Міліцыя Гомельскай вобласьці расказала, што за паўгода ўжо дэпартавала 20 працоўных мігрантаў

Група ўзбэцкіх мігрантаў у Беларусі, ілюстрацыйнае фота

Аднак пераважная большасьць працоўных мігрантаў, якія прыехалі працваць у рэгіён, не парушае ніякіх законаў.

Статыстыку злачыннасьці ў Гомельскай вобласьці падаў начальнік УУС аблвыканкаму Аляксандар Шастайла.

За першае паўгодзьдзе 2026 году іншаземцы ўчынілі каля 2% усіх злачынстваў у рэгіёне, грамадзяне дзяржаў Сярэдняй Азіі фігуруюць у міліцэйскіх пратаколаў у такіх справах «у адзінкавых выпадках», піша Гомельская праўда.

Да парушальнікаў, як сказаў Шастайла, у выпадку парушэньняў ці злачынстваў прымяняюць меры, у тым ліку прымусовую дэпартацыю. За першыя паўгода знаходжаньне на тэрыторыі Гомельскай вобласьці спынілася для 250 чалавек, а больш за 20 зь іх дэпартавалі ў прымусовым парадку.

Таксама міліцэйскі начальнік зьвярнуў увагу на зьмены ў заканадаўстве. Цяпер наймальнікі, суб’екты гаспадараньня Беларусі, якія прыцягваюць замежную працоўную сілу, нясуць адказнасьць за гэты працэс. У парадак запрашэньня працоўных мігрантаў уключылі Міністэрства замежных спраў.

Прадпрыемства або арганізацыя, якія жадаюць запрасіць іншаземца на працу, падаюць заяўку праз МЗС. Далей інфармацыя паступае ва УУС, дзе правяраюць патэнцыйных мігрантаў па сваіх уліках.

Калі чалавек не нясе пагрозы для нацыянальнай бясьпекі, даецца згода на яго прыбыцьцё і знаходжаньне ў Беларусі. Пасьля ідзе падпісаньне працоўнай дамовы, у якім прапісаныя абавязкі бакоў. Наймальнік дае працоўнае месца, спэцыяльную вопратку і своечасова выплачвае заработную плату.

Чаму гэта важна

Беларусь сутыкаецца з вострым дэфіцытам кадраў. Банк вакансій налічвае дзясяткі тысяч прапаноў, асабліва ў прамысловасьці, будаўніцтве і мэдыцыне.

Гэта выклікана дэмаграфічнай сытуацыяй і міграцыяй беларусаў за межы краіны, як працоўнай, гэтак і палітычнай. Сотні тысяч беларусаў вымушаныя былі ўцячы ад перасьледу паводле палітычных прычын.

У выніку Лукашэнка прапаноўвае займаць працоўныя месцы мігрантам з азіяцкіх краін.

У ліпені ў Беларусь прыбыла першая група з 255 жыхароў Узбэкістану, якія выказалі жаданьне працаваць у Беларусі. Але ўжо 15 ліпеня ў сацыяльных сетках апублікавалі відэазварот ад узбэкаў з крытыкай умоваў. Ім прапанавалі па 500 даляраў і вельмі сьціплыя ўмовы пражываньня. На гэта ўзбэкі не пагадзіліся. Пазьней справу залагодзілі, прапанаваўшы лепшыя ўмовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ня толькі эміграцыя. Палітоляг Турарбекава пра тое, чаму ў Беларусі не хапае некаторых спэцыялістаў


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рабочаму з Узбэкістану $700, інжынэру зь Беларусі $518. Колькі зарабляюць у рэгіёнах, куды запрасілі працаваць іншаземцаў