На сайце Міністэрства сельскай гаспадаркі Афганістану, кіраўнік якога ачольваў дэлегацыю, адзначылі, што галоўная мэта візыту — умовы эканамічнай і прамысловай супрацы, а таксама залучэньне беларускіх інвэстыцыяў у стварэньне прадпрыемстваў у Афганістане.
Першая сустрэча — у Міністэрстве прамысловасьці Беларусі
У Міністэрстве прамысловасьці Беларусі дэлегацыю талібаў прымаў намесьнік міністра Дзяніс Бакей.
«На сустрэчы бакі абмеркавалі пытаньні стварэньня і разьвіцьця прамысловых заводаў у Афганістане, вытворчасьці і зборкі сельскагаспадарчай і прамысловай тэхнікі, стварэньне прадпрыемстваў для вытворчасьці ўпакаваньня, а таксама разьвіцьця і пашырэньня гандлю паміж дзьвюма краінамі», — паведамілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі Афганістану.
Апроч таго, гаворка была аб «залучэньні ў Афганістан беларускіх інвэстараў, забесьпячэньні спрыяльных умоваў для інвэстыцыяў, ліквідацыі праблемаў і перашкодаў для разьвіцьця гандлю паміж дзьвюма краінамі».
Паводле афганскага боку, Дзяніс Бакей выказаў гатоўнасьць пашыраць супрацу ў сфэры прамысловасьці і гандлю.
БелАЗ дэлегацыя наведала 20 жніўня
Якія заводы прымалі дэлегацыю талібаў
Іншаземныя дэлегацыі традыцыйна наведваюць вядучыя прадпрыемствы машынабудаваньня і сельскай гаспадаркі Беларусі. Так было і гэтым разам. Дэлегацыя талібаў азнаёмілася з сама меней двума машынабудаўнічымі заводамі — Менскім трактарным (МТЗ) і Беларускім аўтамабільным (БелАЗ).
На Менскім трактарным заводзе талібы прайшлі па цэхах вытворчасьці сельскагаспадарчай тэхнікі. Іх суправаджаў намесьнік выканаўчага дырэктара, які расказаў аб гісторыі прадпрыемства і яго вытворчых магутнасьцях. Як вынікае з паведамленьня афганскага боку, намесьнік дырэктара МТЗ, як і намесьнік міністра прамысловасьці Беларусі, таксама «выказаў гатоўнасьць пашырыць супрацу з Афганістанам і запэўніў у экспарце трактароў і сельскагаспадарчай тэхнікі».
Талібы наведваюць Менскі трактарны завод, 19 жніўня 2026 году
У паведамленьні Міністэрства сельскай гаспадаркі Афганістану не ўдакладняецца, хто ад кіраўніцтва Беларускага аўтамабільнага заводу суправаджаў дэлегацыю. На БелАЗе талібам таксама паказалі вытворчасьць і тэхніку — самазвалы, экскаватары, каткі, іншую цяжкую тэхніку, якую магчыма выкарыстоўваць у горназдабыўной прамысловасьці ў Афганістане.
«Падчас візыту абмеркаваныя кірункі супрацы паміж Афганістанам і Беларусьсю ў сэктары цяжкага машынабудаваньня, абмен досьведам і тэхнічная супраца. Бакі выказалі гатоўнасьць пашырыць узаемадзеяньне ў гэтай галіне», — адзначылі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі Афганістану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Урадавая дэлегацыя з Кабула накіравалася ў Беларусь. Турарбекава патлумачыла, чаму Аўганістан застаецца «могілкамі правоў чалавека»Што цікавала талібаў у сельскай гаспадарцы
Дэлегацыя наведала некалькі буйных дзяржаўных і прыватных кампаніяў і заводаў у сэктарах перапрацоўкі збожжа, вытворчасьці хімічных рэчываў, прадуктаў харчаваньня, у тым ліку малочнай прадукцыі, цукру, мяса і кармоў для жывёлы.
Сярод прадпрыемстваў, якімі зацікавіліся талібы, — Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя, Слуцкі сыраробны камбінат і цукровы завод.
Талібы ў Беларускай нацыянальнай біятэхналягічнай карпарацыі, жнівень 2026 году
На афіцыйных сайтах прадпрыемстваў і кампаніяў, якія наведала дэлегацыя з Афганістану, няма ніводнага паведамленьня аб гэтых сустрэчах. Толькі слуцкая раённая газэта «Слуцкі край» на сваіх сайце, Telegram-канале, у Instagram i Threads 21 жніўня паведаміла аб візытах «замежных партнэраў» на шэраг прадпрыемстваў, але потым гэтыя паведамленьні выдалілі з усіх плятформаў. Сярод агульнадзяржаўных СМІ публікацыя аб сустрэчах з дэлегацыяй талібаў была толькі ў выданьні sb.by.
