Як вынікае з тэксту заявы, апублікаванай на сайце сталага прадстаўніцтва ЗША пры ААН у Жэнэве (Швайцарыя). Расеі і Беларусі сярод падпісантаў няма.
Аўтары ініцыятывы спаслаліся на нядаўнія ракетныя выпрабаваньні ў Ціхаакіянскім рэгіёне, але не ўдакладнілі, якая менавіта краіна іх праводзіла.
У пачатку ліпеня Кітай правёў у Ціхім акіяне выпрабавальны пуск «стратэгічнай ракеты» з імітатарам боегалоўкі з атамнай падводнай лодкі. Аб запуску Пэкін паведаміў толькі некалькі дзяржаў незадоўга да старту.
У заяве гаворыцца, што выпрабаваньні ракет, здольных несьці ядзерную зброю, без дастатковага папярэдняга апавяшчэньня ствараюць пагрозу для суседніх дзяржаў і павышаюць рызыку памылковай ацэнкі таго, што адбываецца.
Краіны, якія падпісалі заяву, прапанавалі папярэджваць аб такіх запусках ня менш чым за 24 гадзіны. У апавяшчэньні павінны быць указваць клясу ракеты, часовае вакно і раён запуску, а таксама меркаваны напрамак палёту. Акрамя таго, прапануецца загадзя выпускаць папярэджаньні для авіяцыі і суднаходзтва, у тым ліку аб меркаваных раёнах падзеньня ракет.
У дакумэнце адзначаецца, што такія меры не абмяжоўваюць распрацоўку ўзбраеньняў ці ваенныя магчымасьці дзяржаў, але зьніжаюць рызыку пралікаў і ненаўмыснай эскаляцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Беларусі імітавалі ракетныя пускі і паказалі, як на месцы манэўраў дастаўлялі ядзерную зброюЧаму гэта важна
З 2002 году дзейнічае Гааскі кодэкс паводзін па прадухіленьні распаўсюджваньня балістычных ракет. Яго ўдзельнікі абавязваюцца абменьвацца папярэднімі апавяшчэньнямі аб запусках балістычных ракет і ракет-носьбітаў.
Да кодэксу далучыліся больш за 140 дзяржаў, у тым ліку Беларусь як сузаснавальніца дакумэнту ў лістападзе 2002 году. Згодна з абавязкамі, Беларусь накіроўвае штогадовыя дэклярацыі, у якіх заяўляе аб адсутнасьці ўласнай ракетнай праграмы і падтрымцы міжнародных намаганьняў па нераспаўсюджаньні зброі масавага зьнішчэньня.
ААН неаднаразова асуджала запускі балістычных ракет Паўночнай Карэяй і заяўляла, яны парушаюць рэзалюцыі Рады бясьпекі.
У ноч на 12 жніўня Паўночная Карэя запусьціла сама меней адну балістычную ракету, паведамілі вайскоўцы Паўднёвай Карэі і Японіі. Гэта быў ужо 11-ты ракетны запуск КНДР з пачатку году. Пхеньян называе свае ракетныя праграмы рэалізацыяй права краіны на самаабарону.
Расея таксама праводзіла выпрабаваньні ракет без папярэдніх публічных апавяшчэньняў. Паводле аналітыкаў Nuclear Threat Initiative, у 2017-2019 гадах былі праведзены ня менш за 13 выпрабаваньняў крылатай ракеты «Буравесьнік» зь ядзернай энэргетычнай устаноўкай. Два зь іх дасьледнікі ацанілі як «часткова пасьпяховыя».