На «Беларуськаліі» загінуў рабочы, завялі крымінальную справу. Гэта другі выпадак з чэрвеня

«Беларуськалій» . Ілюстрацыйнае фота

Трагедыя адбылася 6 жніўня. Пра яе паведамілі на наступны дзень.

На прадпрыемстве «Беларуськалій» паведамілі, што 6 жніўня на рудніку 4 рудаўпраўленьня пры падключэньні электрычнага кабэлю да праходчага комплексу сьмяротную траўму атрымаў 29-гадовы электрасьлесар рамонту абсталяваньня Раман Тысевіч.

«Камісія расьсьледуе абставіны і прычыны няшчаснага выпадку», — адзначаецца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Менску на будоўлі найбольшага прыватнага забудоўніка Беларусі абрынуліся рыштаваньні: адзін чалавек загінуў

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу

Салігорскі раённы аддзел Сьледчага камітэту завёў крымінальную справу паводле артыкулу 144 (прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці).

«Падчас сьледзтва высьветляць усе абставіны здарэньня, а таксама прычыны і ўмовы, якія прыялі да гібелі рабочага», — адзначылі ў афіцыйным паведамленьні.

Папярэдне, падчас выкананьня работ сьлесара ўдарыла токам.

На месцы здарэньня працавала сьледча—апэратыўная група.

Якія інцыдэнты здараліся раней

Сёлета 11 чэрвеня на рудніку 3-га рудаўпраўленьня пры ўзьвядзеньні дзьвярной солебэтоннай перамычкі (гарызонт 620 м) адбылося яе разбурэньне. У выніку здарэньня сьмяротныя траўмы атрымаў 51-гадовы мацавальнік падземнага ўчастку вэнтыляцыі і сьвідравальна-выбуховых работ. Яшчэ два чалавекі атрымалі траўмы — 35-гадовы трактарыст участку і навучэнец Салігорскага горна-хімічнага каледжу, які праходзіў вучэбную практыку на рудніку.

Перад гэтым апошнім вядомым выпадкам гібелі рабочага на «Беларуськаліі» было здарэньне 26 лютага 2024 году. Пра яго таксама паведамілі на наступны дзень. Трагедыя здарылася на рудніку іншага рудаўпраўленьня — першага. Тады ў начную зьмену пры рамонтных работах на самаходным вагоне атрымаў сьмяротную траўму Аляксандар Шыбут.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На «Беларуськаліі» загінуў рабочы, ёсьць траўмаваныя. Завялі крымінальную справу