Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 19 жніўня: палітзьняволенага ўкраінца будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаваньне» ў турме

Справу ўкраінца будзе разглядаць суд Ленінскага раёна г. Магілёва. Ілюстрацыйнае фота
Справу ўкраінца будзе разглядаць суд Ленінскага раёна г. Магілёва. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што супраць 33-гадовага палітзьняволенага грамадзяніна Украіны Паўла Кабарчука, асуджанага на 20 гадоў зьняволеньня, у магілёўскай турме № 4 завялі новую крымінальную справу.

Паводле праваабаронцаў, цяпер яго будуць судзіць паводле ч. 2 артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу — «злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі турмы».

Справу Паўла будзе разглядаць суд Ленінскага раёна г. Магілёва. Палітвязьню пагражае яшчэ да двух гадоў зьняволеньня.

Сына і бацьку з Украіны Паўла і Сяргея Кабарчукоў затрымалі ў лютым 2024 году. Тады ў Лельчыцкім раёне быў аб’яўлены рэжым «контртэрарыстычнай апэрацыі». Пазьней КДБ заявіў аб затрыманьні «тэрарыстаў». На апублікаваных прапагандыстамі здымках Павел выглядаў зьбітым. Вядома, што ў СІЗА КДБ затрыманых даставіў верталёт. Пазьней іх асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу як «дывэрсантаў СБУ» да 20 гадоў няволі. Іх тэрміны мусяць скончыцца толькі ў 2043 годзе. У СІЗА 63-гадоваму Сяргею Кабарчуку дыягнаставалі анкалёгію. Ён адбывае свой тэрмін у шклоўскай калёніі № 17.

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG