«Вяртаем 10 нашых воінаў — празь Беларусь. Вайскоўцаў Узброеных сіл і Нацыянальнай гвардыі. Абаранялі краіну на данецкім кірунку. Усіх іх лічылі бязь вестак зьніклымі. І гэта вельмі важна, што нам удалося іх вярнуць», — заявіў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны не паведаміў, ці перадаваў украінскі бок Расеі яе палонных.
Расейскія афіцыйныя рэсурсы ўвогуле не паведамляюць аб абмене.
Як у Расеі, так і ва Ўкраіне ў палоне ўтрымліваюцца грамадзяне Беларусі.
Што вядома пра палонных беларусаў
Сёлета ў ліпені ў Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны назвалі колькасьць грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі і трапілі ва ўкраінскі палон.
«На ліпень 2026 году ў месцах утрыманьня ваеннапалонных ва Ўкраіне знаходзяцца 22 грамадзяніна Беларусі. Пачынаючы з 2022 году, сямёх беларусаў, якія мелі таксама і расейскае грамадзянства, абмянялі на грамадзян Украіны, якія знаходзіліся ў расейскім палоне», — паведаміў кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу Багдан Ахрыменка ў адказе на афіцыйны запыт Свабоды.
Пакуль што вядомыя імёны 19 з 22 палонных грамадзян Беларусі. Сама меней 7 беларусаў, якія ваявалі на баку Расеі зьніклі бязь вестак.
У расейскім палоне, імаверна, могуць быць сама меней два грамадзяніна Беларусі, якія ваявалі на баку Ўкраіны.
Чаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.