Цыклён «Прыска» прынёс у Беларусь моцны шквалісты вецер — да 27 мэтраў за сэкунду. Мэтэаролягі абвясьцілі аранжавы і чырвоны ўзровень небясьпекі.
Як паведамілі ў канцэрне «Белэнэрга», асноўнай прычынай адключэньняў электраэнэргіі сталі абрывы правадоў, выкліканыя падзеньнем дрэў.
«Работы значна ўскладняюць мноства дрэў і галін, што ўпалі на лініі электраперадач», — адзначылі энэргетыкі.
Згодна з інфармацыяй Белгідрамэта, 23 жніўня моцны вецер прагназуюць і на поўначы Беларусі — парывамі 15-20 мэтраў за сэкунду, а ўначы ў асобных раёнах Віцебскай вобласьці — 21-24 мэтры за сэкунду.
У Міністэрстве ў надзвычайных сытуацыях Беларусі рэкамэндуюць грамадзянам абыходзіць слаба прымацаваныя канструкцыі і будынкі з няўстойлівым дахам, прыбраць рэчы з двароў і бальконаў, а аўтамабілі перамясьціць у гаражы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Непагадзь у Гомлі — паваленыя дрэвы, пашкоджаныя лініі электраперадачыШто папярэднічала і чаму гэта важна
Цыклён «Прыска» (Priska) — актыўны штармавы атмасфэрны віхур, які 22 жніўня 2026 году абрынуўся на Беларусь і краіны Балтыі. Ён суправаджаецца разбуральным шквалістым ветрам, навальніцамі і рэзкімі тэмпэратурнымі зьменамі.
Цыклён вельмі хутка ўзмацніўся праз рэзкае сутыкненьне палярных і трапічных паветраных мас над Міжземнамор’ем.
У той час, як на паўднёвым усходзе Беларусі фіксавалі экстрэмальную трапічную сьпякоту да +35–36 °C, праходжаньне халоднага фронту з захаду імгненна абрынула тэмпэратуру і выклікала навальніцы і залевы.
Сёлета ў Эўропе фіксавалі анамальную сьпёку — адну з самых моцных за ўсю гісторыю назіраньняў. Такія хвалі цяпла амаль немагчымыя без уплыву кліматычных зьменаў, выкліканых выкідамі парніковых газаў.