Чалавек, які ўвасабляў беларускую дэмакратычную супольнасьць. Памяці Аляксандра Мілінкевіча

Аляксандар Мілінкевіч на мітынгу ў Менску, 2 сакавіка 2006

Сьцісла

  • Мілінкевіч стаў адзіным кандыдатам дэмакратычных сіл на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Тая выбарчая кампанія стала кульмінацыяй, зорным часам яго палітычнай дзейнасьці.
  • Кампанія 2006 году патрабавала такой постаці: разважлівай, талерантнай, аб’ядноўваючай. Мілінкевіч выявіўся палітыкам, здольным гуртаваць розныя палітычныя структуры, людзей.
  • Даволі працяглы час дэмакратычная трансфармацыя беларускага грамадзтва атаясамлялася з вобразам, палітычным тварам Мілінкевіча.
  • І для Захаду шмат гадоў беларуская дэмакратыя асацыявалася з постацьцю Мілінкевіча.
Сыход з жыцьця Аляксандра Мілінкевіча ў пэўным сэнсе сымбалізуе канец эпохі, калі беларуская апазыцыя магла дзейнічаць легальна.

Аляксандра Мілінкевіча, які памёр 11 жніўня на 80-м годзе жыцьця, пахаваюць 22 жніўня на варшаўскіх могілках «Павонзкі», разьвітаньне зь ім пачнецца ў 10.00 у Варшаўскім архікатэдральным саборы Сьвятога Яна Хрысьціцеля.

Сымбаль эпохі

Любую гістарычную эпоху ўвасабляюць знакамітыя постаці. Гэта могуць быць палітыкі, грамадзкія дзеячы, рэлігійныя прапаведнікі, выбітныя культурныя асобы. Такія людзі — гэта своеасаблівыя вехі, зь якімі атаясамляецца пэўны гістарычны пэрыяд. Можна нават сказаць, што эпохі заканчваецца, калі сыходзяць яе найбольш знакавыя постаці.

Сыход з жыцьця Аляксандра Мілінкевіча ў пэўным сэнсе сымбалізуе канец цэлай эпохі, калі беларуская апазыцыя магла дзейнічаць легальна. Ён быў сымбалічным люстэркам дэмакратычнай супольнасьці, яе вобразам, увасабляў як гонар і годнасьць, так і ейныя недахопы.

Безумоўна, у апазыцыі былі і ёсьць розныя плыні, кірункі. Напрыклад, Мікола Статкевіч — лідэр і яскравы прадстаўнік рэвалюцыйна-радыкальнага крыла.

Наадварот, Мілінкевіч увасабляў плынь, якая была арыентаваная на нерэвалюцыйнасьць, паступовасьць, ён паўставаў у вобразе талерантнага, памяркоўнага палітыка.

Магчыма, невыпадкова менавіта ён стаў адзіным кандыдатам дэмакратычных сіл на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Тая выбарчая кампанія стала кульмінацыяй палітычнай дзейнасьці, зорным часам Мілінкевіча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мілінкевіч на Свабодзе: пра ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, урокі 2020 году і адпачынак у Беларусі

Адзіны кандыдат

Аб’ектыўныя перадумовы для апазыцыі ў той час былі неспрыяльнымі. У 2006 годзе, дзякуючы нафтадалярам, створаная Аляксандрам Лукашэнкам сацыяльная мадэль была ў стане росквіту, рэжым — на піку магутнасьці і падтрымкі грамадзтва. Рэйтынг Лукашэнкі быў самы высокі за ўсе прэзыдэнцкія кампаніі. У такой сытуацыі любая альтэрнатыва, найперш эканамічная, не ўспрымалася насельніцтвам. Не выпадкова, галоўнай ідэяй кампаніі Мілінкевіча была ідэя свабоды. Нічога іншага апазыцыя прапанаваць не магла.

