Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску заявілі, што распрацавалі перадатчык перашкод для прыкрыцьця інфраструктуры падчас вайсковай пагрозы

Перадатчык перашкод «Тарпан», распрацаваны менскім ААТ «КБ Радар» для комплекснага прыкрыцьця крытычнай інфраструктуры
Перадатчык перашкод «Тарпан», распрацаваны менскім ААТ «КБ Радар» для комплекснага прыкрыцьця крытычнай інфраструктуры

У Дзяржаўным вайскова-прамысловым камітэце Беларусі паведамілі аб пачатку інтэнсіўных выпрабаваньняў перадатчыка перашкод «Тарпан», распрацаваны менскім ААТ «КБ Радар».

Як вынікае з паведамленьня на сайце ведамства, гэты перадатчык — адзін з шэрагу іншых сродкаў радыёэлектроннай барацьбы для комплекснага прыкрыцьця крытычнай інфраструктуры.

Гэты перадатчык фарміруе і выпраменьвае радыёперашкоды, што блякуюць або дэзынфармуюць навігацыйныя прымальнікі глябальных спадарожнікавых сыстэм GPS, ГЛОНАСС, BeiDou і Galileo.

Сярод ключавых асаблівасьцяў гэтага перадатчыка назвалі высокую выхадную магутнасьці перадатчыкаў, вузканакіраваныя перадавальныя антэны з высокім каэфіцыентам узмацненьня, а таксама далёкасьць радыёпадаўленьня тэрмінала спадарожнікавай навігацыі да 50 кілямэтраў.

Месца, дзе цяпер адбываюцца выпрабаваньні не паведамляюць.

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Беларусь падтрымлівае расейскую агрэсію супраць Украіны ад пачатку ваеннага ўварваньня ў лютым 2022 году.

Апошнім часам, калі Расея і Ўкраіна істотна павялічылі выкарыстаньне дронаў, яны пэрыядычна залятаюць на тэрыторыю Беларусі.

З іншага боку, Ўкраіна некалькі разоў публічна абвінаваціла Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэкцыі атак на Ўкраіну.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.

26 траўня камандзір Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Робэрт Броўдзі з пазыўным «Мадзяр» адзначыў, што ўкраінцы маюць сьпіс з 500 беларускіх аб’ектаў, якія ў выпадку беларускага збройнага нападу на Ўкраіну імгненна могуць стаць баявымі цэлямі.

У адказ на гэта Лукашэнка заявіў, што таксама мае «вельмі сур’ёзную» цэль ва Ўкраіне з дакладнымі каардынатамі, а словы Зяленскага аб «дыпляматычным узьдзеяньні» на Беларусь і іншыя выказваньні на тэму вайны Лукашэнка назваў «балбатнёй».

15 чэрвеня ў інтэрвію тэлеканалу Al Arabiya тон Лукашэнкі быў далёкім ад ваяўнічага. Ён сказаў, што нібыта абмяркоўваў сытуацыю з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным і яны быццам прыйшлі да высновы, што ўваход Беларусі ў вайну прынясе больш шкоды, чым карысьці.

Лукашэнка таксама стрымана выбачыўся перад Зяленскім за ранейшыя рэзкія словы і чарговы раз запэўніў, што ўкраінскаму народу і вайскоўцам няма чаго баяцца небясьпекі зь Беларусі, бо гэта «нікому ня выгадна».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG