Галоўны сэнс цяперашняга візыту Лукашэнкі ў тым, каб пабачыць ідэальны, зь ягонага гледзішча, дзяржаўны лад.
КНДР — краіна-ізгой
Афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў КНДР — у пэўным сэнсе знакавая падзея. Паўночную Карэю рэдка наведваюць кіраўнікі іншых дзяржаваў. Візыт Лукашэнкі служыць ня толькі ілюстрацыяй замежнай палітыкі Беларусі, але і адлюстраваньнем нейкіх характэрных рысаў таго рэжыму, які сфармаваўся ў краіне.
Аляксандр Лукашэнка з даўніх часоў абараняў рэжым у КНДР ад ціску Захаду, прыкладам, з трыбуны ААН. Аднак да 2020 году далей дружалюбнай рыторыкі справа ў супрацоўніцтве не ішла. Прычына банальная. Пры ўсёй ідэалягічнай зацыкленасьці на барацьбе з Захадам і сяброўстве з краінамі-ізгоямі здаровы прагматызм падказваў Лукашэнку, што ў гэтай краіне няма чаго лавіць.
Бо КНДР — краіна вельмі бедная, там рэгулярна здараецца масавы голад. У 2022 годзе яе экспарт склаў усяго 304 мільёны даляраў (!). (Дзеля параўнаньня: экспарт Беларусі ў тым годзе складаў каля $46,7 млрд.) Каб атрымаць валюту, тамтэйшыя ўлады займаюцца продажам зброі, у тым ліку арганізацыям, прызнаным сусьветнай супольнасьцю тэрарыстычнымі. У абмен на валюту паўночнакарэйскія ўлады пастаўляюць працоўную сілу ў розныя краіны.
Да таго ж КНДР — абсалютны рэкардсмэн у сьвеце ў колькасьці ўведзеных супраць краіны санкцыяў. Прычым шмат якія абмежаваньні ўведзеныя рашэньнем Рады бясьпекі ААН, гэта значыць, іх падтрымалі такія пастаянныя чальцы гэтага органу як Расея і Кітай. То бок гэтая краіна стала такім infant terrible, што «дадзела» нават яе саюзьнікаў. Таму супрацоўнічаць з паўночнакарэйскім рэжымам гатовыя толькі самыя таксычныя краіны і кампаніі, якім уласная рэпутацыя няважная.
Паварот да актыўнай супрацы
Да апошняга часу Беларусь і Паўночная Карэя былі ніяк не цікавыя адна адной. Амбасада КНДР у Беларусі адкрылася ў 2016 годзе. Амбасадар зьявіўся ў 2019 годзе, але практычна пасольства так і не запрацавала.
А вось амбасады Беларусі ў КНДР няма. У Паўднёвай Карэі (Рэспубліцы Карэі) беларускае пасольства ёсьць, Лукашэнка нават у 1997 годзе нанёс у Сэул афіцыйны візыт. А з Паўночнай Карэяй гандлёвыя і палітычныя адносіны былі на мінімальным узроўні.
Аднак здарыліся падзеі 2020 году, і ўсё пачало мяняцца. КНДР падтрымала Лукашэнку. Калі яшчэ працягваліся пратэсты, трэцяга лістапада таго году паўночнакарэйскі амбасадар уручыў даверчыя граматы ўладару Беларусі. Той панаракаў на «неапраўдана нізкі ўзровень адносін» паміж краінамі.
Напад Расеі на Ўкраіну, хуткае збліжэньне Расеі і КНДР запусьцілі працэс разьвіцьця адносінаў і паміж Менскам і Пхэньянам.
У верасьні 2023 году, пасьля візыту ў Расію кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына, Аляксандар Лукашэнка прапанаваў Уладзіміру Пуціну «падумаць і аб супрацоўніцтве недзе на траіх». На яго думку, «кавалак працы і ў Беларусі там знойдзецца».
У красавіку 2024 году ў Пхэньяне пабывала дэлегацыя Беларусі на чале з намесьнікам міністра замежных справаў Яўгенам Шастаковым. Прычым беларускі бок прыхоўваў гэтую падзею: ні на сайце МЗС, ні ў дзяржаўных мэдыя пра паездку не паведамлялі.
23–25 ліпеня 2024 году КНДР наведаў міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў. У выніку візыту ён сказаў, што Паўночная Карэя — «краіна вельмі цікавая і канкрэтны прыклад, як працуюць фэйкі, якія навязваюцца міжнароднай супольнасьці празь нейкія інфармацыйныя рэсурсы».
6–8 траўня 2025 году адбыўся візыт у КНДР беларускай урадавай дэлегацыі на чале зь віцэ-прэм’ерам Юрыем Шулейкам.
