12 чэрвеня раніцой «Беларуськалій» у сваім афіцыйным канале паведаміў, што 11 чэрвеня на рудніку 3-га рудаўпраўленьня пры ўзьвядзеньні дзьвярной солебэтоннай перамычкі (гарызонт 620 м) адбылося яе разбурэньне.
У выніку здарэньня сьмяротныя траўмы атрымаў 51-гадовы мацавальнік падземнага ўчастку вэнтыляцыі і сьвідравальна-выбуховых работ. Імя загінулага пакуль не раскрываюць.
У здарэньні атрымалі траўмы 35-гадовы трактарыст участку і навучэнец Салігорскага горна-хімічнага каледжу, які праходзіць вучэбную практыку на рудніку.
Прычыны і абставіны няшчаснага выпадку высьвятляюць.
Кіраўніцтва прадпрыемства «Беларуськалій» выказала глыбокія спачуваньні родным і блізкім загінулага работніка. Пацярпелым надалі мэдычную дапамогу.
Што сказалі сьледчыя
На месцы трагедыі працавала сьледча-апэратыўная група з удзелам судовых экспэртаў. Яны агледзелі месца здарэньня, дапыталі сьведкаў, прызначылі экспэртызы. На прадпрыемстве для вывучэньня забралі дакумэнты, у тым ліку аб выкананьні тэхнікі бясьпекі і аховы працы.
Па гэтым факце завялі крымінальную справу паводле ч. 2 артыкулу 303 — парушэньне правілаў бясьпекі горных ці будаўнічых работ, якое прывяло да сьмерці чалавека зь неасьцярожнасьці.
Сьледчыя дзеяньні працягваюць, каб высьветліць усе абставіны, прычыны і ўмовы здарэньня.
Якія інцыдэнты здараліся раней
Бадай, апошнім вядомым выпадкам гібелі рабочага на «Беларуськаліі» было здарэньне 26 лютага 2024 году. Пра яго таксама паведамілі на наступны дзень. Трагедыя здарылася на рудніку іншага рудаўпраўленьня — першага. Тады ў начную зьмену пры рамонтных работах на самаходным вагоне атрымаў сьмяротную траўму Аляксандар Шыбут.
Роўна год таму, 11 чэрвеня 2025 году, у Беларусі таксама адбылася трагедыя, у якой загінуў рабочы. Тады на будоўлі ў Мачулішчах абвалілася люлька.
Форум