Як паведаміла Кіргіская служба Радыё Свабода, 13 жніўня пры дапамозе дронаў змаглі зрабіць фота і відэа на вышыні 5700–6150 мэтраў і цяпер штаб іх пераглядае. У пошуках задзейнічалі і верталёт, але ён ня змог падняцца вышэй за 5500 мэтраў праз густы туман.
На сайце, створаным для інфармаваньня аб пошуку зьніклых альпіністаў, паведамілі, што на вышыні прыблізна 4500 мэтраў пабачылі заплечнік і аранжавую рэч — імаверна, спальнік або куртку аднаго з альпіністаў.
«Больш дакладна пакуль не сказаць. Побач зь імі асобныя прадметы, мяркуючы па ўсім, з гэтага ж заплечніка. Рыштунак, імаверна, належыць аднаму чалавеку з групы. Ні саміх хлопцаў, ні іншых сьлядоў вакол і на рабры не відаць», — адзначаецца ў паведамленьні за 13 жніўня.
Удзельнікі пошукаў мяркуюць, што гэтыя рэчы згубілі на спуску. «Калі б на гэтым участку абарвалася б зьвязка, побач быў бы рыштунак і іншых удзельнікаў. Яго няма. Адкуль менавіта ўпаў заплечнік, яшчэ трэба зразумець: калі меркаваць па рэльефе, ён мог прыляцець з крутога ўчастку, што вышэй за першы лягер, з вышыні 5100–5300 мэтраў», — адзначылі ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Кіргізстане празь сьнегапад спынілі пошукі зьніклых беларускіх альпіністаў. Сваякі разьлічваюць, што яны жывыяШто папярэднічала
9 жніўня стала вядома, што пасьля ўзыходжаньня на пік Курумды 4 жніўня перасталі выходзіць на сувязь два беларускія і адзін літоўскі альпіністы.
43-гадовы Максім Палянскі, 60-гадовы Мікалай Сьвірыдаў і 37-гадовы літоўскі альпініст Сяргей Рубцоў падняліся на пік Курумды вышынёй 6613 мэтраў 1 жніўня і абвясьцілі, што пачнуць спуск 2 жніўня. Яны зьвязаліся з апэратарам і паведамілі, што гатовыя рухацца ў бок базавага лягера. У прызначаны час 4 жніўня група не прыйшла на кантрольны пункт. Дагэтуль невядома, дзе цяпер альпіністы.
Кіргіскія ратавальнікі знайшлі намёт зьніклых, аднак унутры нікога не было.
Сваякі беларускіх альпіністаў абвясьцілі збор сродкаў, неабходных для пошуку зьніклых.