Пабыць памежнікам-клеркам, ці цэнзарам
Камуністычная дзяржава Арстоцка выйграла шасьцігадовую вайну з суседняй Калечыяй і вярнула сабе частку памежнага гораду Грэштын. Менавіта ў ім вам давядзецца працаваць памежным інспэктарам, бо так вырашыла лятарэя. Пра гэта гульня Papers, Please — сымулятар клерка-памежніка пры аўтарытарызьме.
Вам давядзецца правяраць дакумэнты ў ахвочых заехаць у краіну і вырашаць, прапусьціць ці спыніць іх. Напачатку ўсё проста, але кожны дзень прыходзяць новыя разнарадкі ад начальства, даводзіцца правяраць усё больш дакумэнтаў. Да таго ж трэба карміць сям’ю і плаціць арэнду за кватэру. У гульні можна аддаць загад на арышт чалавека, калі ў яго знайшлі парушэньне, можна парушыць правілы, прапускаць нелегалаў і атрымаць штраф. Можна нават прымкнуць да паўстанцаў, якія будуць вас рэгулярна вэрбаваць і працаваць на іх карысьць.
Papers, Please, скрыншот з афіцыйнага трэйлера гульні
Гэта галаваломка ў стылістыцы піксэль-арта з двума дзясяткамі розных канцовак, на якія ўплывае выбар гульца. Аўтар — Лукас Поўп, былы распрацоўшчык студыі Naughty Dog, які ў пэўны час вырашыў ствараць свае ўласныя гульні. Ідэя нарадзілася ў яго пасьля шматлікіх паездак па ЗША і Японіі, дзе ён зьвярнуў увагу на працу памежнага кантролю і зацікавіўся ёй.
Papers, Please выйшла ў 2013 годзе і праз год атрымала ўзнагароду Брытанскай акадэміі кіно і тэлевізійных мастацтваў (BAFTA) за стратэгію і сымулятар.
Ёсьць у Поўпа і іншая гульня, у якой можна прымераць на сябе ролю цэнзара — The Republia Times. Тут вы гуляеце за рэдактара выданьня ў таталітарнай дзяржаве Рэпублія. Трэба адбіраць навіны, якія ўслаўляюць рэжым, але ставіць і іншыя, бо вас і вашую сям’ю могуць пакараць сьмерцю, калі чытачоў стане мала. Гульню Поўп распрацаваў усяго за 8 гадзінаў у межах гейм-джэма Ludum Dare, яна дасяжная онлайн.
Кіраваць ячэйкай супраціву ў нацысцкім Бэрліне
Вэймарская рэспубліка, 1933 год. Рэйхсканцлерам прызначаюць Адольфа Гітлера, а вы ўзначальваеце падпольную ячэйку супраціву. У гульні Through the Darkest of Times вы выконваеце ролю лідэра групоўкі, у якой могуць быць людзі розных прафэсій (чыноўнік, рабочы), так і палітычных поглядаў (камуністы, дэмакраты, манархісты).
Вам трэба выконваць заданьні, якія шкодзяць нацысцкаму рэжыму. Гэта можа быць сабатаж працы на вайсковых заводах, распаўсюд улётак, графіці на сьценах, вызваленьне вязьняў з канцлягеру. Заданьні могуць стаць складаней ці прасьцей залежна ад таго, хто менавіта з групы іх выконвае, якая ў чальца групы прафэсія ці погляды. Некаторых удзельнікаў падпольля могуць арыштаваць. Да таго ж вам будуць перашкаджаць супрацоўнікі паліцыі ды проста неабыякавыя грамадзяне.
Through The Darkest Of Times, скрыншот з афіцыйнага трэйлера гульні
У гульні ёсьць дакумэнтальна дакладныя газэты таго часу, як нацысцкія, так і апазыцыйныя і замежныя. Паводле стылістыкі, гэта пакрокавая стратэгія з 2D-графікай у стылі плякатнага канструктывізму з дакумэнтальнай сур’ёзнасьцю.
Through the Darkest of Times распрацавала маленькая студыя Paintbucket Game за тры гады, а пасьля выдала кампанія HandyGame у 2020-м. Гэта першая відэагульня ў Нямеччыне, якая атрымала дазвол на выкарыстаньне нацысцкай сымболікі.