На сайце Міністэрства сельскай гаспадаркі Афганістану абмежаваліся інфармацыяй аб чатырох канкрэтных прадпрыемствах, а іншыя ахарактарызавалі толькі сфэрай іх дзейнасьці — перапрацоўка мяса, вытворчасьць вэтэрынарных прэпаратаў. Сярод папярэдніх дамоўленасьцяў, апроч гатоўнасьці разьвіваць гандаль, назвалі абмен досьведам, а таксама падрыхтоўку спэцыялістаў у сфэры вытворчасьці сельгаспрадукцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як талібы і хунта выкарыстоўваюць ЛукашэнкуШто папярэднічала
18 жніўня Міністэрства сельскай гаспадаркі, ірыгацыі і жывёлагадоўлі Афганістану паведаміла аб візыце ў Менск дэлегацыі ўраду Афганістану, якім з 2021 году кіруе ісламісцкі рух Талібан. У яе складзе было 13 чалавек. Як паведамілі, яны на запрашэньне афіцыйнага Менску плянавалі ўзяць удзел у другім паседжаньні сумеснай камісіі эканамічнай і гандлёвай супрацы паміж Афганістанам і Беларусьсю. Аднак беларускі бок аб гэтым не паведамляў.
Дэлегацыю ўзначаліў міністар сельскай гаспадаркі, ірыгацыі і жывёлагадоўлі Маўлаві Атаўла Амары. У яе склад таксама ўвайшлі намесьнік міністра прамысловасьці і гандлю, прадстаўнікі міністэрстваў сельскай гаспадаркі, ірыгацыі і жывёлагадоўлі, транспарту і цывільнай авіяцыі, фінансаў, замежных справаў і гандлю, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных кампаніяў і намесьнік у пытаньнях эканомікі адміністрацыі прэм’ер-міністра.
Дэлегацыя талібаў у Міністэрстве прамысловасьці Беларусі, 19 жніўня 2026
Талібан імкнецца вярнуцца на міжнародную арэну, завязвае кантакты з эўрапейскімі краінамі, у тым ліку зь Беларусьсю, застаючыся пры гэтым адным з самых рэпрэсіўных рэжымаў сьвету.
Падобны візыт талібаў раней выклікаў скандал у Малдове
Тры прадстаўнікі ўраду Талібану наведалі Малдову, атрымаўшы яе візы. Іх візыт выклікаў абурэньне і палітычны скандал. Як паведаміла Малдоўская служба Радыё Свабода 5 жніўня, апанэнты ўладаў заявілі, што ісламісцкая групоўка, якая захапіла ўладу ў 2021 годзе пасьля вываду міжнароднай групы войскаў з Афганістану, спрабуе выкарыстаць паездку для павышэньня свайго міжнароднага іміджу і легітымнасьці.
Урад Талібану лічыцца адным з самых рэпрэсіўных рэжымаў у сьвеце. Міжнародная супольнасьць занесла лідэраў групоўкі ў чорны сьпіс і адрэзала ад глябальнай фінансавай сыстэмы.
Улады Малдовы патлумачылі візыт патрэбай клапаціцца аб эканамічных інтарэсах сваіх вытворцаў.
Васіле Шарбан, прадстаўнік міністэрства сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасьці Малдовы, сказаў, што калі вытворцы кажуць, што ім няма куды прадаваць сваю прадукцыю, дзяржава павінна дапамагчы ім знайсьці рынкі збыту.
Ва ўрадзе Малдовы заявілі пры гэтым, што візытанты «ня ёсьць абʼектам міжнародных санкцыяў» і што «Рэспубліка Малдова строга выконвае міжнародныя санкцыйныя рэжымы і не прызнае ўрад талібаў у Афганістане».
Апошнім часам урад талібаў імкнецца выйсьці з міжнароднай ізаляцыі. Талібы запрашаюць вярнуцца ў Афганістан і ЗША.
«Афганістан прапанаваў ЗША вярнуць дыпляматычную прысутнасьць у Кабуле, а таксама інвэставаць у распрацоўку радовішчаў мінэралаў, у дамбы і дарогі». Пра гэта ў інтэрвію The New York Times заявіў міністар замежных спраў краіны Амір Хан Мутакі. Ён падкрэсьліў, што размова ідзе толькі аб цывільнай прысутнасьці, без вайскоўцаў.