«Жыцьцё вельмі афігенная штука». Як беларускі мільянэр страціў усё і цяпер робіць хаткі для турыстаў

Расказваем гісторыю бізнэсоўца Валера Астрынскага, які зарабляў мільёны даляраў у Беларусі, а потым страціў бізнэс і ў эміграцыі пачаў новую справу. Цяпер ягоная кампанія робіць хаткі для адпачынку. Яна пакуль не прыносіць такіх грошай, як былы бізнэс, але дае эмоцыі і адчуваньне казкі.


Валер Астрынскі — прадпрымальнік, які ў Беларусі быў мільянэрам, але страціў амаль усё і цяпер пачынае новы бізнэс у новай краіне. Калісьці ён зарабляў як гандляр, цяпер жа — як будаўнік і крыху казачнік. «Я разумею, як зараз зарабіць мільёны», — кажа ён. Але ня тое каб імкнецца да гэтага. Астрынскаму 48 гадоў. Ён паходзіць зь вёскі Барава Івейскага раёну Горадзенскай вобласьці. Жанаты, пара гадуе чатырох сыноў. Сям’я цяпер жыве ў Гданьску.

Валер Астрынскі раней гандляваў стальлю і ўкладаў грошы ў IT-стартапы. Свой першы мільён даляраў зарабіў у 27 гадоў. Уваходзіў у дзьве сотні найбагацейшых людзей Беларусі. Аднак у 2021 годзе страціў амаль усё праз крымінальную справу. Астрынскага абвінавацілі ў тым, што ён нібыта не даплаціў падаткі дзесяць гадоў таму. У выніку бізнэсовец заплаціў дзяржаве штраф у паўтара мільёна даляраў. Але яго ўсё адно асудзілі на 2,5 году «хатняй хіміі».

Валер Астрынскі

Пакараньне Валер вырашыў адбываць на хутары, у хаце сваёй бабулі ў Івейскім раёне. Тады ж яму прыйшла ідэя стварыць ўласную беларускую вёску. Раней Валер набыў некалькі вясковых хатаў і падарыў сябрам. Падчас «хатняй хіміі» бізнэсоўцу нельга было займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю. І ён заняўся агратурызмам у гэтых хатах.

Круглыя вокны, круглы дах, круглы стол

Калі Астрынскі скончыў адбываць «хатнюю хімію», ён зь сям’ёй пераехаў у Гданьск. У новай краіне бізнэсовец працягнуў ідэю зь вёскай і ўжо больш за год разьвівае новую справу — робіць хаткі для адпачынку.

«Мне хацелася прыйсьці ў нішу агратурыстыкі, бо гэта спалучэньне прыроды, якую я люблю, і адпачынку. Можна рабіць нешта цікавае, добрае, каб людзі адпачывалі», — тлумачыць ён.

Валер з сваёй камандай Stativa стварае драўляныя хаткі на колах, куды можна прыехаць пажыць на некалькі дзён. Жытло на колах сымбалізуе жыцьцё эмігранта. Акрамя таго, выявілася, што такія часовыя канструкцыі трэба менш узгадняць з уладамі. Яшчэ адзін бонус — іх лягчэй транспартаваць.

У хатках шмат круглых дэталяў

Плошча доміку — усяго 13,5 квадратнага мэтра. Але прастору ўнутры стараліся зрабіць прыгожай і ўтульнай, многае выраблена з дубу, кажа суразмоўца. Страха з дранкі. У хатцы паўкруглыя акенцы і дзьверы, скруглены дах, круглы стол. Шмат круглых дэталяў адсылаюць да сусьвету хобітаў.

«Ёсьць навуковыя дасьледаваньні аб тым, што круглыя формы ў архітэктуры паляпшаюць самаадчуваньне, зьніжаюць стрэс. Я падумаў: чаму ж гэтым не скарыстацца? На халеру мне рабіць куты, калі можна зрабіць яе ўсю скругленую?» — кажа Астрынскі.

Інтэр’ер невялікіх хатак імкнуцца рабіць утульным

Выгляд іхных хатак адрозьніваецца ад таго, што цяпер прапануюць на рынку падобных адпачынкавых дамкоў, мяркуе стваральнік.

«Крышку ад Толкіна, крышку ад нейкіх старажытнасьцяў і казкі. Гэта чапляе людзей», — мяркуе бізнэсовец.

У гэтай казачнасьці ёсьць і прагматычны складнік, шчыруе Валер. Ніша дамкоў для адпачынку, на ягоную думку, мае добрыя пэрспэктывы для бізнэсу. Вакол такога душэўнага праекту прасьцей зьбіраецца каманда. «Казачная» прапанова добра прадаецца на ўзроўні эмоцыяў.

Альпакі і рэкі

Важная ўмова — хаткі маюць стаяць на прыродзе ў цікавых, прыгожых месцах, куды прыемна прыехаць з гораду, з цывілізацыі. Чалавек там можа мець ня толькі адпачынак, але і новы незвычайны досьвед, дзеліцца задумай аўтар праекту.

Пакуль у іх шэсьць хатак у розных месцах Польшчы: каля Гданьску, Кракава, Варшавы. Адна стаіць на фэрме з альпакамі, другая на паляне, дзе пасьвяцца козы, іншыя — на беразе ракі. Каля адной хаткі жывуць гаспадары ў цікавым доме з 12 вугламі, які можна наведаць.

«Чалавек прачынаецца ранкам і можа з акенца альпакаў пакарміць», — апісвае ўмовы Валер.

Хатка на фэрме з альпакамі

У плянах — стварыць сетку з сотняў такіх хатак ня толькі ў Польшчы. Наступнай іхнай краінай могуць стаць Нідэрлянды, Нямеччына або Чэхія.

«Трэба краіны з высокім працэнтам унутранага турызму і з высокімі цэнамі на арэнду жытла», — камэнтуе выбар прадпрымальнік.

Наведнікі хатак на колах — перадусім жыхары вялікіх гарадоў, расказвае Валер.

«Звычайна гэта пáра, можа, з адным дзіцём, бо хаткі маленькія. Людзі, якія цэняць прыродны дызайн, хочуць на пару дзён уцячы ад цывілізацыі да простых рэчаў, вогнішча ўвечары папаліць, пагуляць вакол. Мы хочам прадаваць лічбавы дэтокс, новы досьвед, каб людзі выяжджалі са звыклага жыцьця», — апісвае Астрынскі.

Важная ўмова – ставіць хаткі ў прыгожых месцах на прырыдзе

Ён дадае, што пазыцыянуе сваё жытло як нятаннае. Сярэдні чэк за содні — 500 злотых (больш за 100 эўра). У Нідэрляндах начлег у такой хатцы, мяркуецца, будзе каштаваць да 150–200 эўра за ноч.

Пачынаць з нуля

Канцэпцыю хаткі на колах прыдумаў сам Валер, кажа ён. Майстраваць вучыўся яшчэ жывучы ў беларускай вёсцы — дзякуючы дзеду Косьцю і YouТube. Ужо ў Гданьску ён знайшоў хлопца, які рабіў лазьні. Замовіў у яго некалькі домікаў і вучыўся рабіць іх разам з гэтым майстрам.

Сабекошт такой хаткі складана разьлічыць, камэнтуе Астрынскі. Толькі матэрыялаў там прыкладна на 10 тысяч эўра. Варта таксама ўлічваць працу людзей, інжынэрныя распрацоўкі. Валер кажа, што мог бы для сябе такую хату пабудаваць за 10-15 тысяч эўра. Іхная каманда будуе цяпер па дзьве хаткі ў месяц. У камандзе 12 чалавек.

«Я вельмі хачу стварыць праект, у якім будуць удзельнічаць шмат людзей. Мне не падабаецца жорсткая вэртыкаль кіраваньня. Мне заўсёды хацелася ствараць такія кампаніі, дзе супрацоўнікі матываваныя ня толькі грашыма, а ўсім падабаецца праект, які мы разам робім. Мне падабаецца, калі ёсьць ініцыятыва: як лепей планку прыбіць, як нешта пафарбаваць, розныя канструкцыі прыдумаць па-новаму. Важна, каб у кампаніі захоўвалася гэтая далучанасьць да агульнага праекту», — кажа суразмоўца.

Каб пачаць бізнэс у Польшчы, сям’я Астрынскіх прадала два свае вясковыя дамы ў Беларусі, якія яны выкарыстоўвалі пад агратурыстыку. Каля 40-50 тысяч эўра сталі стартавым капіталам для новай турыстычнай справы. Потым далучыліся інвэстары.

Валер вучыўся рабіць хаткі сваімі рукамі

«Усе свае вялікія заводы, параходы давялося ў Беларусі пакінуць. Усе свае мільёны я пакінуў на радзіме», — адзначае з усьмешкай бізнэсовец, кажучы пра страчаную маёмасьць.

Ён успамінае, што калісьці на ягоных прадпрыемствах працавалі сотні чалавек. Цяпер жа ён эканамічна зноў у ролі стартапэра.

«Мне фактычна з нуля прыйшлося тут усё арганізоўваць, маючы сям’ю, чатырох дзяцей», — падсумоўвае ён.

Бізнэсовец мяркуе, што памяншаць свой статус і магчымасьці заўжды складана.

«Не скажу, што махнуў рукой і ўсё. Гэта быў даволі доўгі час прыняцьця, надзеяў: а можа нешта зьменіцца. Было, вядома, няпроста. Але асноўны мой актыў, зь якім я зьехаў, — гэта мае кантакты, знаёмствы, мой іміджавы капітал. Калі я прыходжу да інвэстараў, яны ведаюць, які ў мяне жыцьцёвы досьвед, ці можна быць ува мне ўпэўненым», — кажа Астрынскі.

Суразмоўца заўважае, што кожны бізнэсовец мусіць быць гатовы да банкруцтва. Але ён больш засяроджваецца на пэрспэктвах і магчымасьцях.

