Арганізацыя марскіх гандлёвых апэрацый Вялікай Брытаніі (UKMTO) 6 жніўня паведаміла, што падчас праходжаньня праз Армускую пратоку каля ўзьбярэжжа Амана на нафтавым танкеры адбылося некалькі выбухаў.
Як адзначыла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, гэта адбылося пасьля таго, як чыноўнікі Міністэрства замежных спраў Ірану заявілі, што яны вядуць перамовы з Аманам аб сумесным кіраваньні гэтым стратэгічным водным шляхам.
«Капітан танкера паведаміў, што чуў два выбухі падчас праходжаньня праз Армускую пратоку», — паведаміла UKMTO на сваёй старонцы на плятформе X.
Інцыдэнт адбыўся за 9 марскіх міль на паўднёвы ўсход ад узьбярэжжа Амана позна ўвечары 5 жніўня.
У арганізацыі дадалі, што, згодна з атрыманым паведамленьнем, экіпаж і судна не пацярпелі, інфармацыю пра шкоду навакольлю не паведамілі.
Іран, які некалькі разоў закрываў Армускую пратоку з пачатку амэрыкана-ізраільскай апэрацыі, раней адкрываў агонь па суднах, якія, як тлумачылі ў Тэгеране, праходзілі па недазволеных маршрутах.
Трамп настойвае на перамовах, але не выключае ваенных дзеяньняў
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 5 жніўня заявіў, што ён аддае перавагу дасягненьню дыпляматычнага пагадненьня з Тэгеранам, чым новым ваенным дзеяньням супраць Ірану.
«Мы альбо заключым зьдзелку, альбо скончым працу. І скончыць працу будзе няцяжка. Я б лепш заключыў зьдзелку, таму што я не хачу, каб гэта паўплывала на 91 мільён чалавек», — сказаў Дональд Трамп у Лас-Вегасе.
Гэтая заява прагучала пасьля таго, як адміністрацыя Трампа паведаміла, што працягне перамовы з Іранам, у тым ліку аб аднаўленьні Армускай пратокі.