Рэванш ГКЧП: як ідэі путчу 1991 году вярнуліся ў Беларусь і Расею

Мітынг супраць ГКЧП на плошчы Леніна ў Менску. 22 жніўня 1991 году. Фота Ўладзімера Кармілкіна

Сьцісла

  • ГКЧП імкнуўся з дапамогай гвалту захаваць імпэрыю ў выглядзе СССР. Цяпер Расея імкнецца захаваць рэшткі імпэрыі, разьвязаўшы вялікую вайну супраць Украіны.
  • Путчысты імкнуліся выратаваць СССР, але ў выніку паскорылі ягоны распад.
  • У Беларусі ў 2020 годзе была спроба ажыцьцявіць нешта падобнае да гарбачоўскай перабудовы на новым вітку гістарычнай сьпіралі.
Праз 35 гадоў пасьля ГКЧП можна канстатаваць: задачы, якія ставілі путчысты, цяпер рэалізаваныя ў палітыцы Крамля і афіцыйнага Менску, хоць і ў трохі іншым фармаце. Але гэтая перамога даецца рэжымам Расеі і Беларусі высокім коштам.

ГКЧП перамог?

Споўнілася 35 гадоў драматычных падзей, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай Ад расейскага «Государственный комитет по чрезвычайному положению»; самаабвешчаны орган улады ў СССР, які існаваў з 18 па 21 жніўня 1991 году і выступаў супраць палітыкі перабудовы прэзыдэнта Міхаіла Гарбачова. То была спроба антыдэмакратычнай контрарэвалюцыі на тле гарбачоўскай перабудовы. Падзея асабліва актуальная цяпер на фоне той аўтакратычнай рэстаўрацыі, якая адбываецца ў Расеі і Беларусі.

Можам канстатаваць, што ГКЧП праз 35 гадоў фактычна перамог у лукашэнкаўскай Беларусі і пуцінскай Расеі. Тыя задачы, якія ставілі путчысты, цяпер рэалізаваныя ў палітыцы Крамля і афіцыйнага Менску, няхай сабе ў трохі іншым фармаце.

ГКЧП імкнуўся з дапамогай гвалту захаваць імпэрыю ў выглядзе СССР. Якраз цяпер Расея імкнецца захаваць рэшткі імпэрыі. І дзеля таго, каб, кажучы словамі Аляксандра Лукашэнкі, вярнуць Украіну «ў лона нашага славянства», Масква разьвязала вялікую вайну.

Путчысты спрабавалі спыніць дэмакратычныя працэсы на тэрыторыі Савецкага Саюзу. Іх справа не прапала. Цяпер у Беларусі і Расеі сфармаваныя клясычныя дыктатуры.

Кіроўная роля партыі

Гэкачэпісты імкнуліся захаваць кіроўную ролю Камуністычнай партыі — КПСС. Рэалізаваць гэтую ідэю не атрымалася ў першапачатковым фармаце. Аднак у нейкай сурагатнай форме кіроўная партыя існуе ў РФ у выглядзе дамінаваньня «Адзінай Расеі».

Што тычыцца Беларусі, то Лукашэнка пэрыядычна станоўча згадвае КПСС, шкадуе, што яна зьнікла, апэлюе да досьведу Кітая. Падчас паездкі па Вілейскім раёне 13 жніўня сёлета ён з настальгіяй узгадваў савецкія часы, кіроўную ролю кампартыі і казаў чыноўнікам, што варта было б вярнуцца да таго вопыту. «Ведаю, што вам ня хочацца. Навошта вам гэтыя партыйныя органы, якія кадрамі будуць займацца, і партбюро, куды трэба хадзіць… Вы ж ужо аднаасобна кіруеце. Але калі з дзяржаўнага пункту гледжаньня — сыстэму давядзецца выбудоўваць, данастройваць», — даводзіў Лукашэнка.

ГКЧП крытыкаваў курс прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова на супрацоўніцтва з Захадам, лічыў заходні грамадзка-палітычны лад непрымальным для СССР, арыентаваўся на ідэалягічнае, ваенна-палітычнае супрацьстаяньне з ЗША і Эўропай.

Цяпер Расея і Беларусь усталі на шлях жорсткай канфрантацыі з Захадам, якая набывае форму гібрыднай вайны.

Беларускія пратэсты 2020 году і гарбачоўская перабудова

Можна сказаць, што ў Беларусі ў 2020 годзе была спроба ажыцьцявіць нешта падобнае да гарбачоўскай перабудовы на новым вітку гістарычнай сьпіралі. Менавіта з такога ракурсу разглядалі тыя масавыя пратэсты шасьцігадовай даўніны некаторыя замежныя экспэрты.

