Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля доўгага перапынку ў Беларусь зноў заляцеў дрон. Жытоміршчына пацярпела ад расейскіх абстрэлаў

Расейскі FPV-дрон. Ілюстрацыйнае фота
Расейскі FPV-дрон. Ілюстрацыйнае фота

Адзін з украінскіх маніторынгавых каналаў, што адсочваюць расейскія атакі цягам 24 гадзін у содні, паведаміў, што ўначы 14 жніўня адзін дрон праз чарнобыльскую зону паляцеў у бок Беларусі.

Апошні раз паведамленьні аб тым, што дроны залятаюць на беларускую тэрыторыю, зьяўляліся ў траўні-чэрвені.

Паходжаньне бесьпілётніка невядома, аднак, хутчэй за ўсё, гэта быў расейскі дрон пасьля ўзьдзеяньня на яго ўкраінскімі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. Гэта адбылося ў пачатку 5-й гадзіны раніцы.

Пазьней яшчэ адзін маніторынгавы ўкраінскі канал паведаміў, што на беларускім баку ўздоўж украінскай мяжы ў паветры а 13.31 знаходзіўся выведны дрон. Ягоную прыналежнасьць таксама не ўдакладняюць.

Расейскія войскі атакавалі памежны зь Беларусьсю рэгіён

Кіраўнік Жытомірскай вобласьці Віталь Бунечка раніцай 14 жніўня паведаміў, што ў выніку пацэльваньня расейскага дрону пашкоджаньні атрымаў аб’ект крытычнай інфраструктуры і цывільнае прадпрыемства.

30 ліпеня расейскія войскі атакавалі Корасьценскі раён Жытомірскай вобласьці. Тады таксама пацярпелі інфраструктура, вытворчыя памяшканьні і жылы сэктар.

На Гомельшчыне зноў папярэдзілі аб правілах абыходжаньня з дронамі

8 жніўня выданьне Нараўлянскага раёну Гомельскай вобласьці «Прыпяцкая праўда» ў матэрыяле аб забароне набыцьця і ўвозу дронаў у Беларусь асобна зьвярнулі ўвагу на тое, як трэба сябе паводзіць у выпадку выяўленьня бесьпілётніка.

Прадстаўнік Нараўлянскага ўпраўленьня ўнутраных спраў Дзьмітры Жылінскі папярэдзіў, што ў выпадку выяўленьня дрону да яго забаронена падыходзіць і чапаць яго.

Апроч таго, паводле яго, нельга побач зь ім карыстацца радыёапаратурай, у тым ліку мабільнымі тэлефонамі і іншымі прыладамі.

«Пры выяўленьні бесьпілётніка варта адысьці на бясьпечную адлегласьць, паведаміць у міліцыю аб месцы яго выяўленьня або кірунку яго руху, па магчымасьці сфатаграфаваць або зрабіць відэа», — адзначыў міліцыянт.

Што папярэднічала

Украіна неаднаразова заяўляла, што Расея выкарыстоўвала рэтрансьлятары на тэрыторыі Беларусі для атакі Жытомірскай і Ровенскай вобласьцяў для зьнішчэньня лягістыкі замежнай вайсковай дапамогі.

«Ідзе выбіваньне чыгункі, зьнішчэньне транспартнай інфраструктуры, і гэта датычыць Корасьценя, Алеўска, Ровенскай вобласьці. То бок яны імкнуцца выбіць транспартныя вузлы, ідзе паляваньне за рухомым складам чыгункі. Ціск пэрманэнтны», — заявіў сёлета ў чэрвені загадчык навучальна-навуковай лябараторыі супрацьдзеяньня дэзынфармацыі Кіеўскага нацыянальнага эканамічнага ўнівэрсытэту Віталь Кулік.

Паводле яго, такімі дзеяньнямі на памежжы Расеі імкнецца перарэзаць асноўную артэрыю паставак з заходняй Украіны на фронт. «Мова ідзе пра дарогу Кіеў-Чоп», — удакладніў ён.

У чэрвені прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў Менск адключыць рэтрансьлятары, празь якія расейскія дроны выкарыстоўвалі беларускую тэрыторыю для навігацыі. Паводле Зяленскага, адказу не было, і Ўкраіна «сама вырашыла гэтую праблему».

Пазьней Зяленскі заявіў, што чатыры такія рэтрансьлятары ў Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях перасталі працаваць. Былы галоўнакамандуючы Ўзброеных сілаў Украіны Аляксандар Сырскі таксама казаў, што адзін зь іх яшчэ ненадоўга ўключалі, але выказаў сумнеў, што гэта паўторыцца.

Афіцыйна ні Беларусь, ні Ўкраіна не паведамлялі пра ўдары па гэтых аб’ектах.

Аднак у канцы ліпеня стала вядома, што беларускі мабільны апэратар МТС абвясьціў тэндэр на аднаўленьне базавай станцыі ў вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёну Гомельскай вобласьці. На рамонт 39-мэтровай вышкі кампанія гатовая выдаткаваць каля 9 тысяч даляраў. Новая закупка МТС можа быць першым ускосным сьведчаньнем таго, што адна з такіх вышак сапраўды была сурʼёзна пашкоджаная.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG