ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На 80-м годзе жыцьця памёр беларускі палітык і грамадзкі дзеяч Аляксандар МілінкевічПра выбарчую кампанію 2006 году, у якой ён быў кандыдатам на прэзыдэнта (верасень 2015)
— У беларускай апазыцыі доўгі час панавала думка, што, каб перамагчы рэжым, трэба атрымаць ярлык у Маскве. Я не кажу, што гэтыя людзі, якія шукалі там падтрымкі — гэта расейскія агенты, але была такая традыцыя. Вось і Ўладзімер Ганчарык у інтэрвію вам казаў, што Масква абяцала яго падтрымаць, але потым перадумала. Тое самае казаў і Казулін, які заяўляў, што ў яго ёсьць падтрымка Масквы. Гэта такая наша трохі бізантыйская традыцыя.
Расея, вядома, была нездаволеная нашым Кангрэсам, бо на ім перамаглі праэўрапейскія нацыянальна-дэмакратычныя сілы. І ішла барацьба дзьвюх плыняў — самастойнай стратэгіі і маскоўскай стратэгіі. У нас былі розныя пазыцыі, падыходы да Плошчы — я быў за Плошчу, а штаб Казуліна супраць. Але мы больш-менш спрабавалі захаваць адзінства.
Аляксандар Мілінкевіч (1947-2026). Жыцьцё ў фота
Пра «Плошчу-2006» (верасень 2015)
— Я лічу, што Плошча была неабходная, і слава Богу, што яна атрымалася мірнай. Нам удалося прадухіліць вельмі сур’ёзныя правакацыі, якія маглі скончыца яшчэ горш, чым у 2010 годзе. Бо снайпэры былі на дахах. Сваёй заслугай я лічу тое, што мы не павялі людзей гуляць па горадзе. Бо ня тыя былі сілы, не было ў нас надта шмат людзей. Мы спадзяваліся на тое, што калі мы выйдзем на Плошчу, то спыняцца заводы, спыняцца ўнівэрсытэты — мы працавалі над гэтым. У першы дзень мы лічылі, што намётавы гарадок трэба ставіць у парку Горкага, і да гэтага рыхтаваліся. Мы думалі, што нас ня пусьцяць на Кастрычніцкую. Моладзь зрабіла Плошчу на другі дзень.
Ведаеце, пратрымаць тых людзей, якія прыйшлі на мітынг, без намётаў да раніцы... Я баяўся, што тады яны ня прыйдуць на наступны дзень. У нас не атрымалася, каб працэс пайшоў па нарастаньні — грамадзтва не адгукнулася да канца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Мілінкевіч: «У апазыцыі доўгі час панавала думка, што для перамогі трэба атрымаць ярлык у Маскве»Пра тое, чаму ў 2006 годзе пратэст не перамог (сакавік 2016)
— У 2006 годзе яшчэ было перакананьне, што мы можам паўтарыць досьвед Бялграда, Кіева ці Тбілісі. Я разумею, што сёньня ідэя каляровай (мірнай, народнай) рэвалюцыі дыскрэдытаваная, лічыцца, што гэта ператворыцца ў нешта абавязкова крывавае. Але ў 2006 годзе гэта было ня так.
Цяпер, праз 10 гадоў пасьля падзеяў Плошчы-2006, я зрабіў такую выснову: у Беларусі ва ўмовах жорсткага аўтарытарнага рэжыму каляровая рэвалюцыя спрацаваць не магла. З той прычыны, што ў нас, у адрозьненьне ад Сэрбіі і Ўкраіны, не было прыватных тэлевізійных каналаў і няма апазыцыйных дэпутатаў у парлямэнце. Ва Ўкраіне і ў Сэрбіі не было татальнага страху, які быў у нас. А страх быў вельмі моцны і абгрунтаваны. Яшчэ адна рэч, якую варта браць у разьлік: дэмакратычны кандыдат павінен мець падтрымку прынамсі паловы выбарцаў, чаго нам, на жаль, ня стала ў 2006 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Мілінкевіч: Празь 10 год пасьля Плошчы Каліноўскага я зразумеў, што народная рэвалюцыя ў Беларусі немагчымая. Пакуль штоПра свае парады на адпачынак
— Мой досьвед вельмі просты: я сам магу добра адпачыць на беларускай прыродзе. Для мяне гэта вёска, зь якой зьвязаныя 8 пакаленьняў Мілінкевічаў, для іншых — іншыя месцы. Таму мая парада — больш выяжджаць на прыроду. Мы ўсе думаем пра Турэччыну, Грэцыю, Эгіпет. Канешне, і туды варта зьезьдзіць, але і ў Беларусі зараз ёсьць цудоўныя магчымасьці адпачыць. У каго няма сваёй хаты ці месца на прыродзе, дык ёсьць недарагі зялёны турызм. Многія, хто ім карыстаюцца, адкрываюць Беларусь па-новаму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лета Аляксандра Мілінкевіча: «У Берштах інтэрнэт хутчэйшы, чым у Варшаўскім ўнівэрсытэце»Пра паводзіны ўладаў падчас эпідэміі каранавірусу (травень 2020)
— Самае кепскае, што робіць улада, — яна гаворыць няпраўду. Казаць, што каранавірус — чарговы грып, — гэта або неадэкватнасьць, або хлусьня. Калі Лукашэнка баіцца, што будзе паніка, то паніка ўзьнікае ня з гэтай прычыны. Паніка або сацыяльныя выбухі наступаюць не тады, калі кепска, а тады, калі чалавек чакае лепшага, бо яму так абяцалі, а гэтага лепшага няма. І тое, што ўлада дагэтуль не сказала, якія будуць гарантыі ад ураду, ці будуць выплаты людзям, якія не працуюць не з сваёй віны, ці будзе дапамога па беспрацоўі, моцна напружвае і расчароўвае людзей. Бо абяцалі сацыяльную дзяржаву, а цяпер кінулі людзей сам-насам зь бядою: «Вы там самі вырашайце». Гэта выклікае ў людзей вялікі непакой.
Пра прэзыдэнцкую выбарчую кампанію 2020 году (травень 2020)
— Але я вось ня ведаю, якую Беларусь хоча будаваць Цапкала. Ня ведаю, якая Беларусь Бабарыкі. Людзі найчасьцей задаюць пытаньне — яны ад улады ці самастойна. Але ёсьць яшчэ ж адзін варыянт. А можа яны ідуць ад Расеі? Я не хварэю на кансьпіралёгію і шпіёнаманію, проста жадаю ведаць, што будзе зь Беларусьсю, калі прыйдуць новыя, хоць і вядомыя людзі. Яны пакуль кажуць, што нельга агучваць праграму.
Мы таксама ўдзельнічалі ў розных палітычных кампаніях, але пра асноўныя прынцыпы заўсёды адразу казалі. Прынцыпы вельмі важныя. Калі я чую на пытаньне «Чый Крым» адказ Бабарыкі, які сыходзіць ад канкрэтыкі паўжартам, то ў мяне гэта выклікае велізарны непакой. Для мяне прычына тут вельмі простая — ён хоча спадабацца Маскве...
Згодны, краіна хоча пераменаў. І калі я кажу пра стратэгіі Масквы, то гэта ня значыць, што я абвінавачваю тых жа Бабарыку і Цапкалу ў здрадзе. Ня маю пацьверджаньня, значыць, ня маю права. Мая мэта папярэдзіць — трэба быць пільнымі. Асабліва сёньня, калі на кану існаваньне дзяржавы. Мне падабаецца, што такія людзі з гісторыяй посьпеху і выдатнымі CV прыходзяць у палітыку, і, маю надзею, не на адну кампанію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Крэмль рыхтуе сабе «новага Лукашэнку». Шчырая гутарка зь Мілінкевічам пра пандэмію і палітыкуПра першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча (травень 2022)
— Калі я працаваў у Горадзенскім гарвыканкаме, актыўна спрыяў беларусізацыі, хадзіў па школах і пераконваў бацькоў, каб аддавалі дзяцей у беларускамоўныя клясы, то многія зь іх казалі: «Так, гэта варта рабіць, бо кіраўнік дзяржавы Шушкевіч гаворыць па-беларуску».
Шушкевіч — чалавек высокай культуры, для мяне ён абсалютны незалежнік. Для яго адраджэньне культуры, гісторыі, праўды, мовы было асновай ягонай палітычнай дзейнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Бацькі казалі: «Аддамо дзяцей у беларускамоўныя клясы, бо кіраўнік дзяржавы Шушкевіч гаворыць па-беларуску», — МілінкевічПра гісторыю рэпрэсіяў супраць сваёй сям’і (сакавік 2024)
— Калі я быў маленькі, я ня мог зразумець, чаму завязаныя вузялкі стаялі каля ложка. Ужо і Сталіна не было. Вядома чаму. Бо ў Горадні большасьць інтэлігенцыі павывозілі невядома куды, і большасьць не вярнулася. Асабліва часта вывозілі былых служачых, якія за польскім часам працавалі на пошце, настаўнікаў, дактароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«На карысьць дзяржавы». Прадзеда выселілі, дзеда пасадзілі, бацьку ледзь не расстралялі. Гісторыя рэпрэсій сям’і палітыка МілінкевічаПра тое, як пратэсты 2020 году памянялі Беларусь (чэрвень 2024)
— Мы дамагліся неверагодна шмат, нягледзячы на дыктатуру. Калі абіралі Лукашэнку ў 1994 годзе, у людзей не хапала палітычнай культуры і разуменьня, што з гэтага можа выйсьці. Не хапала разуменьня, хто мы такія і куды нам ісьці.
Зараз грамадзтва зусім іншае, гэта проста неба і зямля. Грамадзтва прадэмакратычнае. Бо ў 2020 годзе людзі выйшлі не за лусту хлеба, не з эканамічнымі патрабаваньнямі — яны выйшлі за годнасьць... Гэта маральная каштоўнасьць, эўрапейская.
Беларусы, можа, і несьвядома, выступаюць за эўрапейскі лад жыцьця. Беларусы аб’езьдзілі ўвесь сьвет, яшчэ нядаўна мелі больш за ўсіх на сьвеце шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва. Беларусы ўмеюць аналізаваць і знаходзіць інфармацыю. Сёньня грамадзтва гатовае будаваць эўрапейскую і беларускую Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«У 2020 годзе людзі выйшлі не за лусту хлеба, яны выйшлі за годнасьць», — Аляксандар Мілінкевіч у праекце «Сьведкі Лукашэнкі»Пра тое, чаму Лукашэнка вызваляў палітвязьняў у 2008 і 2014 годзе (студзень 2025)
— Чаму менавіта ў гэты момант Лукашэнка вызваляе палітвязьняў? Таму што Лукашэнка кожны раз вельмі моцна палохаўся, што зь ім можа адбыцца падобнае. І можа і Беларусь быць далучаная так, як гэтыя тэрыторыі суседзяў былі далучаныя да Расейскай Фэдэрацыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Што Саакашвілі казаў Лукашэнку, каб вызвалілі палітвязьняў. Тлумачыць МілінкевічШто варта рабіць, каб у Беларусі адбыліся перамены (жнівень 2025)
— Я не лічу 2020-ы год паразаю. Мы не перамаглі палітычна, але ёсьць іншыя перамогі. Адрадзілася нацыя. Што можа быць важней?
Што цяпер трэба рабіць? Не губляць духу. Не «мачыць» адзін аднаго. Быць прыязным, умець ствараць кааліцыі, бо ў адзінстве наша сіла. І рабіць малыя крокі. Гэта, можа, многім надакучыла, але ў палякаў, чый досьвед нам вельмі важны і тыповы для нас, ёсьць песьня сатырыка Лунарскага: «Робім мы сваё». Кожны сваё, колькі можа: можа — празь дзень, можа — раз на месяц, а можа — і больш. Таму не скісаць, а верыць у тое, што дабро заўсёды пераможа.
Час складаны, бо сьвет моцна мяняецца. Дэмакратыі і лібэралы прайграюць дыктатурам, можа, часова, а можа — і не. І ў гэтым сьвеце мы мусім сябе знайсьці.