На Запарожжы зноў ёсьць загінулыя ад расейскіх абстрэлаў. Украінскія сілы пацэлілі ў вайсковы завод у Расеі

Пажарная машына каля заводу імя Сьвярдлова ў Дзяржынску Ніжагарозкай вобласьці Расеі. Архіўнае фота

У ноч на 19 жніўня сілы абароны Ўкраіны атакавалі горад Дзяржынск у Ніжагародзкай вобласьці Расеі. Паводле папярэдніх ацэнак OSINT-дасьледнікаў, маштабнае задымленьне адбылося над тэрыторыяй абаронна-хімічнага заводу імя Сьвярдлова.

Як паведаміў Telegram-канал ASTRA, відавочцы ўначы апублікавалі кадры атакі дронаў і густога дыму над горадам. Крыніца задымленьня зь вялікай імавернасьцю знаходзіцца на тэрыторыі заводу выбуховых рэчываў імя Сьвярдлова — прыблізна за пяць кілямэтраў ад шматкватэрнага дому, які раней пашкодзіў дрон.

Губэрнатар Ніжагародзкай вобласьці Глеб Нікіцін паведаміў, што сілы супрацьпаветранай абароны рэгіёну абясшкодзілі 52 бесьпілётнікі. Паводле яго, папярэдне ніхто не пацярпеў.

«Падзеньне аскепкаў выклікала пашкоджаньне двух прыватных будынкаў, пабудоў у падворках і аўтамабіляў, вокнаў шматкватэрнага дому. Інфармацыя аб нанесенай шкодзе ўдакладняецца. На месцы працуюць апэратыўныя службы», — паведаміў ён у сваім Telegram-канале.

Губэрнатар Ніжагародзкай вобласьці не назваў сярод пашкоджаных аб’ектаў ніводнага прамысловага прадпрыемства.

Завод імя Сьвярдлова зьяўляецца горадаўтваральным прадпрыемствам Дзяржынска. Яно ўваходзіць у вайскова-прамысловы комплекс Расеі. Гэта стратэгічна важны абаронна-хімічны завод і адзін з найбуйнейшых вытворцаў выбуховых рэчываў. Супраць прадпрыемства дзейнічаюць міжнародныя санкцыі.

Украінскія сілы атакуюць гэты завод з сакавіка 2024 году. За гэты час яны нанесьлі сама меней пяць удараў, апошні — сёлета ў чэрвені.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі пасьля ўкраінскіх удараў загарэліся нафтабаза і хімкамбінат

У Запарожжы дзясяткі параненых

Сама меней два чалавекі загінулі і яшчэ 10 атрымалі раненьні ў выніку новых расейскіх абстрэлаў. За апошнія 24 гадзіны ад удараў пацярпелі 52 населеныя пункты рэгіёну.

Паводле абласных уладаў, у лякарнях знаходзяцца 56 чалавек, у тым ліку пяць дзяцей, якія атрымалі раненьні за апошнія некалькі дзён. 13 чалавек у цяжкім стане.

Расейскія войскі наносілі ўдары авіяцыйнымі бомбамі і дронамі. Пашкоджаныя 8 шматпавярховых і 8 прыватных будынкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як у Запарожжы парамэдыкі ратуюць людзей ад расейскіх абстрэлаў. ФОТА і ВІДЭА

У Жытоміры ад бесьпілётніка загінулі двое паліцыянтаў

Наступствы расейскага ўдару па будынку Галоўнага ўпраўленьня Нацыянальнай паліцыі ў Жытомірскай вобласьці, 19 жніўня 2026 году

У выніку расейскага ўдару бесьпілётнікамі тыпу «Бандэроль» 19 жніўня у Жытоміры загінулі двое паліцыянтаў. Яшчэ сама меней 20 чалавек пацярпелі, паведаміў выканаўца абавязкаў кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Максім Цуцкірыдзэ.