларускую»

Беларускае выдавецтва RozUM кніг замежных аўтараў пакуль не перакладае. Але ў яго прынцыповая пазыцыя: кніга, напісаная па-расейску, адразу перакладаецца на беларускую мову, запэўнівае кіраўнік выдавецтва Павал Лягчылаў.

«У нас усе аўтары — беларусы, але большая частка беларусаў вырасла ў расейскамоўным асяродзьдзі, і нават калі людзі ў размове пераходзяць на беларускую (напрыклад, у эміграцыі), то пісаць мастацкія тэксты, кнігу па-беларуску цяжка. Нават Аляксандар Фядута піша па-расейску, што ж тут зробіш…» — разважае выдавец.

Але нават калі твор напісаны па-расейску, то або сам аўтар намагаецца перакласьці яго на беларускую мову, або выдавецтва запрашае перакладніка, і часта выходзіць толькі беларускі варыянт. То бок расейскі нават не ідзе ў друк.

Павал Лягчылаў

«Першыя кніжкі выходзілі па-беларуску літаральна праз 3–4 тыдні, бо пачыналі працу над беларускім тэкстам адразу, як была гатовая чыставая рэдактура першапачатковага рукапісу. Кніга Пятра Ўманскага „Раз, два, тры, чатыры, два“ выйшла адразу і па-расейску, і па-беларуску; „Па-за межамі мроі“ Аляксея Носава — па-беларуску і па-расейску; „Я/Мы эміграцыя“ — па-беларуску, па-расейску і па-польску. „Крыптаствалы“, „Як я правёў гэта лета“ — усё гэта выходзіла амаль адначасова на дзьвюх мовах.

Цяпер у нас пайшлі адразу беларускія кніжкі, і я вельмі гэтым задаволены. На расейскай мове кніжак выдаецца ўсё менш», — кажа Павал Лягчылаў.

На думку выдаўца, пераклад — адзін з найдаражэйшых складнікаў, калі ідзецца пра пераклад з эўрапейскіх моваў (польскай, ангельскай, нямецкай). А пераклад з расейскай на беларускую ня вельмі дорага каштуе.

«Мы ж не перакладаем сусьветныя шэдэўры або вельмі вядомыя творы. Мы робім пераклады сучасных аўтараў. Часам гэта дэбютанты. Таму эканамічнай выгады тут увогуле не атрымліваецца, хутчэй, гэта ўнёсак у культуру, прычым на будучыню. Каб кніжка акупілася, павінен быць даволі вялікі наклад. Вельмі вялікіх накладаў ніхто зь беларускіх выдаўцоў ня робіць, бо ёсьць вялікая рызыка, што яны не разыдуцца», — канстатуе Павал Лягчылаў.

На яго думку, беларускія выдавецтвы ў эміграцыі павінны займацца той літаратурай, якую цяпер у Беларусі выдаць немагчыма.

«На гэтым трэба канцэнтраваццца, каб літаратурны пласт быў поўны, а не цэнзураваны. Найперш нам трэба напоўніць рынак кнігамі, якіх шмат часу бракавала. І каб былі кнігі на беларускай мове для ўсіх чытачоў: і дзіцячыя, і забаўляльная літаратура, і фантастыка. Трэба, каб палічкі зь беларускай літаратурай былі разнастайныя, а ня толькі з дэпрэсіўнымі кнігамі ці з палітычнай публіцыстыкай», — перакананы Лягчылаў.