Ратаўнікі Гомельскага гарадзкога аддзелу надзвычайных сытуацый атрымалі ўжо шэсьць паведамленьняў пра паваленыя дрэвы. Па вобласьці ідуць моцныя навальніцы, паведамляе тэлерадыёкампанія «Гомель».
Вядома пра паваленыя дрэвы на вуліцах Герояў Чангарскай дывізіі, Восіпава, Нікольскай, Гаспадарчай, Фадзеева і праспэкце Перамогі. На першай зь іх дрэва пры падзеньні пашкодзіла лініі электраперадачы.
Пазьней стала вядома пра яшчэ адно дрэва, на вуліцы Цялегіна. Яно ўпала на дарогу і выклікала вялікія спазьненьні ў руху грамадзкага транспарту.
У раёне Сяльмаш спыняўся рух тралейбусаў — празь непагадзь на тралейбусных маршрутах сарвала кантактную лінію.
На вуліцы Лепяшынскага падземныя рэзэрвуары ня справіліся з прыходам вады, і вуліцу затапіла.
Таксама паведамленьні пра моцныя залевы і навальнцы прыходзяць з іншага гораду Гомельскай вобласьці — Жлобіна. Таксама там і ў іншых мясцовасьцях Гомельшчыны выпаў буйны град.
Навальніцы накрываюць гарады Гомельшчыны на тле рэкорднай гарачыні. 6 жніўня ў Мазыры зафіксавалі найвышэйшую тэмпэратуру паветра ў жніўні за ўвесь час назіраньняў — 39,6 градусаў.
Тэмпэратурны рэкорд за ўвесь час пакуль захаваўся — 40,4 градуса ў Пінску.
За гэтае лета беларускія мэтэаролягі неаднаразова абвяшчалі аранжавы і нават чырвоны роўні небясьпекі праз навальніцы і велізарную сьпёку.
Вялікая сьпякота ў Беларусі
1 жніўня тэмпэратура паветра ў Беларусі перавысіла паказьнік 90-гадовай даўніны. У Берасьці паветра прагрэлася да 35,6 градуса. Ранейшы экстрэмум быў зафіксаваны 1 жніўня 1936 года ў Васілевічах — 35,2 градуса.
У той жа дзень стала вядома, што за 47 гадзін Белгідрамэт выпусьціў тры «чырвоныя» штармавыя папярэджаньні аб сьпякоце.
Навальніцы, месцамі моцныя залевы, шквалістае ўзмацненьне ветру прагназавалася сыноптыкамі ў пачатку жніўня.
Дасьледнікі адзначаюць, што сёлетняя сьпёка — адна з самых моцных і пашыраных за ўсю гісторыю назіраньняў. Паводле іх аналізу, падобныя хвалі цяпла амаль немагчымыя без уплыву кліматычных зьменаў, выкліканых выкідамі парніковых газаў.
Форум