«Вясна»: пад рэпрэсіі па «справе ЭГУ» патрапілі 175 студэнтаў і іх сваякоў

Шыльда ЭГУ

У Беларусі працягваецца маштабны перасьлед, зьвязаны з Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам.

Пасьля таго, як ЭГУ, які працуе ў Вільні, улады Беларусі прызналі «экстрэмісцкай арганізацый» сілавікі распачалі масавую крымінальную справу за «садзейнічаньне і фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

Па стане на 17 жніўня 2026 года, праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозьвішчы больш за 110 студэнтаў ЭГУ і іх родных, якіх пачалі перасьледаваць у Беларусі за навучаньне ў гэтым ВНУ.

Праваабаронцы пішуць, што агулам пад рэпрэсіі патрапілі 175 чалавек, калі лічыць і пацярпелых чальцоў сем’яў студэнтаў. Лічба пацярпелых можа быць большая, бо ўлады намагаюцца схаваць рэпрэсіі, а людзі баяцца перадаваць зьвесткі.

Ужо 2–4 чэрвеня па ўсёй Беларусі прайшлі ператрусы і допыты ў датычных да ўнівэрсытэта людзей, а таксама ў іх сваякоў. Вядома, што допыты і ператрусы праходзяць паводле артыкулаў за «сайдзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

Праваабаронцам вядома пра больш 60 ператрусаў у выпускнікоў, студэнтаў і іншых датычных да ЭГУ людзей, а таксама іх родных. Каб вымусіць студэнтаў вярнуцца з Літвы, КДБ пагражае крымінальным перасьледам іх бацькам.

Бацькоў вымушаюць зьвязвацца з дзецьмі, якія вучацца ў ЭГУ і жывуць у Літве, каб тыя адлічыліся і вярнуліся ў Беларусь. Ім даюць да 10 дзён на выключэньне з унівэрсытэту. Сілавікі наўпрост кажуць — калі іх дзеці не адлічацца з ЕГУ, то паводле крымінальнай справы будуць затрыманыя іх бацькі. Вядома, што некаторыя сваякі студэнтаў затрыманыя, піша «Вясна».

Таксама супарцоўнікі КДБ прыходзяць да выпускнікоў ЭГУ — вядома, пра выпускі ад 2019 да 2025 года. У іх патрабуюць прадставіць дыплёмы аб сканчэньні.

Пазьней праваабаронцам зьявілася астановы аб узбуджэньні крымінальнай справы за аплату навучаньня ў ЭГУ, пачынаючы з 2016 году.

Юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва адзначае, што пад перасьлед патрапілі ня толькі студэнты ЭГУ, але і іх бацькі, асабліва калі яны плацілі за навучаньне ці проста пераводзілі грошы сваім дзецям, каб забясьпечыць пражываньне ў Літве.

«Прызнанне ЭГУ „экстрэмісцкім фармаваньнем“ і далейшы перасьлед студэнтаў ёсьць парушэньнем шэрагу правоў чалавека, у тым ліку права на адукацыю, акадэмічных свабоды і свабоды выказваньня меркаваньня, а таксама стандартаў справядлівага судовага разьбіральніцтва. Агулам, гэта яшчэ адзін прыклад транснацыянальнага перасьледу і можа разглядацца як працяг злачынстваў супраць чалавечнасьці», — заяўляе юрыстка «Вясны».

Праваабаронцы заклікаюць паведамляць пра ціск і факты перасьледу, допыты, ператрусы на «гарачую лінію» праваабаронцаў @ViasnaSOS.

Паводле інфармацыі Свабоды, за апошнія 10 гадоў праз адукацыйныя праграмы і навучаньне ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце прайшлі каля 5000 грамадзян Беларусі.

«Справа ЭГУ»

З пачатку чэрвеня па ўсёй Беларусі разгортваецца маштабны перасьлед, зьвязаны з Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам, які ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй» і распачалі крымінальную справу за спрыяньне «экстрэмісцкай дзейнасьці» і яе фінансаваньне. Да людзей прыходзяць з ператрусамі, праводзяць допыты, выклікаюць на размовы ў КДБ.

Паводле інфармацыі Свабоды, фактаў ціску можа быць значна больш, колькасьць фігурантаў крымінальнай справы і ператрусаў расьце. Родныя цяперашніх і былых студэнтаў унівэрсытэту ананімна расказваюць, што супраць іх заводзяць крымінальныя справы за факт аплаты вучобы ў ЭГУ.

Вядома, што справу заводзілі нават за аплату 10-гадовай даўніны. Сілавікі прыходзяць і да бацькоў былых студэнтаў, якія даўно жывуць за мяжой, і абвінавачваюць іх у аплаце навучаньня дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рэпрэсіі супраць ЭГУ працягваюцца. Узгадваем, хто з праўладных актывістаў у розны час быў зьвязаны з гэтым унівэрсытэтам

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У ЭГУ адрэагавалі на масавыя ператрусы ў зьвязаных з унівэрсытэтам людзей у Беларусі