«Ня ўсе прыгналі, засталося каля 100 транспартных сродкаў (...). Празь фінансавыя цяжкасьці і, само сабой, бо гэта нявыгадна, калі плата за стаянку перавышае кошт самога транспартнага сродку. У асноўным засталіся паўпрычэпы, але ёсьць і цягачы», — сказаў кіраўнік Нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Linava Эрландас Мікенас агенцтву BNS, перадае LRT.
Паводле яго, беларускі бок ужо паўгода заклікае забраць транспарт і пагражае канфіскацыяй.
Летась у сьнежні Мікенас заявіў BNS, што страты перавозчыкаў набліжаюцца да 100 мільёнаў эўра.
Linava на пачатку сакавіка зьвярнулася ў Эўрапейскую камісію, дзе адказалі, што затрыманьне ўладамі Беларусі грузавікоў ня мае абгрунтаванай прававой базы. У сярэдзіне лета асацыяцыя зноў зьвярнулася ў Эўракамісію наконт стратаў, але адказу пакуль не атрымала.
Паводле Мікенаса, пасьля гэтага крызісу грузапатокі зь Літвы ў Беларусь значна скараціліся і ў асноўным грузы цяпер ідуць з Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ЗША змусілі Лукашэнку адступіць, ці Што паказаў беларуска-літоўскі канфліктШто папярэднічала
Літоўскія фуры затрымалі ў Беларусі ў адказ на рашэньне Літвы закрыць дзяржаўную мяжу з прычыны пастаяннага прылёту зь Беларусі паветраных балёнаў з кантрабандай.
26 кастрычніка 2025 году Літва закрыла два апошнія дзейныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю — «Меднікі» і «Салечнікі».
31 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, пасьля якога літоўскія фуры перасталі выпускаць зь Беларусі і зьмясьцілі на платныя стаянкі, дзе за кожны грузавік бралі па 120 эўра штодня.
Нягледзячы на тое, што Літва адкрыла мяжу з 20 лістапада, фурам не дазвалялі выехаць зь Беларусі. Беларускі бок ня раз патрабаваў, каб пытаньне разьвязвалася на ўзроўні кіраўнікоў МЗС ці ўрадаў дзьвюх дзяржаваў. У Літве пры гэтым працягвалі фіксаваць прылёты кантрабандных цыгарэт на балёнах зь Беларусі.
19 сакавіка, пасьля сустрэчы з Лукашэнкам, спэцыяльны пасланьнік ЗША Джон Коўл заявіў, што «ЗША хацелі б, каб адносіны Літвы і Беларусі палепшыліся». Напярэдадні паездкі ў Беларусь ён сустракаўся з прадстаўнікамі ўраду Літвы.
Ужо 23 сакавіка стала вядома, што Лукашэнка дазволіў літоўскім грузавікам выехаць.