Думка пра неабходнасьць вылучэньня адзінага кандыдата падчас прэзыдэнцкіх выбараў была культавай у апазыцыі. Гэтая праблема паўставала перад кожнай кампаніяй. У 2001 і 2020 гадах адзіны кандыдат зьявіўся на фінішы. У першым выпадку гэта быў Уладзімер Ганчарык, у другім — Сьвятлана Ціханоўская.

Аляксандар Мілінкевіч (1947-2026). Жыцьцё ў фота

Адрозьненьне выбараў 2006 году было ў тым, што першы і апошні раз за ўсю гісторыю адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў зьявіўся на старце кампаніі, а не на фінішы. І ім стаў Аляксандр Мілінкевіч. Быў, праўда, яшчэ адзін кандыдат, які жорстка выступаў супраць Лукашэнкі — Аляксандр Казулін. Але амаль увесь дэмакратычны электарат арыентаваўся на Мілінкевіча.

Паводле заканадаўства прэзыдэнцкія выбары мусілі адбыцца ў ліпені 2006 году. Лукашэнка зьняважліва казаў, што апазыцыя ўсё роўна ня зможа дамовіцца, ейныя лідэры перасварацца.

Аднак адбылося па-іншаму. На Кангрэсе дэмакратычных сілаў, што прайшоў у кастрычніку 2005 году, Аляксандр Мілінкевіч быў выбраны адзіным кандыдатам. Тая прэзыдэнцкая кампанія паказала магчымасьць аб’яднаньня ўсёй апазыцыі: і правай, і левай. І ня важна, што ня ўсе партыйныя структуры актыўна ўдзельнічалі ў кампаніі. Больш важна, што адбылося абʼяднаньне электарату.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Аляксандар Мілінкевіч: палітык, які мог зьмяніць Беларусь. Спэцвыпуск «ПіКа Свабоды»

Сымбаль перамен

Роля самога Мілінкевіча ў фармаваньні вялікай кааліцыі была важнай. Той гістарычны момант патрабаваў такой постаці: разважлівай, талерантнай, аб’ядноўваючай. Аляксандр выявіўся палітыкам, здольным гуртаваць розныя палітычныя структуры, людзей.

Адразу пасьля абраньня адзіным кандыдатам Мілінкевіч пачаў езьдзіць па краіне, сустракацца зь людзьмі. Ягоны рэйтынг стаў паступова расьці. І ў Лукашэнкі, які да таго часу паводзіў сябе ўпэўнена і ганарліва, ня вытрымалі нэрвы. Ён спужаўся і прызначыў датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары, перанёс іх зь ліпеня на 19 сакавіка 2006 году. То бок на чатыры месяцы раней тэрміну, прадугледжанага заканадаўствам. І ўсё дзеля таго, каб апанэнты ня мелі часу «раскруціцца».

Тая кампанія паказала, што лідэру, кандыдату ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў не абавязкова валодаць вялікай асабістай харызмай. Добра, каб ён меў біяграфію, сурʼёзны досьвед кіраваньня (Мілінкевіч раней працаваў намесьнікам старшыні Горадзенскага гарсавету), падыходзіў на ролю сымбаля пераменаў. У выніку пэўны і даволі працяглы час дэмакратычная трансфармацыя беларускага грамадзтва атаясамлялася з вобразам, палітычным тварам Мілінкевіча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Яго называлі „Шэфе“». Гарадзенцы ўспамінаюць, якім чалавекам быў Аляксандар Мілінкевіч

Адказнасьць палітыка

У гэтай кампаніі выявілася яшчэ адна важная рыса Мілінкевіча — адказнасьць. Пасьля тых выбараў у апазыцыйным асяродзьдзі было шмат папрокаў на адрас Мілінкевіча. Маўляў, дзейнічаў нерашуча, нікуды не павёў народ, у выніку пратэст вялікай колькасьці людзей, якія выйшлі на Плошчу, быў расьцярушаны ўпустую. І нават брутальны разгон шэсьця на чале з Казуліным 25 сакавіка не паўплываў на гэтыя ацэнкі.