3 верасьня 2025 году Аляксандар Лукашэнка меў размову з Кім Чэн Ынам у Пэкіне, дзе яны ўдзельнічалі ў цырымоніі ў гонар 80-й гадавіны заканчэньня Другой усясьветнай вайны.
Саюз ізгояў
То бок цяпер Менску няма чаго саромецца супрацы з самым адыёзным рэжымам у сьвеце. Калі рэпутацыя сапсаваная, то можна далей жыць і ні пра што не хвалявацца. Пагатоў паравозам у гэтым кірунку ідзе Расея.
Мы назіраем спробу стварэньня саюзу ізгояў: Расея — Беларусь — КНДР — Іран. Што іх яднае? Ізаляцыя, знаходжаньне пад санкцыямі і нянавісьць да Захаду. І недзе збоку стаіць Кітай.
Лукашэнка вельмі хацеў зьезьдзіць у КНДР. І з прычыны гэтага празьмернага жаданьня нават трапіў у непрыемны дыпляматычны скандал. 17 студзеня 2025 году на нарадзе аб замежнагандлёвай дзейнасьці Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «каля пяці дзяржаваў, уключаючы Пакістан, Інданэзію і КНДР, накіравалі Беларусі свае прапановы аб арганізацыі сустрэчаў на найвышэйшым узроўні для абмеркаваньня пытаньняў супрацы». Аднак літаральна празь некалькі дзён малодшая сястра паўночнакарэйскага кіраўніка Кім Чэн Ына Кім Ё Чжон зазначыла, што Пхэньян такой прапановы Беларусі не рабіў.
Але вось цяпер Лукашэнка нарэшце дачакаўся запрашэньня і зьдзейсьніў сваю мару. У чым сэнс гэтага візыту?
Наўрад ці варта чакаць ад яго нейкіх практычных вынікаў. Гандлёвыя адносіны паміж краінамі амаль на нулі. Паводле вельмі сьціплай, фрагмэнтарнай статыстыкі гандаль за год складае прыкладна $0,5–1 млн. у год. То бок ідзецца пра выпадковыя пастаўкі нейкага тавару (напрыклад, партыі мяса ў 2025 годзе). Адмоўна ўплываюць на эканамічнае супрацоўніцтва санкцыі, складаная лягістыка. А галоўнае палягае ў тым, што ў КНДР няма чым плаціць.
Магчыма, Беларусь паспрабуе ўплішчыцца, уклініцца ў супрацу ВПК Расеі і Паўночнай Карэі. Нельга выключаць зьяўленьня ў Беларусі карэйскіх рабочых. Экспарт працоўнай сілы — гэта той рэдкі «тавар», які можа пастаўляць КНДР.
Краіна мары
Калі візыты Лукашэнкі, напрыклад, у іншыя краіны Афрыкі, Азіі можна было назваць больш піяраўскімі, то паездка ў КНДР і ў гэтую катэгорыю ня ўпісваецца. Бо сяброўства з такім адыёзным рэжымам не дае нават прапагандысцкіх дывідэндаў.
Тады навошта немаладому, ня вельмі здароваму чалавеку рабіць такі доўгі ваяж, пераадольваць тысячы кілямэтраў, некалькі часавых паясоў?
Выкажу сваю, магчыма, у нечым нечаканую, гіпотэзу. Адказ на гэтае пытаньне варта шукаць у сфэры псыхалёгіі, мэнтальнасьці. Лукашэнка прыехаў у КНДР, каб пабачыць ідэальны, зь ягонага гледзішча, дзяржаўны лад. Гэтая краіна становіць сабой нейкі гістарычны атавізм, клясычную ўсходнюю дэспатыю, шматкроць апісаная ў літаратуры.
Магчыма, для Лукашэнкі гэта краіна недасяжнай мары. Ён хацеў бы, каб і ў Беларусі людзі хадзілі шыхтом, упадалі ў экзальтацыю ад сустрэчы з уладаром, будавалі мэмарыялы кшталту «палацу Сонца», прысьвечанаму «несьмяротнасьці правадыроў», каб быў свой уласны інтэрнэт бяз доступу ў глябальную сетку і можна было прызначыць дзяцей пераемнікамі незалежна ад узросту. Вось жа, паводле зьвестак паўднёвакарэйскай выведкі, 13-гадовая дачка Кім Чэн Ына, Кім Чжу Э, разглядаецца як асноўная пераемніца лідэра КНДР. Але мара недасяжная таму, што пабудаваць у Беларусі падобную сыстэму немагчыма, бо народ, культура, традыцыі іншыя. А вось у Паўночнай Карэі атрымалася, там, паводле Лукашэнкі, «дысцыплінаваны народ».
І каб пабачыць ужывую ідэальную дзяржаву — дзеля гэтага варта было ляцець за тысячы кілямэтраў. Не абавязкова пераймаць досьвед, а проста каб палюбавацца чужым шчасьцем.
Форум