Масква працягвае вэрбаваць на вайну іншаземных грамадзянаў зь дзясяткаў розных дзяржаваў.
Грамадзяне 51 дзяржавы, якія ваявалі на баку Расеі, трапілі ва ўкраінскі палон, заявіў 4 жніўня на сустрэчы кіраўнікоў замежных дыпляматычных установаў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітры Лубінец.
«Іншаземцы з 51 краіны былі захопленыя ўва Ўкраіне ў час баявых дзеяньняў у складзе войска расейскіх акупантаў. Таму важна сумленна і адкрыта сказаць сьвету, што ўдзел у вайне на баку Расеі мае рэальныя юрыдычныя наступствы», — сказаў Лубінец, словы якога падае ўкраінская служба Радыё Свабода.
У канцы траўня Міністэрства замежных спраў Украіны паведаміла, што ў палоне ў яе ёсьць сотні іншаземцаў з больш як 48 краінаў сьвету, якіх Расея завабіла на вайну шляхам падману і фінансавых маніпуляцыяў.
Паводле BBC, на пачатак ліпеня 2026 году ў змаганьні за маскоўскія інтарэсы загінулі ня менш за 3589 замежнікаў.
Паведамленьні аб вэрбаваньні Расеяй іншаземцаў зьявіліся ў СМІ два гады таму, тады ішлося пра байцоў з Нэпалу. Затым паступілі паведамленьні аб вэрбаваньні ў Этыёпіі, Угандзе, Нігерыі, Руандзе, Паўднёвай Афрыцы, Батсване і Кеніі.
У пачатку 2026 году амэрыканскі аналітычны цэнтар Foundation for Defense of Democracies (FDD) апублікаваў справаздачу аб праграме «Алабуга Старт» у Татарстане. Паводле зьвестак дасьледнікаў, менавіта празь яе маладыя жанчыны з Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі вэрбуюцца ў Расею.
Сёлета ў сакавіку Эўрапейскі Парлямэнт абвінаваціў Расею ў гандлі людзьмі праз вэрбаваньне на вайну супраць Украіны. Дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікалі Эўрапейскі Зьвяз, дзяржавы і ўрады краін паходжаньня завэрбаваных людзей больш актыўна супрацоўнічаць у расьсьледаваньні такіх схемаў, іх перадухіленьні і спрыяньні вяртаньню наймітаў дадому.
Колькі беларусаў ва ўкраінскім палоне
Сёлета ў ліпені ў Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны назвалі колькасьць грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі і трапілі ва ўкраінскі палон.
«На ліпень 2026 году ў месцах утрыманьня ваеннапалонных ва Ўкраіне знаходзяцца 22 грамадзяніны Беларусі. Пачынаючы з 2022 году, сямёх беларусаў, якія мелі таксама і расейскае грамадзянства, абмянялі на грамадзян Украіны, якія знаходзіліся ў расейскім палоне», — паведаміў кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу Багдан Ахрыменка ў адказе на афіцыйны запыт Свабоды.
30 ліпеня сёлета стала вядома яшчэ пра аднаго — бабруйчаніна Сяргея Тарасава, які ваяваў за расейскіх акупантаў з 2024 году. Тарасаў ня змог абгрунтаваць сваю матывацыю пайсьці ваяваць, толькі адзначыў, што нарадзіўся ў СССР і дагэтуль лічыць Украіну, Беларусь і Расею адзінай краінай — Савецкім Саюзам. Сьцвярджаў, што нібыта нікога не забіў.
Да гэтага былі вядомыя прозьвішчы 17 беларусаў, якія трапілі ва ўкраінскі палон. З улікам Тарасава цяпер вядомыя 18 прозьвішчаў.
У шэрагу выпадкаў, як гаворыць укранскі бок, палонныя беларусы сядзелі ў расейскіх турмах за розныя злачынствы або прыяжджалі ў Расею ў пошуках грошай і ў выніку наймаліся на вайну з ідэйных або чыста мэркантыльных матываў.
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.