Таму падчас наступных прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году агульным лейтматывам сярод кіраўнікоў апазыцыі, кандыдатаў у прэзыдэнты была такая выснова: трэба дзейнічаць рашуча, ня так, як Мілінкевіч пяць гадоў таму. Рашучасьць выявілася ў тым, што вынікам шэсьця ў Менску 19 сьнежня таго году былі зламаныя дзьверы ў Доме ўраду. Рэжым выкарыстаў гэты эпізод як падставу для жорсткага разгрому апазыцыі. Тады ўпершыню ў Беларусі зьявіліся дзясяткі палітвязьняў.

Тыя падзеі нанесьлі цяжкую траўму дэмакратычным сілам і ўскосна, умоўна кажучы, заднім лікам апраўдалі Мілінкевіча за так званую «нерашучасьць» 2006 году. Нагадаю, што наступная прэзыдэнцкая выбарчая кампаній 2015 году прайшла ўвогуле без вулічных акцый апазыцыі.

Палітычная адказнасьць Мілінкевіча грунтавалася на адэкватнай ацэнцы сытуацыі. Актыўная меншасьць, нават сьмелая і рашучая, ня можа перамагчы жорсткі аўтарытарны рэжым. Важная абавязковая перадумова посьпеху праціўнікаў рэжыму — заваёва апазыцыяй большасьці на выбарах. Гэта адбылося ў 2020 годзе. Але выявілася, што і гэтага недастаткова для перамогі. А ў 2006-м і таго не было. Псыхалягічнае адчуваньне, што мы ў меншасьці, скоўвае лідэраў і ўсіх удзельнікаў падзей. У такой сытуацыі Мілінкевіч лічыў сябе ня ў праве заклікаць сваіх прыхільнікаў штурмаваць «муры», каб не падстаўляць іх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Надзвычай моцны духам чалавек». Аляксандар Мілінкевіч адзначае 79-ы дзень народзінаў

Вобраз беларускай дэмакратыі для сьвету

Аляксандр Мілінкевіч — адзіны апазыцыйны палітык у найноўшай гісторыі Беларусі, які заўсёды, нават знаходзячыся на піку сваёй вядомасьці, перад важнымі падзеямі, рашэньнямі, знакавымі замежнымі візытамі, зьбіраў экспэртаў, каб параіцца. Бо разумеў меру сваёй адказнасьці.

Таксама посьпех апазыцыі немагчымы без спрыяльнага міжнароднага фону, замежнай падтрымкі. Пратэст 2006 году адбываўся пасьля пераможнай «Аранжавай рэвалюцыі» ва Ўкраіне. І на Захадзе тады былі вялікая надзеі наконт пэрспэктываў дэмакратычнай трансфармацыі на постсавецкай прасторы. Таму да 2020 году ніколі больш тагачаснага лідэра беларускай апазыцыі, якім быў Аляксандр Мілінкевіч, не прымалі на такім высокім узроўні ў эўрапейскіх сталіцах. Да таго ж ён прадстаўляў абʼяднаную апазыцыю, што для эўрапейскіх палітыкаў было вельмі важна. І для Эўропы беларуская дэмакратыя асацыявалася з постацьцю Мілінкевіча.

І апошняе. Для палітыка, як і спартоўца, важна своечасова сысьці, пакуль трыбуны не пачалі асьвістваць. Мілінкевіч сам пакінуў кіроўную пасаду ў апазыцыйным Руху «За Свабоду», саступіўшы месца маладым паплечнікам. Бо зразумеў вычарпанасьць сваёй місіі для беларускай апазыцыі. Годны сыход, апошняя кропка — важны элемэнт гістарычнага міту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сталі вядомыя дата і месца пахаваньня Аляксандра Мілінкевіча

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хто застанецца ў гісторыі Беларусі? Сабаленка, Мілінкевіч, Курс. Вынікі тыдня