У «Сьпіс экстрэмістаў» дадалі музыку Сяргея Міхалка
21 жніўня МУС зрабіла абнаўленьне свайго «Сьпісу экстрэмістаў». Цяпер у ім 6824 чалавекі, піша «Вясна».
У сьпіс дадалі Ўладзімера Юркевіча, Алену Таленец, Сяргея Міхалка, Глеба Герасімовіча і Аляксандра Мількамановіча.
4 жніўня Менскі гарадзкі суд завочна прысудзіў Міхалку чатыры гады папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Хто такі Сяргей Міхалок
Сяргей Міхалок, беларускі сьпявак, аўтар музыкі і тэкстаў, актор, заснавальнік папулярных гуртоў «Ляпіс Трубяцкі» і Brutto. Нарадзіўся ў 1972 годзе.
Ягоны гурт «Ляпіс Трубяцкі» прайшоў шлях ад поп-року да жорсткага сацыяльнага панк-року.
У 2014 годзе, пасьля распаду «Ляпісу», ён стварыў панк-рок-гурт Brutto.
Міхалок актыўна выступаў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі, падтрымаў пратэсты 2020 году.
Праз палітычную пазыцыю Міхалка ён і ягоны гурт былі ўнесеныя ў так званы «чорны сьпіс» у Беларусі, яго канцэрты былі забароненыя.
Сяргей шмат гадоў жыў і працаваў ва Ўкраіне, у 2015 годзе ён атрымаў від на жыхарства ва Ўкраіне, а праз пяць гадоў стаў заслужаным артыстам Украіны.
Гурт «Ляпіс Трубяцкі» быў адноўлены ў 2022 годзе, пасьля пачатку паўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, каб дапамагчы Ўкраіне.
Музыка актыўна падтрымліваў Рэвалюцыю годнасьці ва Ўкраіне 2014 году, ягоная песьня «Воіны сьвятла» стала адным з гімнаў Эўрамайдану. Упершыню песьня прагучала ў 2014 годзе. Яе напісалі па-расейску. Беларуская вэрсія зьявілася ў 2020 годзе, украінская — у 2022-м.
У сьпіс «тэрарыстаў» КДБ дадаў яшчэ дваіх
Мацьвей Баранаў, якога затрымалі ў верасьні 2025 году і асудзілі на 5 з паловай гадоў пазбаўленьня волі за «дыскрэдытацыю ўлады», «абразу» і «паклёп» на Лукашэнку, а таксама «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні».
Максім Дзямчук, якога асудзілі за ўдзел у «масавых беспарадках». Дакладны прысуд праваабаронцам невядомы.
Цяпер у «тэрарыстычным сьпісе» 1477 чалавек, зь іх 723 — беларусы, піша «Вясна».
У сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» унесьлі каталіцкі часопіс з Польшчы
Суд Ленінскага раёну ў Горадні пастанавіў лічыць экстрэмісцкімі матэрыяламі рэсурсы польскага штотыднёвага рэлігійнага часопіса Gość Niedzielny («Нядзельны госьць»), які выдаецца з 1923 году: сайт, Facebook, Instagram, YouTube.
У нядаўнім часе на ягоных старонках выйшла некалькі матэрыялаў, зьвязаных зь Беларусьсью:
- інтэрвію з Алесем Бяляцкім «Падзеньне Лукашэнкі — гэта пытаньне часу»;
- інтэрвію з Анджэем Пачобутам «Я ведаў, што ёсьць яшчэ справядлівы Пан Бог, які ўсё бачыць»;
- артыкул «Лукашэнка гуляе на выжываньне. Паміж ціскам Крамля і ўльтыматумам Кіева»,
- а таксама матэрыялы, прысьвечаныя выгнаньню польскіх ксяндзоў зь Беларусі і інш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Беларусізацыя» Касьцёла. Чаму з пачатку года з краіны выслалі каля 20 польскіх ксяндзоўТаксама ў «экстрэмісцкі сьпіс» унесьлі некалькі ботаў:
- Ананімны зварот да адмінаў чату :) (Telegram)
- Бот дыяспары ў Кракаве (Telegram)
- Говорит Витебск (Telegram)
- ГУЛАГ (бот) (Telegram)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 20 жніўня: пачатак завочнага суду супраць 5 «каліноўцаў»; выдавецтва «Тэхналёгія» прызналі «экстрэмісцкім»Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 19 жніўня: палітзьняволенага ўкраінца будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаваньне» ў турмеЯк рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ.
Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».