Ва ўрадзе прызналі імклівы рост цэн на тавары, якія дзяржава перастала рэгуляваць

Крама ў Беларусі. Архіўнае фота

Урад Беларусі адступае ад заяўленых раней захадаў у барацьбе з інфляцыяй.

Намесьнік міністра гандлю і антыманапольнага рэгуляваньня Алег Дзікун прызнаў, што пасьля таго як урад «адпусьціў» цэны на шэраг тавараў, яны пачалі імкліва расьці.

У інтэрвію дзяржаўнаму выданьню «Рэспубліка», Алег Дзікун заклікаў гандаль і пасярэднікаў не падвышаць цэны на тавары, якія былі выведзеныя з-пад дзяржаўнага рэгуляваньня.

«Бо ёсьць выпадкі, калі на фоне павышэньня надбавак цана вырастае на роўным месцы. Напрыклад, павараная харчовая соль ужо больш за сем месяцаў за рамкамі пастановы Саўміна № 713 „Аб сыстэме рэгуляваньня цэнаў“. І з пачатку года яна падаражэла на 13,9 працэнта — найперш за кошт павелічэньня гандлёвых надбавак і надбавак імпарцёраў. Рэкамэндуем гандлю прымяняць надбаўкі на адчувальныя для насельніцтва тавары, якія пайшлі з рэгуляваньня, не вышэйшыя за тыя, што былі ўстаноўлены пры рэгуляваньні», — заявіў Дзікун.

У кастрычніку 2022, у сьпіс рэгуляваных уваходзілі больш за 200 пазыцый. З цягам часу сьпіс тавараў, цэны на якія рэгулююцца, зьмяншаўся.

Пасьля апошняй карэкціроўкі ў ліпені гэтага года ў сьпісе засталося 76 пазыцый — асноўныя прадукты харчаваньня і адзеньне і абутак для самых маленькіх дзяцей.

Практычна цалкам выключана нехарчовая група, а зь нехарчовых тавараў засталіся толькі тавары сацыяльнай патрэбы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі значна скарацілі сьпіс тавараў, цэны на якія рэгулюе дзяржава

Як паведаміў тады ўрад, з цэнавага рэгуляваньня выключылі малако, кефір, сьмятану ў шкляной тары, карамэль, жавальную гумку, экзатычныя цытрусавыя плады й іншае. Зьменены памер гранічных надбавак на асобныя імпартныя і айчынныя тавары (малако, кефір, сьмятана, гарбата чорная і зялёная).

Чаму гэта важна

Паколькі са сьпісу рэгуляваных у ліпені выведзеная значная частка тавараў, асабліва прамысловых, гэта можа стаць дадатковым стымулам для інфляцыі.

Фактычна ўрад Беларусі адступае ад заяўленых раней захадаў у барацьбе з інфляцыяй. Звужэньне рэгуляваньня цэн азначае, што ўрад упэўнены ў тым, што інфляцыя не дасягне заяўленага паказьніку ў 7%.

Гэта сьведчыць таксама, што ўрад ня бачыць магчымасьці рэгуляваць цэны ва ўмовах імпарту інфляцыі з Расеі. Там праз украінскія атакі на НПЗ рэзка падаражэў бэнзін, а за ім вырасьлі і лягістычныя выдаткі.

У гэтай сытуацыі цэны на расейскія тавары, якія ўжо занялі значную частку беларускага спажывецкага рынку, будуць расьці, і абмежаваць іх — гэта значыць стварыць пэўны дэфіцыт на паліцах беларускіх крамаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Белстаце паведамілі, як у ліпені зьмяніліся цэны на спажывецкім рынку

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Урад агучыў эканамічныя пляны на 2027 год: рост даходаў насельніцтва запаволіцца