«Можам з упэўненасьцю казаць, што абстаноўка стабільная цяпер, пагроз не ўяўляе. У нас у апэратыўнай службе маем сталае ўзаемадзеяньне з Польшчай, Літвой і Латвіяй. Мы рэгулярна іх інфармуем аб палётах, і яны нас папярэджваюць пра палёты ў памежнай паласе. [...] І мы таксама інфармуем па лініі апэратыўнай службы. [...] Адсутнічала ўзаемадзеяньне толькі з Латвіяй. І тое ў апошні час зь імі таксама аднавілі дыялёг. Па апэратыўнай службе працягваем узаемадзеяньне нашых вайскова-паветраных сіл», — сказаў Андрэй Лук’яновіч у эфіры тэлеканалу СТВ.
Паводле яго, скарацілася значная колькасьць вайсковых кантынгентаў, якія разьмяшчаліся ў эўрапейскіх краінах паблізу межаў Беларусі.
«Мы рэальна назіраем, што значная колькасьць кантынгентаў — як паветраных, то бок лік самалётаў уздоўж заходніх нашых межаў — скарацілася, так і сухапутны складнік таксама зьменшыўся. Ну і мы выконваем задачы па баявым дзяжурстве, то бок рэгулярна кантралюем паветраную прастору цягам 24 гадзін і фіксуем значнае зьніжэньня колькасьці палётаў (як баявой авіяцыі, так і выведнай) уздоўж нашых межаў», — сказаў Андрэй Лук’яновіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Без наземнай апэрацыі нікуды». Лукашэнка паразважаў наконт магчымай вайны ў БеларусіШто папярэднічала і чаму гэта важна
З пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў наяўнасьцю пагроз і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.
Наадварот? Беларусь, як заяўлялі заходнія краіны, пры ўзаемадзеяньні з Расеяй стварыла мігранцкі крызіс, што доўжыцца дагэтуль.
Сёлета 31 ліпеня ўлады Латвіі паведамілі аб закрыцьці «з тэхнічных прычынаў» адзінага дзейнага пункту пропуску на мяжы зь Беларусьсю. Яго дзейнасьць аднавілі толькі 4 жніўня і заявілі, што памежны рух могуць цалкам спыніць праз павелічэньне ліку мігрантаў, якія спрабуюць незаконна перасячы мяжу з боку Беларусі.
Нягледзячы на заявы ўладаў Беларусі аб «стабільнай сытуацыі» мяжы з эўрапейскімі суседзямі, незаконная міграцыя зь беларускага боку не спынілася, а набыла іншыя формы, калі мігранты спрабуюць прарвацца праз падземныя тунэлі. Улады Беларусі не перашкаджаюць будаўніцтву тунэляў нават тады, калі атрымліваюць ад суседніх краін апэратыўныя выведныя зьвесткі пра іх пракладку.
З пачатку 2026 году ў Літве зафіксавалі 12 спробаў пракопваньня тунэляў на яе тэрыторыю. Літоўскія СМІ паведамлялі, што 27 ліпеня на поўдні краіны памежнік быў паранены, калі група мігрантаў, што выйшла з тунэлю, паспрабавала «зацягнуць яго на тэрыторыю Беларусі».