Як паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў Беларусі, ратаўнікі спрабуюць знайсьці пад заваламі канструкцыяў іншых магчымых пацярпелых.
На месцы інцыдэнту працуюць 10 адзінак тэхнікі.
Пазьней у Сьледчым камітэце Беларусі паведамілі, што Цэнтральны раённы аддзел Менску завёў крымінальную справу паводле часткі 2 артыкулу 303 Крымінальнага кодэксу (парушэньне правілаў бясьпекі будаўнічых работ, якія выклікалі сьмерць чалавека па неасьцярожнасьці).
Паводле сьледзтва, у момант падзеньня на канструкцыях знаходзіліся будаўнікі. Загінуламу было 37 гадоў. Шэсьць яго калег шпіталізавалі з цялеснымі пашкоджаньнямі рознага ступені цяжкасьці.
У Сьледчым камітэце паабяцалі высьветліць усе абставіны інцыдэнту, у тым ліку прычыны і ўмовы, якія прывялі да трагедыі.
Што вядома пра забудоўніка
Дзевяціпавярховы дом, каля якога абрынуліся рыштаваньні, будуецца ў межах праекту жылога комплексу DEPO — гэта адзін з найбольш маштабных і дарагіх праектаў элітнай забудовы ў гісторыі Менску. Яго ўзводзяць у межах вуліц Чырвоная — Кісялёва — праспэкт Незалежнасьці на месцы колішняга тралейбуснага дэпо № 1 каля плошчы Перамогі.
Плошча комплексу складае 6,7 гектара. Усяго плянуюць пабудаваць 21 рознапавярховы жылы дом. Каб захаваць гістарычную панараму праспэкту, колькасьць паверхаў будзе рознай — ад 5 да 9. У жылым комплексе плянуюць пабудаваць 557–566 кватэраў павышанага камфорту, уключна з пэнтгаўзамі.
Будаўніцтва вядзе найбольшы ў Беларусі прыватны забудоўнік — кампанія «А-100 Дэвелапмент» (зарэгістраваная пад назвай «Астодэвелапмент»). У яе актыве больш за 216 рэалізаваных аб’ектаў, у тым ліку такія, як «Новая Баравая» і «Зялёная гавань».
Заснавальнікам і ўласьнікам кампаніі ёсьць беларускі бізнэсовец Аляксандар Цэнтэр.
Статыстыка сьмяротных выпадкаў на вытворчасьці
Выданьне «Позірк» з спасылкай на інфармацыю Генэральнай пракуратуры Беларусі паведаміла, што ў 2025 годзе 1835 чалавек атрымалі траўмы на вытворчасьці, зь іх 103 чалавекі загінулі.
У 2024 годзе 1849 чалавек атрымалі траўмы, зь іх 105 загінулі.
5 траўня намесьнік дырэктара дэпартамэнту кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржаўнага камітэту стандартызацыі Вадзім Караленка паведаміў, што за чатыры месяцы 2026 году на будаўнічых пляцоўках Беларусі праведзена больш за 3400 наглядных захадаў. Паводле яго, за парушэньні нормаў і умоваў працы выдалі прыблізна 2,7 тысячы патрабаваньняў і наказаў, а да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнулі 25 адказных асобаў.
Форум