«Можа, праз тры тыдні я палячу ў Амэрыку на фэстываль Burning Man. Там будзе шмат кантактаў, знаёмстваў, эмоцыяў. Усякае можа адбыцца. Можа, потым будзе іншы праект. Я хутчэй думаю, што ў жыцьці шмат розных магчымасьцяў. Не атрымаецца — у „Жабцы“ (папулярная сетка невялікіх крамаў-кавярняў у Польшчы) можна папрацаваць. Гэта не канец сьвету», — разважае беларус.

Цяпер сям’я Астрынскіх пачынае ўсё з нуля ў новай краіне

Астрынскі заўважае, што да яго прыходзяць людзі зь вялікім патэнцыялам, якія раней кіравалі ўстановамі, каб цяпер працаваць рукамі.

«Няма ніякай драмы ў фізычнай працы, калі, вядома, здароўя ня страціў», — мяркуе беларус.

Валер дадае, што пра «Жабку» яму часам казала жонка як пра магчымы варыянт, калі яны ўжо год жылі ў эміграцыі і ашчаджэньні заканчваліся.

«Мы ніколі не жылі такім паняцьцем, што ў нас павінен быць вялізны дом з басэйнам і яхтай. Нават калі былі тыя мільёны, мы больш трацілі на падарожжы. У нас былі ўсялякія цікавыя выезды, даволі частыя. Не было ў нас у сям’і культуры куплі брыльянтаў. Я некалі гадзіньнікамі захапляўся, але не сур’ёзна. Жонка мая не была расьпешчаная грашыма. Зараз, зразумела, яна сумуе па стабільнасьці, як кожная жанчына», — кажа ён.

З словаў Астрынскага, цяпер у іхняй сям’і няма сваёй кватэры за мяжой. Усе грошы яны ўкладаюць у хаткі для турыстаў. Стартап пакуль стратны, але ён добра расьце.

«Жыцьцё скончыцца»

Астрынскі кажа, што ведае, як цяпер зноў зарабіць мільёны. У эміграцыі яму прапаноўвалі зноў займацца стальлю. Але яму гэта ўжо было нецікава.

«Хацелася нейкага эмацыйнага тавару. Зрабіць такое добрае, цёплае месца, паставіць яго ў прыгожай лякацыі, каб людзі прыяжджалі і пакідалі там шмат добрага часу. Гэта ж клясна і прыемна», — дзеліцца Валер.

Інтэр’ер хаткі для адпачынку

Ён успамінае, што больш асэнсавана да slow living (нясьпешнага ладу жыцьця) і жыцьця на прыродзе ён прыйшоў на «хатняй хіміі».

«Я там тры гады сядзеў — на гэтым хутары, у сваёй вёсцы, побач лес. Гэтыя дзьве хаты я ўзяў, сам іх рамантаваў. Бачыў, як прыяжджаюць людзі, як яны добра там пачуваюцца. Мне падабаўся сам гэты вайб — нешта зрабіць такое простае, але сапраўднае, каб людзі гэта ўбачылі і эмоцыі атрымалі», — успамінае суразмоўца.

Валер мяркуе, што вымушаная «хатняя хімія» дала яму важны досьвед.

«У мяне зьявілася магчымасьць адысьці ад мінулага бізнэсу і жыць звычайным жыцьцём у вёсцы, якая мне падабаецца. Я ня думаю, што мог бы такі ж досьвед атрымаць асэнсавана, адмовіцца ад прывычных камфортных рэчаў. Гэта ня так проста. Досьвед жыцьця на хутары паўплываў, каб я надумаў гэты досьвед маштабаваць», — разважае ён.

Цяпер новая праца Астрынскіх робіць цікавейшым іхнае сямейнае жыцьцё. Яны пэрыядычна едуць у міні-падарожжа, каб перавезьці сьвежую хатку на ейнае месца. Валер адзначае, што стараецца захоўваць балянс працы і жыцьця па-за працай. Ён устае, а сёмай ранку. Два-тры разы на тыдзень бегае або робіць зарадку. Далучыўся да супольнасьці гданьскіх «маржоў», каб практыкаваць польскую мову, якую вучыў з нуля. Вечарамі яны зь сям’ёй езьдзяць на мора, бо жывуць побач з Балтыкай.

Валер кажа, што хоча жыць цікава і атачаць сябе добрымі людзьмі, а не факусавацца на грашах

Ён пагаджаецца, што можа заставацца простым чалавекам, нягледзячы на ягоны былы статус і багацьці, якія меў.

«Жыцьцё вельмі афігенная штука, і яно, блін, скончыцца. І трэба яго пражыць цікава. Факусавацца на пасьпяховым посьпеху мне ніколі не падабалася. Я захапляўся турызмам, хадзіў па гарах, спаў у намёце і разумею, якія я адчуваў там эмоцыі. І гэтыя эмоцыі не слабейшыя за эмоцыі ад куплі чарговага „Мэрсэдэса“. Я бачу самую вялікую карысьць ад простых эмоцыяў. Жыцьцё скончыцца — і можа гэта зрабіць у кожны момант. Не хацелася б факусавацца толькі на грашовых пытаньнях», — падсумоўвае ён.