Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі выявілі першы тунэль зь Беларусі пад мяжой

Першы тунэль пад мяжой з тэрыторыі Беларусі ў Латвію і мігранты, якія ім скарысталіся. Каляж з фатаздымкаў Памежнай службы Латвіі
Першы тунэль пад мяжой з тэрыторыі Беларусі ў Латвію і мігранты, якія ім скарысталіся. Каляж з фатаздымкаў Памежнай службы Латвіі

У панядзелак латвійскія памежнікі выявілі 15 чалавек, якія незаконна перасеклі дзяржаўную мяжу. Як аказалася, зь Беларусі яны трапілі паўз тунэль, выкапаны пад мяжой непадалёк ад закрытага памежнага пункту Сілэнэ, паведаміла Памежная служба Латвіі.

Выхад з тунэля быў за 10 мэтраў ад плоту.

Гэта першы выпадак у Латвіі, калі мігранты скарысталіся падкопам. Іх усіх прымусілі вярнуцца ў Беларусь.

З 11 жніўня ў Латвіі праводзіцца апэрацыя «Пярэварацень» для барацьбы зь нелегальнай міграцыяй.

З 31 ліпеня да 4 жніўня не працаваў апошні пункт пераходу мяжы Патэрніекі. А ўлады Латвіі абмяркоўвалі, ці не закрыць яго канчаткова, каб пераразьмеркаваць рэсурсы на ахову мяжы ад нелегальнай міграцыі. У выніку Патэрніекі адкрылі, адзначыўшы, што пры абвастрэньні сытуацыі на мяжы могуць закрыць яго зноў.

Як вынікае з статыстыкі, акурат на Латвію цяпер прыпадае найбольшая колькасьць спробаў нелегальнага пераходу мяжы. Напрыклад, 10 жніўня ў Літве было 9 такіх спробаў, а ў Латвіі — 87, паведаміў сайт літоўскіх памежнікаў.

Падкопы для перасячэньня мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ сталі выкарыстоўвацца зь верасьня 2025 году — тады прыйшлі першыя паведамленьні з Польшчы. Летась польскія памежнікі знайшлі чатыры тунэлі пад мяжой. Сёлета яны дапамагалі выяўляць тунэлі сваім літоўскім калегам. Памежная служба Літвы 5 жніўня паведаміла, што ўсяго зафіксавала 12 спробаў пранікненьня мігрантаў пад зямлёй.

Чаму гэта важна

Улады суседніх зь Беларусьсю дзяржаў Эўразьвязу разглядаюць нелегальную міграцыю церазь усходнюю мяжу як інструмэнт гібрыднага ціску. Міністар унутраных спраў Латвіі Яніс Домбрава 11 жніўня заявіў, што арганізацыя плыняў нелегальнай міграцыі церазь беларуска-латвійскую мяжу — адна з формаў гібрыднай вайны. Ён таксама падкрэсьліў, што «Расея выкарыстоўвае Беларусь для гібрыдных атак», перадае Delfi.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG