Уладзімір Зяленскі падпісаў указ, паводле якога пад санкцыі падпадаюць 23 кампаніі і 20 зьвязаных зь імі асобаў, «якія вырабляюць і пастаўляюць абсталяваньне і складнікі для расейскага вайскова-прамысловага комплексу і праваахоўных органаў у абыход санкцый».
Сярод новых арганізацый у санкцыйным сьпісе — зарэгістраваная ў Аршанскім раёне «Кідма Тэк», якая вырабляе аптычныя прыборы, сыстэмы супрацьпаветранай абароны і рэактыўныя сыстэмы залпавага агню, рамантуе самалёты і супрацьтанкавыя кіраваныя ракеты. На «Кідма Тэк», сярод іншага, вырабляюць рабатызаваныя агнявыя комплексы «Бэрсэрк».
Другое прадпрыемства — «Ціса», зарэгістраваная ў Маладэчне. «Ціса» займаецца праектаваньнем і будаўніцтвам лябараторый, памяшканьняў у лякарнях, фармацэўтычных прадпрыемствах, памяшканьняў у электроннай галіне. Таксама кампанія вырабляе абсталяваньне для абароны ад радыяцыйнага выпраменьваньня ў мэдыцыне і прамысловасьці.
Хто яшчэ трапіў пад абмежаваньні?
Сярод расейскіх арганізацый, на якія распаўсюджваюцца санкцыі, — кампанія «Спецэлектронкомплект», якая займаецца вытворчасьцю кіраваных авіяцыйных ракет, і кампанія «Аўрум», якая пастаўляе сыстэмы радыёэлектроннай барацьбы і бесьпілётнікі.
У сьпіс таксама ўключылі расейскія ІТ-кампаніі, якія ствараюць лічбавыя разьвязаньні і праграмы інфармацыйнай бясьпекі для дзяржаўных і прыватных заказчыкаў.
Акрамя таго, пад санкцыямі цяпер «Завод імя Марозава», які ўваходзіць у склад санкцыйнай карпарацыі «Растэх». Там вырабляюць выбуховыя рэчывы, ракетнае паліва і матэрыялы для ракетных сыстэмаў, у прыватнасьці, пастаўляюць цьвёрдапаліўныя зарады для рухавіка балістычнай ракеты «Іскандэр-М».
Папярэднія санкцыі Ўкраіны супраць беларускіх прадпрыемстваў
Украіна ў траўні ўвяла санкцыі супраць Беларускай нафтавай кампаніі (БНК), а таксама беларуска-кітайскага прадпрыемства вайскова-прамысловага комплексу «Волат-Санцзян». тыя абмежаваньні былі сынхранізаваныя з пастановай Рады Эўразьвязу.
Рада ЭЗ у абгрунтаваньні свайго красавіцкага рашэньня адзначала, што створанае Менскім заводам колавых цягачоў (МЗКЦ) сумеснае прадпрыемства «Волат-Санцзян» вырабляе колавыя шасі для вайсковай тэхнікі, уключаючы рэактыўныя сыстэмы залпавага агню, якія выпускаюцца МЗКЦ. Такім чынам, яно зьяўляецца часткай вайскова-прамысловага комплексу Беларусі, «удзельнічаючы ў распрацоўцы, вытворчасьці і пастаўцы вайсковай тэхнікі і абсталяваньня».
Аналягічныя фармулёўкі тычыліся кітайскага заснавальніка кампаніі. Рада ЭЗ падкрэсьлівала, што «упершыню ў рамках санкцыйнага рэжыму супраць Беларусі пад санкцыі трапляе кітайская дзяржаўная кампанія — праз яе ўдзел у вытворчасьці беларускай вайсковай прадукцыі».
Беларуская нафтавая кампанія, гаварылася ў абгрунтаваньні, зьяўляецца «вядучым экспарцёрам нафтапрадуктаў Беларусі», якая «належыць некалькім буйным прадпрыемствам нафтаздабычы і нафтаперапрацоўкі Рэспублікі Беларусь, уключаючы «Беларуснафту» і «Нафтан».
Форум