Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва знайшла на мяжы зь Беларусьсю яшчэ адзін няскончаны тунэль для мігрантаў

Папярэдні знойдзены на мяж падкоп
Папярэдні знойдзены на мяж падкоп

Гэта ўжо другі выкрыты падкоп за тыдзень.

Літоўскія памежнікі знайшлі яшчэ адзін няскончаны тунэль, які, як мяркуецца, быў прызначаны для нелегальнага пераходу мігрантаў, паведаміла 29 ліпеня Дзяржаўная памежная служба (VSAT) Літвы.

Усё здарылася ў Аранскім памежным раёне, памежнікі выкарысталі вібрацыйныя чуйнікі для выяўленьня падазроных земляных работ у раёне Лаздуноў.

На гэтым месцы мяжа паміж Беларусьсю і Літвой пазначаная ручаём. Такім чынам, памежная агароджа месьціцца далей унутры літоўскай тэрыторыі.

Заўважыўшы набліжэньне памежнікаў, каля 20 замежных грамадзян уцяклі назад на тэрыторыю Беларусі, паведаміла LRT з спасылкай на VSAT.

Затым супрацоўнікі знайшлі няскончаны тунэль даўжынёй каля 11 мэтраў. Ён быў прызначаны для праходу пад патрульным шляхам далей на літоўскую тэрыторыю. На месцы былі знойдзеныя бярвёны, якія, як мяркуецца, прызначаліся для апоры канструкцыі. Таксама побач былі выкапаны пясок і вёдры.

Пасьля завяршэньня пошукаў падкоп засыпалі.

Што папярэднічала

Гэта ўжо другое паведамленьне пра знойдзены на мяжы падкоп за тыдзень. Кіраўнік VSAT раней заяўляў, што мігранты ўсё часьцей спрабуюць капаць тунэлі, каб трапіць у краіну зь Беларусі.

Кіраўнік VSAT Рустам Любаеў усклаў віну на беларускіх памежнікаў, заявіўшы, што такая апэрацыя ня можа адбыцца бяз іхнага ўдзелу.

Раней знойдзены падкоп пралягаў зь беларускага рэгіёну прыкладна на 5 м ад лініі мяжы ў глыбіню літоўскага. Ён яшчэ ня меў выхаду на тэрыторыю Літвы, і нелегальныя мігранты або іншыя асобы яшчэ ня мелі магчымасьці трапіць у краіну праз гэты ход.

Аранскі падразьдзел памежнай аховы Дзяржаўнай памежнай службы па факце незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы пачаў дасудовае расьсьледаваньне, якое ўзначальвае пракурор Аліцкай раённай управы Ковенскай абласной пракуратуры.

Становішча на беларуска-літоўскай мяжы

Літоўскія ўлады неаднаразова абвінавачвалі ўлады Беларусі ва ўчыненьні гібрыдных атак супраць Літвы. Гэта арганізацыя незаконных міграцыйных патокаў, запуск кантрабандных балёнаў, інфармацыйныя кампаніі, вэрбаваньне грамадзян Літвы.

Сёлета ў сакавіку Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі і Другі дэпартамэнт апэратыўных службаў Міністэрства нацыянальнай абароны Літвы прэзэнтавалі несакрэтную частку новай штогадовай ацэнкі пагрозаў нацыянальнай бясьпецы. Сярод іх крыніцаў назвалі Расею, Беларусь і Кітай.

Рэжым Лукашэнкі ў адказ абвінавачвае Літву і Польшчу ў жорсткім абыходжаньні зь мігрантамі, якіх нібыта запрасіла да сябе жыць сама Эўропа, а цяпер адмаўляецца.

Адзін са спосабаў, якім дзейнічае ўлада ў Менску — скаргі ў ААН і UNESCO на памежнікаў суседніх краінаў і на агароджу, якая там збудаваная. Пасланцы рэжыму заяўляюць, што падобныя захады на мяжы шкодзяць фаўне.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG