Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Надзвычай моцны духам чалавек». Аляксандар Мілінкевіч адзначае 79-ы дзень народзінаў

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

Сёньня беларускаму палітыку і грамадзкаму дзеячу Аляксандру Мілінкевічу спаўняецца 79 гадоў. У апошнія месяцы ён аднаўляецца пасьля складанай апэрацыі.

Бацьку ледзь не расстралялі

Аляксандар Мілінкевіч вядомы ў краіне перадусім як адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. У апошнія гады — як дарадца Сьвятланы Ціханоўскай і кіраўнік «Вольнага беларускага ўнівэрсытэту». Аднак ён таксама аднаўляў стары горадзенскі гадзіньнік, захапляўся баскетболам і працаваў у Альжыры.

Аляксандар нарадзіўся ў Горадні пасьля вайны, у 1947 годзе. Ягоныя бацькі працавалі настаўнікамі: бацька Ўладзімер выкладаў геаграфію, маці Марыя — дамаводзтва. Яны на пачатку 1930-х паехалі ў Варшаву. Працавалі разам з выбітным польскім пэдагогам і пісьменьнікам Янушам Корчакам, расказваў раней Свабодзе Мілінкевіч.

У 1939 годзе, калі нарадзіўся першы сын, сям’я вярнулася на Горадзеншчыну. Бацьку, які ішоў на радзіму пешкі ў верасьні 1939 году, ледзь не расстраляла на посьце Чырвоная армія. Пакінулі ў жывых толькі таму, што той добра гаварыў па-расейску. А ягонага сябра на ягоных вачах забілі.

Аляксандар Мілінкевіч у дзяцінстве разам з бацькамі. 1954 год
Аляксандар Мілінкевіч у дзяцінстве разам з бацькамі. 1954 год

Бацькі Аляксандра валодалі некалькімі мовамі. Аднак па-беларуску размаўлялі толькі дома, па-за ім асьцерагаліся. Бацька палітыка 24 гады быў дырэктарам школы № 1 Горадні. Родны брат бацькі Аляксандра жыў блізка, у Беластоку. Аднак той наведаў яго ў Польшчы толькі ў часы позьняга Хрушчова, бо раней баяўся.

«Калі я быў маленькі, я ня мог зразумець, чаму завязаныя клункі стаялі каля ложку. Ужо і Сталіна не было. Вядома чаму. Бо ў Горадні большасьць інтэлігенцыі павывозілі невядома куды, і большасьць не вярнулася. Асабліва часта вывозілі былых службоўцаў, якія за польскім часам працавалі на пошце, настаўнікаў, дактароў», — прыгадваў раней Аляксандар Мілінкевіч.

Продкі падтрымалі паўстаньне Каліноўскага

Прапрадзед палітыка па кудзелі Юры Мілінкевіч і прадзед Казімер жылі ў засьценку Зубрава пад Шчучынам, на мяжы зь Літвой. Вяскоўцы падтрымалі паўстаньне Кастуся Каліноўскага, дастаўлялі правіянт аддзелам паўстанцаў у лясах. Продкі Мілінкевіча таксама «змагаліся за праўду, каб было па-людзку і па справядлівасьці».

Бабуля Аляксандра Мілінкевіча Хрысьціна з унукамі і праўнукамі. Аляксандар Мілінкевіч першы справа
Бабуля Аляксандра Мілінкевіча Хрысьціна з унукамі і праўнукамі. Аляксандар Мілінкевіч першы справа

Пасьля буйной бітвы на Сьвятым балоце паблізу Зубрава параненых паўстанцаў лячыла таксама прабабуля Мілінкевіча Марыя Сямёнаўна, якая была траўніцай. Усю вёску, якая падтрымала паўстаньне, выселілі, а маёмасьць людзей сканфіскавалі.

Пасьля высяленьня Мілінкевічы пераехалі жыць у суседнюю вёску Бершты і ў суседні засьценак Зубраўку. У хатах жылі па 15–20 чалавек.

Дзед палітыка, таксама Аляксандар Мілінкевіч, нарадзіўся ў Берштах. Удзельнічаў у руху Таварыства беларускай школы на Горадзеншчыне. У 1930-х гадах пабудаваў у вёсцы Ліпнікі каля Берштаў вялікі «гарадзкі» дом, дзе месьцілася пачатковая школа. Дзед трапіў у вязьніцу праз змаганьне за навучаньне па-беларуску.

Дзядуля Аляксандар Мілінкевіч з бабуляй Лідзіяй
Дзядуля Аляксандар Мілінкевіч з бабуляй Лідзіяй

«Я ўсё дзяцінства на канікулах там жыў. Гэта сапраўдны катэдж, з другім паверхам і вялізным бальконам», — успамінаў палітык.

Маці Аляксандра Марыя ў міжваенны час у Горадні атрымлівала ў прафэсійнай школе стыпэндыю як унучка паўстанца.

Жыў у Альжыры, аднаўляў стары гадзіньнік у Горадні

Аляксандар Мілінкевіч у юнацтве слухаў музыку на заходніх радыёстанцыях, глядзеў польскую тэлевізію, што, на ягоную думку, сфармавала ягоныя дэмакратычныя каштоўнасьці. Бацька Мілінкевіча патаемна слухаў «Голас Амэрыкі», Радыё Свабода, BBC.

«Горадня — пэўная выспачка свабоды на мяжы. Памежнікі не маглі спыніць інфармацыю, якая даходзіла з-за мяжы», — успамінаў раней палітык.

Аляксандар Мілінкевіч з доўгай фрызурай. Пачатак 1990-х гадоў
Аляксандар Мілінкевіч з доўгай фрызурай. Пачатак 1990-х гадоў

Аляксандар скончыў фізыка-матэматычны факультэт Горадзенскага пэдагагічнага інстытуту. У студэнцтве стаў чэмпіёнам БССР у баскетболе. Выкладаў фізыку. Стажаваўся і пераймаў досьвед у Францыі, ЗША, ФРГ, Вялікай Брытаніі, Канадзе. У 1980-я чатыры гады жыў у Альжыры, дзе кіраваў катэдрай фізыкі ўнівэрсытэту. Дзеля гэтага вучыў францускую мову.

Мілінкевіч сем гадоў вёў на тэлевізіі перадачы аб гісторыі Горадзеншчыны. Займаўся рэстаўрацыяй старога гадзіньніка на Фарным касьцёле ў Горадні, аднаго з найстаражытнейшых у Эўропе вежавых гадзіньнікаў.

Фарны касьцёл у Горадні
Фарны касьцёл у Горадні

У 1990-х Мілінкевіч працаваў намесьнікам старшыні Горадзенскага гарвыканкаму, адказным за пытаньні адукацыі, культуры, рэлігіі, аховы здароўя, СМІ, міжнародных адносінаў, спорту, моладзі і аховы гістарычнай спадчыны. Сышоў з пасады ў час падрыхтоўкі антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму. Узначальваў горадзенскі баскетбольны клюб.

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году кіраваў штабам Сямёна Домаша. А ў 2006 годзе сам выступіў як адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах, пасьля якіх здарылася Плошча-2006, калі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску сабраліся каля 30 тысяч чалавек. Моладзь там разьбіла намётавае мястэчка. Празь некалькі дзён яго разграмілі, сотні чалавек затрымалі.

Аляксандар Мілінкевіч і Іна Кулей з пасьведчаньнем аб яго рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2006 году
Аляксандар Мілінкевіч і Іна Кулей з пасьведчаньнем аб яго рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2006 году

Пазьней Мілінкевіч узначальваў рух «За Свабоду». У 2019 годзе навуковец зарэгістраваў у Варшаве «Вольны беларускі ўнівэрсытэт». У 2021 годзе палітык эміграваў у Польшчу. У 2022 стаў няштатным дарадцам Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях эўрапейскага выбару Беларусі.

Дом

На пачатку 1990-х гадоў Аляксандар Мілінкевіч пабудаваў дом у Берштах, на радзіме сваіх продкаў.

«Дом з новага цыліндрычнага кругляка на беразе возера, у цэнтры вёскі. Просты драўляны прыгожы дом зь велізарнымі вокнамі зь відам на Берштаўскае возера», — апавядаў Мілінкевіч.

Апошні раз палітык быў у сваёй вясковай хаце ўвосень 2021 году. Думаў, што едзе за мяжу на 2–3 месяцы, але ня можа вярнуцца дахаты ўжо пяты год. У 2023 годзе ў іхным доме ў Берштах прайшоў ператрус, пасьля яго апячаталі.

