МУС Літвы: улады Беларусі дапамагаюць мігрантам капаць тунэлі

Рустам Любаеў

Падкопы, якія робяць мігранты, каб незаконна трапіць на тэрыторыю Эўразьвязу, усё больш непакояць улады ў Вільні. Яны ў чарговы раз абвінавацілі Лукашэнку і ягоных падначаленых у спрыяньні такіх дзеяньняў.

У дапамозе мігрантам з трэціх краін у будаўніцтве тунэляў пад літоўска-беларускай мяжой абвінаваціў улады Беларусі начальнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы Рустам Любаеў. Ягоныя словы перадае агенцтва ELTA.

Сёлета літоўскія памежнікі ўжо выявілі каля дзесяці тунэляў, празь якія мігранты спрабавалі трапіць у краіну, у некаторых выпадках «ім удалося гэта зрабіць».

Як сьцьвярджае кіраўнік САДМ, збудаваньні звычайна пачынаюць рыць на тэрыторыі Беларусі, затым праводзяць іх пад дзяржаўнай мяжой і выводзяць як мага далей углыб літоўскай тэрыторыі, каб «ускладніць фіксацыю моманту незаконнага перасячэньня мяжы».

Найдаўжэйшы знойдзены ўчастак тунэлю на тэрыторыі Літвы склаў каля 25 м, а агульная даўжыня збудаваньня, паводле ацэнкі літоўскага боку, магла дасягаць 30-40 мэтраў.

Некаторыя тунэлі пракладваюцца на глыбіні да 8 мэтраў і ўмацоўваюцца драўнінай, дадаў Любаеў.

«Гэта складаная работа, якая патрабуе пэўных навыкаў і пэўнай лягістыкі: павінна быць дастаўлена драўніна, з дапамогай якой умацоўваецца тунэль», — растлумачыў Любаеў.

Паводле яго, «гэта яшчэ раз даводзіць, што ў такой дзейнасьці ўдзельнічаюць ня толькі самыя мігранты, але й беларускі бок таксама актыўна да гэтага далучаецца, магчыма, забясьпечваючы лягістыку або дазваляючы мігрантам дзейнічаць у памежнай зоне».

На думку Любаева, гэта паказвае, што «палітычны рэжым суседняй краіны не адмаўляецца ад сваіх намераў захоўваць напружанасьць на нашай мяжы».

Польскія памежнікі, нагадаў ён, сутыкнуліся з падобнай практыкай яшчэ некалькі гадоў таму.

Паводле зьвестак літоўскіх службаў, з пачатку міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе Літва не прапусьціла з тэрыторыі Беларусі каля 25,6 тыс. нелегальных мігрантаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літва знайшла на мяжы зь Беларусьсю яшчэ адзін няскончаны тунэль для мігрантаў

Падкопы на беларуска-літоўскай мяжы

На мінулым тыдні літоўскія памежнікі з розьніцай у некалькі дзён выявілі два падкопы на мяжы. Першы знойдзены падкоп пралягаў зь беларускага рэгіёну прыкладна на 5 м ад лініі мяжы ў глыбіню літоўскага. Ён яшчэ ня меў выхаду на тэрыторыю Літвы, і нелегальныя мігранты або іншыя асобы яшчэ ня мелі магчымасьці трапіць у краіну праз гэты ход.

Яшчэ адзін няскончаны тунэль знайшлі таксама ў Аранскім раёне.

Аранскі падразьдзел памежнай аховы Дзяржаўнай памежнай службы па факце незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы пачаў дасудовае расьсьледаваньне, якое ўзначальвае пракурор Аліцкай раённай управы Ковенскай абласной пракуратуры.

Становішча на беларуска-літоўскай мяжы

Літоўскія ўлады неаднаразова абвінавачвалі ўлады Беларусі ва ўчыненьні гібрыдных атак супраць Літвы. Гэта арганізацыя незаконных міграцыйных патокаў, запуск кантрабандных балёнаў, інфармацыйныя кампаніі, вэрбаваньне грамадзян Літвы.

Сёлета ў сакавіку Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі і Другі дэпартамэнт апэратыўных службаў Міністэрства нацыянальнай абароны Літвы прэзэнтавалі несакрэтную частку новай штогадовай ацэнкі пагрозаў нацыянальнай бясьпецы. Сярод іх крыніцаў назвалі Расею, Беларусь і Кітай.

Рэжым Лукашэнкі ў адказ абвінавачвае Літву і Польшчу ў жорсткім абыходжаньні зь мігрантамі, якіх нібыта запрасіла да сябе жыць сама Эўропа, а цяпер адмаўляецца.

Адзін са спосабаў, якім дзейнічае ўлада ў Менску — скаргі ў ААН і UNESCO на памежнікаў суседніх краінаў і на агароджу, якая там збудаваная. Пасланцы рэжыму заяўляюць, што падобныя захады на мяжы шкодзяць фаўне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Літве правераць, ці ўяўляе колішні зяць Шэймана пагрозу нацыянальнай бясьпецы