У Латвіі пачалі шукаць тунэлі зь Беларусі геалягічным радарам

Так на латвійска-беларускай мяжы шукаюць падкопы

Латвійскія памежнікі разам з паліцыянтамі з 14 жніўня скануюць зямлю ўздоўж латвійска-беларускай мяжы, паведаміла Дзяржаўная памежная служба Латвіі.

Калі радар паказвае падазроныя зьмены ў слаях грунту, месца правяраюць больш пільна.

Мэта — знайсьці падкопы зь Беларусі, зробленыя для незаконнага перасячэньня мяжы.

10 жніўня латвійскія памежнікі выявілі 15 чалавек, якія прапаўзьлі зь беларускай тэрыторыі паўз тунэль, выкапаны непадалёк ад закрытага памежнага пункту Сілэнэ.

Выхад з тунэля быў за 10 мэтраў ад плоту. Тое быў першы выпадак у Латвіі, калі мігранты скарысталіся падкопам.

11 жніўня ў Латвіі пачалася апэрацыя «Пярэварацень» для барацьбы зь нелегальнай міграцыяй. Яна працягнецца сама меней да канца жніўня.

Ад пачатку году на латвійска-беларускай мяжы ўжо затрымалі 9,5 тысячы незаконных мігрантаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Латвіі выявілі першы тунэль зь Беларусі пад мяжой

Што гэтаму папярэднічала

З 31 ліпеня да 4 жніўня не працаваў апошні пункт пераходу мяжы Патэрніекі. А ўлады Латвіі абмяркоўвалі, ці не закрыць яго канчаткова, каб пераразьмеркаваць рэсурсы на ахову мяжы ад нелегальнай міграцыі. У выніку Патэрніекі адкрылі, адзначыўшы, што пры абвастрэньні сытуацыі на мяжы могуць закрыць яго зноў.

Як вынікае з статыстыкі, акурат на Латвію цяпер прыпадае найбольшая колькасьць спробаў нелегальнага пераходу мяжы. Напрыклад, 16 жніўня ў Літве было 29 такіх спробаў, а ў Латвіі — 109, паведаміў сайт літоўскіх памежнікаў.

Падкопы для перасячэньня мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ сталі выкарыстоўвацца зь верасьня 2025 году — тады прыйшлі першыя паведамленьні з Польшчы. Летась польскія памежнікі знайшлі чатыры тунэлі пад мяжой. Сёлета яны дапамагалі выяўляць тунэлі сваім літоўскім калегам. Памежная служба Літвы 5 жніўня паведаміла, што ўсяго зафіксавала 12 спробаў пранікненьня мігрантаў пад зямлёй.

Чаму гэта важна

Улады суседніх зь Беларусьсю дзяржаў Эўразьвязу разглядаюць нелегальную міграцыю церазь усходнюю мяжу як інструмэнт гібрыднага ціску. Міністар унутраных спраў Латвіі Яніс Домбрава 11 жніўня заявіў, што арганізацыя плыняў нелегальнай міграцыі церазь беларуска-латвійскую мяжу — адна з формаў гібрыднай вайны. Ён таксама падкрэсьліў, што «Расея выкарыстоўвае Беларусь для гібрыдных атак», перадае Delfi.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Тунэлі зь Беларусі ў Эўразьвяз. Як мігранты абыходзяць памежныя агароджы