У краме гульняў Steam гульня мае вельмі станоўчыя водгукі за аўтэнтычны сюжэт, але трапляецца і крытыка за простыя стратэгічныя мэханікі.
Пабыць фатографам у разгар рэвалюцыі
На дварэ 1979 год, вы малады іранскі фотажурналіст Рэза Шыразі, які пачынае кар’еру ў разгар паўстаньня супраць шэйха і аказваецца ўцягнутым у гісторыю рэвалюцыі. Пра гэта гульня 1979 Revolution: Black Friday.
Па мэханіцы гульцу трэба ўзаемадзейнічаць з навакольлем і прадметамі, гаварыць з людзьмі і галоўнае — фатаграфаваць падзеі. Кожны зроблены здымак суправаджаецца рэальным дакумэнтальным фота той эпохі.
Выбар гульца тут уплывае на лёсы людзей і ў выніку на ўсю гісторыю. Нагадаем, у 1979 годзе ў Іране адбылася Ісламская рэвалюцыя, якая паклала канец эпосе сьвецкай манархіі, шах Махамад Рэза Пэхлеві пад націскам пратэстаў пакінуў краіну, а ўлада перайшла да аяталы Рухалы Хамэйні, у краіне ўсталяваўся ісламскі фундамэнталізм.
Гульня 1979 Revolution: Black Friday, скрыншот з афіцыйнага трэйлера
1979 Revolution: Black Friday — яркі прыклад таго, як з дапамогай гульні можна вывучаць гісторыю. Прадукт хваляць за атмасфэрны гук, але свараць за сыры геймплэй (гульнявы працэс кампутарнай гульні з гледзішча гульца). Распрацоўшчыкі — невялікая студыя Ink Stories, большасьць аўтараў з Ірану. Яны сутыкнуліся з праблемамі з боку іранскіх уладаў: рэжысэра Навіда Хансары абвінавацілі ў прапагандзе, ён сам засьпеў рэвалюцыю ў Іране ў 10-гадовым узросьце. Многія распрацоўшчыкі вырашылі працаваць пад псэўданімамі, хаця студыя знаходзіцца ў Таронта. Сама ж гульня, якая выйшла ў 2016 годзе, у Іране забароненая.
Цяпер студыя, разам з брытанскай тэатральнай трупай RSC (Royal Shakespeare Company) працуе над сучаснай адаптацыяй п’есы «Макбэт» — гульнёй LILI. Сюжэт пераносіць гульца ў сучасны Іран. Гэта жанр інтэрактыўнага кіно, пакуль рэліз яшчэ не адбыўся, але праект ужо трапіў на Канскі фэстываль летась і стаў першым відэагульнявым праектам у конкурсе Cannes Immersive.
Уцячы праз прапагандысцкае шоў
Краіна падзеленая велізарнай сьцяной, а рэжым абяцае пераможцу дзяржаўнага тэлешоў Ministry of Broadcast магчымасьць перабрацца па той бок мяжы і ўзьяднацца зь сям’ёй. Каб атрымаць гэты шанец, удзельнікі павінны прайсьці сьмяротна небясьпечныя выпрабаваньні, якія ўжывую паказвае дзяржаўная тэлевізія.
На першы погляд гэта звычайны двухмерны плятформэр, але паступова гульня ператвараецца ў сатыру на аўтарытарныя рэжымы, дзяржаўную прапаганду і грамадзтва, у якім чалавечыя пакуты становяцца забаўляльным відовішчам. Зь цягам разьвіцьця сюжэту становіцца зразумела, што рэальнасьць істотна адрозьніваецца ад карціны, якую малюе дзяржаўная прапаганда.
Гульня Ministry of Broadcast, скрыншот з афіцыйнага трэйлера
Распрацоўшчыкі прызнаваліся, што натхняліся антыўтопіяй Джорджа Оруэла «1984» і гісторыяй Бэрлінскага муру. Пры гэтым яны падкрэсьлівалі, што не хацелі паказваць нейкую адну дыктатуру, а імкнуліся стварыць унівэрсальны вобраз аўтарытарнай дзяржавы.
Ministry of Broadcast распрацавала чэская індзі-студыя Ministry of Broadcast Studios. Гульня выйшла ў 2020 годзе і атрымала пераважна станоўчыя водгукі за атмасфэру, чорны гумар і візуальны стыль, хоць некаторыя гульцы крытыкавалі яе за адносна простыя гульнявыя мэханікі.