У Беларусі выпрабавалі новую радыёлякацыйную станцыю «Клён»

Радыёлякацыйная станцыя (РЛС) «Клён», распрацаваная дзяржаўным прадпрыемствам «АЛЕВКУРП». Скрын зь відэазапісу Вайсковага телебачаньня

У Дзяржаўным вайскова-прамысловым камітэце Беларусі паведамілі аб пасьпяховым выпрабаваньні на вайсковых вучэньнях у Горадзенскай вобласьці радыёлякацыйнай станцыі (РЛС) «Клён», распрацаванай дзяржаўным прадпрыемствам «АЛЕВКУРП».

«Станцыю задзейнічалі ў інтарэсах падразьдзелаў выведкі для пошуку наземных і паветраных аб’ектаў умоўнага праціўніка, у тым ліку бесьпілётных апаратаў рознай клясы. Ва ўмовах, максымальна набліжаных да баявых, „Клён“ пацьвердзіў заяўленыя тактыка-тэхнічныя характарыстыкі і высокую эфэктыўнасьць пры вядзеньні выведкі новымі спосабамі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ведамства.

Адзначаецца, што РЛС была інтэграваная ў іншыя сродкі радыёэлектроннай барацьбы, агнявога паражэньня і супрацьпаветранай абароны, а гэта «дазволіла адпрацаваць поўны цыкль — ад выяўленьня цэлі да яе нэўтралізацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля доўгага перапынку ў Беларусь зноў заляцеў дрон. Жытоміршчына пацярпела ад расейскіх абстрэлаў

Што папярэднічала і чаму гэта важна

З пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў наяўнасьцю пагроз і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.

Апошнім часам, калі Ўкраіна і Расея павялічылі выкарыстаньне бесьпілётнікаў для ўзаемных нападаў, дроны сталі залятаць у Беларусь і памежныя эўрапейскія краіны — Літву, Латвію і Польшчу.

У краінах Эўразьвязу называюць гэта «гібрыднымі атакамі» з боку Расеі і Беларусі.

У той жа час 16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч заявіў аб адсутнасьці вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьні апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Менску заявілі, што распрацавалі перадатчык перашкод для прыкрыцьця інфраструктуры падчас вайсковай пагрозы