Цяперашняя лукашэнкаўская контрарэвалюцыя — адказ на рэвалюцыйны выбух 2020 году

Напрыклад, вядомы брытанскі палітоляг Эдвард Лукас даў ім такую адзнаку: «Бягучыя падзеі зьяўляюцца рухам наўздагон. Вы даганяеце цягнік, які прапусьцілі ў 1990-я гады. Гэта, так бы мовіць, апошняе рэха рэвалюцый 1989–1991 гадоў, якія паклалі канец камуністычнаму рэжыму».

Напрошваюцца відавочныя паралелі. Путч ГКЧП быў кансэрватыўным адказам на гарбачоўскую перабудову. Цяперашняя лукашэнкаўская контрарэвалюцыя — адказ на рэвалюцыйны выбух 2020 году. Чаму путчысты пацярпелі паразу, а Лукашэнка перамог, ва ўсялякім разе на цяперашні момант? Прычын шмат. Спынімся толькі на некалькіх.

(Зьлева направа) Чальцы ГКЧП Барыс Пуга, Генадзь Янаеў і Алег Бакланаў на прэс-канферэнцыі ў Маскве. 19 жніўня 1991 году

Эфэкт дрыжачых рук

Важнае адрозьненьне палягае ў тым, што перабудова ў СССР пачалася як «рэвалюцыя зьверху», партыйны і дзяржаўны апарат быў зьверху скіраваны на падтрымку і нават ініцыяваньне пераменаў. А беларускі пратэставы выбух быў «рэвалюцыяй зьнізу», скіраванай супраць дзяржапарату.

Контрарэвалюцыя ГКЧП была клясычным мяцяжом, падчас якога прэзыдэнта дзяржавы адхілілі ад улады. У Беларусі на чале контрарэвалюцыі паўстаў кіраўнік дзяржавы.

Важную ролю адыграў і суб’ектыўны чыньнік. Дрыжачыя рукі кандыдата ў дыктатары, віцэ-прэзыдэнта СССР Генадзя Янаева, як і ягоная палітычна карыкатурная фігура, сталі пэўным сымбалем таго путчу. У Лукашэнкі рукі не дрыжалі. Ён дэманстратыўна ўзяў у рукі аўтамат.

Важны таксама гістарычны момант. Калі б путч ГКЧП адбыўся раней, дзесьці ў 1989 ці 1990 годзе, то мог бы мець посьпех. А ў жніўні 1991 году крах камуністычнай ідэі быў відавочны для абсалютнай большасьці савецкага грамадзтва і намэнклятуры, у сацыялістычных краінах Усходняй Эўропы адбыліся «аксамітавыя рэвалюцыі», сыстэма перажывала агонію.

У Беларусі «рэвалюцыйны працэс» быў адносна непрацяглым, дзяржапарат не пасьпеў перайсьці ў стан моцнай эрозіі, рэакцыя хутка перайшла ў наступ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жнівеньскі путч у СССР: хто, супраць каго і навошта, і як на гэтым выйграла Беларусь

Ідэалёгія «русского мира» як вонкавы легітымізатар

Ёсьць яшчэ адзін чыньнік, на які менш зьвяртаюць увагу. У ГКЧП жніўня 1991 году не было вонкавага легітымізатара ягонай ідэі вяртаньня да клясычнай даперабудовачнай сацыялістычнай мадэлі, бо СССР і Масква самі былі цэнтрам сусьветнага камунізму, узорам і захавальнікам ідэалягічнай артадоксіі.

У выпадку Беларусі 2020 году сытуацыя трохі іншая. Тут дзейнічаў і дзейнічае вонкавы легітымізатар у выглядзе пуцінскай Расеі.

Падаецца, у апазыцыйным асяродзьдзі, экспэртнай супольнасьці існуе не зусім поўнае тлумачэньне таго, чаму Лукашэнка ня толькі не працівіцца, а нават спрыяе панаваньню ідэалёгіі «русского мира» ў Беларусі. Найбольш папулярнае тлумачэньне грунтуецца на тым, што такое стаўленьне — плата за падтрымку з боку Расеі.

