Трамп адмовіўся перадаць Кіеву 300 ракетаў для Patriot — Financial Times

Уладзімір Зяленскі на фоне зэнітна-ракетнага комплексу Patriot. Нямеччына, 2024 год

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падчас сустрэчы ў Белым доме 28 ліпеня з Уладзімірам Зяленскім адмовіўся перадаць Украіне дадатковыя ракеты да зэнітна-ракетных комплексаў Patriot амэрыканскай вытворчасьці.

Пра гэта піша Financial Times з спасылкай на свае крыніцы.

Паводле іх, Трамп спаслаўся на недахоп запасаў гэтых ракетаў у саміх ЗША і дадаў, што яны неабходныя амэрыканскім узброеным сілам у вайне з Іранам, для абароны аб’ектаў на Блізкім Усходзе і асабліва ў краінах Пэрсыдзкай затокі.

Паводле шэрагу ацэнак, пасьля больш як пяці месяцаў вайны з Іранам у амэрыканскіх вайскоўцаў засталося ад 759 да 827 ракетаў-перахопнікаў для комплексаў Patriot.

Раней Зяленскі падчас візыту ў Вашынгтон пацьвердзіў, што папрасіў амэрыканскага прэзыдэнта тэрмінова даць Украіне «зімовы пакет» ракетаў для ЗРК Patriot, каб адбіваць будучыя расейскія атакі на энэргетычную інфраструктуру. Гаворка ішла пра 300 ракетаў. Пра гэта прэзыдэнт Украіны расказаў у інтэрвію выданьню Axios.

Зяленскі адзначыў, што калі праблему дэфіцыту ракетаў СПА ня вырашыць да зімы, Расея можа зьнішчыць украінскія электрастанцыі і справакаваць гуманітарны крызіс, пакінуўшы без ацяпленьня мільёны ўкраінцаў. Паводле яго, расейская армія падчас кожнага масаванага ўдару па Ўкраіне выкарыстоўвае ад 30 да 40 балістычных ракетаў.

5 жніўня Зяленскі заявіў, што дапускае: скарачэньне паставак ракетаў для ЗРК Patriot з ЗША «можа быць спосабам ціску на Украіну — каб мы былі больш згаворлівымі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеве і Кіеўскай вобласьці шмат загінулых у выніку начнога абстрэлу. У Расеі працягваюць гарэць склады

У ноч на 5 жніўня расейскія войскі атакавалі некалькі рэгіёнаў Украіны. Найбольш інтэнсіўна абстралялі Кіеў і Кіеўскую вобласьць. 17 чалавек загінулі, больш за 40 параненыя.

Паводле апэратыўнага камандаваньня Паветраных сілаў Украіны, Расея выпусьціла па Ўкраіне 28 ракет (4 супрацькарабельныя «Цыркон» і 24 балістычныя), а таксама 115 ударных дронаў.

Супрацьпаветраная абарона Ўкраіны зьбіла 98 расейскіх бесьпілётнікаў, але не змагла зьняшкодзіць ніводнай ракеты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна заявіла, што ў яе ў палоне грамадзяне 51 краіны, якія ваявалі за Расею. Ёсьць і беларусы

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.