У прыфрантавым Запарожжы ім даводзіцца працаваць пад пагрозай паўторных абстрэлаў і ўдараў расейскіх FPV-дронаў.
Карэспандэнты «Настоящего времени» расказваюць аб працы ўкраінскіх парамэдыкаў.
Машына хуткай дапамогі ў Запароскай вобласьці імчыць на выклік, не збаўляючы газу. З уключанай сырэнай на дарозе ні чырвонае сьвятло, ні кіроўцы — не перашкода, кажа парамэдык Анастасія Нятрэба:
«З поўнамаштабным уварваньнем вадзіцелі сталі больш адчуваць гэтую адказнасьць, ты прапусьціў машыну ці не. У гэтай карэце „хуткай“ можа знаходзіцца твой сваяк ці знаёмы».
Парамэдыкам выязной брыгады хуткай дапамогі ў прыфрантавым Запарожжы Анастасія стала адразу пасьля мэдыцынскага каледжу, за год да поўнамаштабнага ўварваньня арміі Расеі.
«Раней выклікі былі не такімі цяжкімі, як цяпер. Бывак і так, што ты ўжо працуеш на іншым выкліку. Напрыклад, экстраная сытуацыя, аказваеш пацыенту неадкладную дапамогу і пачынаюцца абстрэлы. Яшчэ ў сваякоў пачынаюцца панічныя атакі і іншыя вострыя рэакцыі на стрэс», — расказвае Анастасія.
Брыгада на месцы дапамагае жыхарцы Запарожжа, якая страціла прытомнасьць у гандлёвым цэнтры.
«Бачыла гэтыя выбухі і ня сплю. Гэта, напэўна, адбілася. Мне страшна стала», — распавядае Ніна Дзьмітрыеўна.
Жанчыне — 83 гады. Кожны абстрэл для яе — велізарны стрэс. У дадатак на двары сьпякота пад 40 градусаў. Вось арганізм і ня вытрымаў, кажа яна:
«Куды бегчы і куды хавацца? І ці варта ўвогуле хавацца і куды. На гэта ўсё ўплывае ўзрост, безумоўна. Але гэта са мной адбылося ўпершыню. Я як уявіла, што масты разбураць, і як мы будзем наогул жыць».
Мэдыкі агледзелі пацыентку, зрабілі кардыяграму і памералі ціск — нічога крытычнага. Далі заспакойлівае і сказалі больш не нэрвавацца, хаця б сёньня.
Расея абстрэльвае Запарожжа штодня
Расейская армія абстрэльвае Запарожжа кожны дзень і кожную ноч. У горадзе пастаянна паветраныя трывогі.
«Ужо вельмі часта ў нас FPV-дроны трапляюць па мірных аўтамабілях, па цывільных людзях, па грамадзкім транспарце. Таму апошнія два тыдні ці нават месяц пачасьціліся выпадкі», — кажа лекар-анэстэзіёляг Данііл Кара.
Нават самыя дасьведчаныя спэцыялісты мэдыцыны катастроф, якія пабачылі многае за гады вайны, якія звычайна першымі прыяжджаюць на завалы пасьля масавых абстрэлаў зь дзясяткамі пацярпелых, не заўсёды гатовы мірыцца з рэальнасьцю.
«Калі [памірае] дзіця — гэта значна больш балюча пераносіць. Мы ўсе людзі і разумеем, што дзеці — гэта самае важнае. Гэта наша будучыня. І калі гінуць дзеці маленькія — гэта вельмі сумна. А асабліва на ўсё гэта глядзець», — распавядае лекар-анэстэзіёляг Раман Паданеў.
З-за блізкасьці фронту і частых абстрэлаў у горадзе адкрылі падземны дыспэтчарскі пункт экстранай хуткай дапамогі.
«Лякацыя нашай дыспэтчарскай — унікальная. Такога больш ва Ўкраіне няма», — кажа начальнік апэратыўна-дыспэтчарскага ўпраўленьня цэнтра экстранай мэдыцынскай дапамогі Ўладзіслаў Далінны.
На мінус першым паверсе амаль сотня дыспэтчараў кругласутачна прымае званкі, не адцягваючыся на небясьпеку звонку, расказвае ён:
«Нас не павінны адцягваць выбухі, прылёты, само пачуцьцё, што ты сядзіш недзе ля акна. Мы ня можам павесіць слухаўку, пайсьці кудысьці ў сховішча і не прымаць зварот».
Сюды тэлефануюць ня толькі з Запарожжа, але і з тых гарадоў і вёсак вобласьці, якія кантралююць украінскія ўлады, і куды, хаця і зь вялікай рызыкай, але яшчэ могуць даехаць брыгады хуткай дапамогі.
«Крайнія тры месяцы не памятаю ніводнага дня, каб прайшло без адзінага выезду на нейкія наступствы менавіта ваеннага характару. Вось такая, на жаль, непазытыўная тэндэнцыя», — кажа Ўладзіслаў Далінны:
«Вельмі шмат званкоў. Людзі знаходзяцца ў стане стрэсу, яны крычаць, а мы ўсё гэта прапускаем праз сябе. Плюс, на працягу 15–30 хвілін бываюць жа і паўторныя ўдары КАБамі і „Шахедамі“, таму выяжджаць да людзей вельмі складана, і бясьпека брыгад у прыярытэце, канешне. Але мы заўсёды памятаем, што на тым баку», — кажа дыспэтчар Ірына Роіна.
Пакуль здымачная брыгада «Настоящего времени» рыхтавала гэты матэрыял, у Запарожжы днём расейскі дрон атакаваў маршрутку. Двое пасажыраў загінулі на месцы. Цяжка параненая жанчына памерла ў машыне хуткай дапамогі, паведаміў кіраўнік рэгіёну Іван Фёдараў. Сярод васьмі пацярпелых — сямігадовы хлопчык.