Для Лукашэнкі таксама важна мець ідэалягічнае абгрунтаваньне сваёй улады. Ён імкнецца даказаць, што знаходзіцца на «правільным баку гісторыі». І вось дзеля гэтага яму патрэбная падпорка ў выглядзе ідэалягічнага канструкту «русского мира». Лукашызм сілкуецца пуцінізмам. Калі Лукашэнка цьвердзіць, што гісторыя яго апраўдае, ён спрабуе ўпісацца ў расейскі ідэалягічны дыскурс. А гэты апошні грунтуецца на цывілізацыйным супрацьстаяньні вераломнаму Захаду, які нібыта дамагаецца сусьветнага панаваньня і з дапамогай сваёй дэмакратычнай ідэалёгіі і палітэхналёгій імкнецца разбурыць традыцыйныя славянскія каштоўнасьці. У Расеі такі дыскурс працуе. І гэта так ці інакш уплывае на беларускае чынавенства, дадаючы моцы лукашэнкаўскаму рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці перамог путч 1991 году? Дыскусія экспэртаў

Эфэкт непрадбачаных наступстваў

Яшчэ адзін важны ўрок вынікае з досьведу ГКЧП. Яго можна сфармуляваць як эфэкт непрадбачаных наступстваў. Ён стаў выразным прыкладам гістарычнай падзеі, якая дала вынік, адваротны плянам яе арганізатараў. Путчысты хацелі спыніць разбурэньне камуністычнага рэжыму і савецкай імпэрыі, а ў выніку крах мяцяжу максымальна паскорыў гэты працэс.

Калі глядзець з гэтага ракурсу, то важна канстатаваць, што перамога цяперашняга ўмоўнага «ГКЧП» даецца рэжымам Расеі і Беларусі высокім коштам. Дзеля перамогі над Украінай і Захадам расейская імпэрыя напружвае ўсе сілы. Ці доўга яна зможа вытрымаць барацьбу на зьнясіленьне ў вайне?

Перамога цяперашняга ўмоўнага «ГКЧП» даецца рэжымам Расеі і Беларусі высокім коштам

Таксама і рэжым Лукашэнкі плаціць празьмерна высокую цану за самазахаваньне: блякада на эўрапейскім кірунку, санкцыі, дэградацыя шэрагу дзяржаўных функцый, востры недахоп працоўных рэсурсаў, звужэньне сувэрэнітэту. Маем розныя прыкметы перанапружаньня сыстэмы. Сам Лукашэнка прызнае, што створаная ім мадэль не працуе і, напрыклад, для пасьпяховага вырашэньня такой рутыннай для любой краіны задачы, як уборка ўраджаю, даводзіцца прымаць надзвычайныя захады, уводзіць «вайсковую павіннасьць».

Распад СССР як няшчасьце

Дарэчы, у беларускім афіцыёзе падзеі другой паловы 1991 году (ГКЧП, наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі канстытуцыйнага статусу, Белавескія пагадненьні) згадваюцца вельмі неахвотна. Бо яны не ўпісваюцца ў афіцыйную гістарычную міталёгію, сфармаваную рэжымам. Паводле вэрсіі кіраўніцтва Беларусі, распад СССР быў трагедыяй, няшчасьцем. Зразумела, што трагічныя даты сьвяткаваць не прынята.

Акрамя таго, законы, якія паслужылі асновай беларускай незалежнасьці, Вярхоўны Савет прыняў зь ініцыятывы і пад ціскам парлямэнцкай апазыцыі — фракцыі Беларускага народнага фронту. Крыху пазьней, у верасьні бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» зацьвердзілі ў якасьці афіцыйных сымбаляў Беларусі. Такім чынам гэта былі дні трыюмфу цяперашніх ідэйных і палітычных праціўнікаў Лукашэнкі. І таму таксама тыя падзеі сёньня ў Беларусі спрабуюць замаўчаць.

ЧЫТАЙЦЕ ЦЫКЛЬ СЯРГЕЯ НАВУМЧЫКА:

Жнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень першы: Ельцын у Маскве, а Пазьняк у Менску заклікаюць да супрацівуЖнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень другі: дэпутаты БНФ праводзяць мітынг, шахтары Салігорску заяўляюць пра страйкЖнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень трэці: путч правальваецца, Дземянцей баіцца, што павесяць «на вяроўцы бяз мыла», Гарбачоў вяртаецца ў МасквуЖнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень чацьверты: Апазыцыя БНФ дамагаецца скліканьня сэсіі ВС, у Маскве дэмантуюць помнік ДзяржынскамуЖнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень пяты: дэпутаты БНФ у прамым тэлеээфіры заклікаюць прыйсьці на Плошчу і патрабаваць НезалежнасьціЖнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень шосты: Сямдзянава ўносіць Сьцяг у Авальную залю, Украіна абвяшчае Незалежнасьць, Гарбачоў ужо не генсекЖнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень сёмы: дэпутаты зганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК, спыняюць дзейнасьць КПБ, Беларусь робіцца незалежнай