Аляксандар Мілінкевіч у доме ў Берштах
Аляксандар Мілінкевіч у доме ў Берштах

Нечаканыя наступствы апэрацыі

Восем месяцаў таму, 25 лістапада 2025 году, Аляксандру Мілінкевічу зрабілі складаную апэрацыю. Працэдура была плянавай, аднак наступствы яе аказаліся «страшнымі» і «нечаканымі», адзначала жонка палітыка Іна Кулей.

Мілінкевічу выдалілі тромб на соннай артэрыі, які закрываў 80% прасьвету. Каб аднавіць нармальны крывацёк, у звужаны прасьвет судзіны ўставілі каркас — стэнт. Пасьля выдаленьня тромба адкрыўся «вельмі напружаны крывацёк», моцна падняўся ціск, здарыўся ацёк мозгу.

У цяжкім стане Аляксандар трапіў у рэанімацыю і правёў там тры тыдні. Яго ўвялі ў фармакалягічны сон, каб арганізм мог аднавіць сілы. Адначасна беларускі навуковец захварэў на запаленьне лёгкіх. Праз месяц ён «з Божай дапамогай перамог сьмерць і пнэўманію».

«Увесь гэты месяц мы гойдаліся на эмацыйных арэлях: крок наперад — крок назад. Ад „рыхтуйцеся да найгоршага“ да „рыхтуемся да рэабілітацыі“», — пісала пра аднаўленьне мужа Іна Кулей 25 сьнежня.

Потым далучыліся іншыя шпітальныя інфэкцыі: інфэкцыя кішак і паўторна запаленьне лёгкіх. Некалькі месяцаў пайшло на іх пераадоленьне. У шпіталі Мілінкевіч працягваў займацца зь фізіятэрапэўтамі. Сярод дактароў была беларуска, таму Аляксандар у лякарні чуў беларускую мову.

Іна Кулей
Іна Кулей

У лютым Мілінкевіч размаўляў шэптам. Родныя не маглі разабраць некаторых ягоных словаў, але вучыліся чытаць з вуснаў.

«Пакуль муж — ляжачы хворы. Ён спрабуе сесьці, але ўтрымаць гэты стан цяжка, цягліцы слабыя. У яго рухаецца ўсё, акрамя левай рукі, яна чуйная, але пакуль амаль нерухомая. Зь ім можна камунікаваць — дзе словамі, дзе жэстамі, дзе вачыма. Аляксандар слухае падкасты і інтэрвію, мы пераказваем яму навіны, паказваем відэа і фота», — паведамляла ў лютым Іна Кулей.

Яна адзначала, што працэс адужваньня мужа хоць паволі, але ідзе. Сям’я разумее, што рэабілітацыя будзе складанай і доўгатэрміновай.

У траўні Аляксандар яшчэ заставаўся ў шпіталі. Левая частка мозгу, якая адказвае за інтэлект, маўленьне і памяць, не пацярпела. Правая, што адказвае за рух, атрымала пашкоджаньні: не працавала левая рука, дрэнна слухаліся ногі, інфармавала Іна Кулей пра стан мужа.

«Для чалавека актыўнага, рухавага, поўнага энэргіі, якім заўсёды быў Аляксандар, усьведамляць, што сёньня ён ляжачы хворы, — вельмі цяжкае выпрабаваньне. Але мой муж — надзвычай моцны духам чалавек. І гэты дух падтрымлівае кожны з вас: тыя, хто дасылае словы падтрымкі, матывацыйныя відэа, пытаецца пра яго здароўе, віншуе са сьвятамі, проста памятае пра нас», — пісала жонка палітыка.

У траўні сям’я Мілінкевіча абвесьціла збор на рэабілітацыю Аляксандра і іншыя выдаткі ў гэты час. Патрэбную суму прыкладна ў 25 тысяч эўра сабралі за два дні. Іна Кулей адзначала, што яны з мужам не атрымліваюць пэнсію ні ў Польшчы, ні ў Беларусі, а жывуць толькі на заробак. Іхны дом у Берштах на Шчучыншчыне, у роднай вёсцы Аляксандра, апячатаны пасьля ператрусу.

У чэрвені Іна Кулей расказвала ў гутарцы зь Дзьмітрыем Гурневічам, што стан яе мужа няпэўны, як арэлі. Пры гэтым яна адзначала, што арганізм Аляксандра выявіўся дастаткова моцным у гэтай сытуацыі.

Берштаўскае возера на радзіме Аляксандра Мілінкевіча
Берштаўскае возера на радзіме Аляксандра Мілінкевіча

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG