Цяпер вытворчасьць спыненая, беларус у ізалятары, аўстрыйскія службы працягваюць расьсьледаваньне.
У Аўстрыі выкрылі схему незаконных паставак у Расею тавараў вайсковага прызначэньня. Венская кампанія пастаўляла абсталяваньне, якое выкарыстоўвалася для вытворчасьці рухавікоў для расейскіх ракет і зьнішчальнікаў. Гэта парушэньне санкцый Эўрапейскага зьвязу, паведаміла агенцтва Reuters з спасылкай на Міністэрства ўнутраных спраў Аўстрыі.
Кампанія фальсыфікавала сэртыфікаты канцавога адрасату пастаўкі абсталяваньня, якое знаходзіцца пад санкцыямі.
Сярод прадукцыі былі спэцыяльныя мэталаапрацоўчыя інструмэнты і станкі зь лічбавым праграмным кіраваньнем (ЛПК), якія можна выкарыстоўваць для вырабу дэталяў і інструмэнтаў.
У МУС Аўстрыі дадалі, што кіраўніком прадпрыемства быў беларус. 28-гадовага мужчыну арыштавалі яшчэ ў траўні, ён пад сьледзтвам і застаецца пад вартай. Ягонага імя не называюць.
Кампанія, імя якой міністэрства не назвала, хавала свае пастаўкі празь сетку падстаўных кампаній у Турэччыне, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Ганконгу, Беларусі, Кыргызстане, Паўднёвай Карэі, Польшчы і Літве, высьветліла сьледзтва.
«Недапушчальна, каб высокадакладныя эўрапейскія тэхналёгіі былі накіраваныя на вытворчасьць крылатых ракет і сыстэмаў супрацьпаветранай абароны», — заявіў намесьнік міністра выведкі Аўстрыі Ёрг Ляйхтфрыд.
Ён дадаў, што дзяржава будзе працягваць ісьці на рашучыя меры супраць тых суб’ектаў, якія спрабуюць абыйсьці юрыдычныя забароны на падтрымку расейскай зброевай прамысловасьці.
Міністэрства паведаміла, што абсталяваньне пастаўлялася кампаніям, зьвязаным з расейскім дзяржаўным прамысловым канглямэратам «Растэх».
Апошнія высновы сьледчых ясна паказваюць, што тавары выкарыстоўваліся для вырабу вайсковай тэхнікі, у тым ліку рухавікоў для крылатых ракет і зьнішчальнікаў.
Пасольства Расеі ў Вене адмовілася даць камэнтары журналістам. «Растэх» не адразу адказаў на просьбу аб іх.
У той жа дзень, калі арыштавалі галоўнага падазраванага, улады сканфіскавалі станкі з ЛПК і рыштунак коштам каля 140 000 эўра.
Доказы, вынятыя ў час чатырох рэйдаў у жніўні 2025 году, сьведчаць пра тое, што з 2022 году расейскім вытворцам зброі паставілі прамысловых тавараў на суму больш за 3,3 мільёна эўра, дадалі ў міністэрстве.
Абыход санкцый
З моманту пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў лютым 2022 году ў краінах Эўразьвязу і іншых дзяржавах выкрылі шмат незаконнай дзейнасьці, якая дапамагала расейскаму войску. У ёй бралі ўдзел і грамадзяне Беларусі.
Адзін з найбольш сьвежых прыкладаў — Польшча, дзе ў лютым 2026 году арыштавалі чатырох беларусаў і двух палякаў за спробу незаконных паставак у Расею прадукцыі, якая магла б выкарыстоўвацца ў вытворчасьці баявых бесьпілётнікаў. Складнікі спрабавалі незаконна ўвезьці праз тэрыторыю Беларусі, каб яны затым трапілі ў Расею.
Польская пракуратура тады правяла шэраг ператрусаў у краіне, арыштавала падазраваных і спыніла дзеяньне схемы.
Эўразьвяз з пачатку поўнамаштабнай вайны прыняў ужо 21 пакет санкцый, у якія ўключаная і Беларусь. Пільную ўвагу ЭЗ прыцягваюць тавары і паслугі, якія могуць выкарыстоўвацца Расеяй для ўзмацненьня войска і працягу вайны. Парушэньне абмежаваньняў цягне крымінальныя справы, якія заводзяць супраць вінаватых.