Літоўскія памежнікі знайшлі і паказалі падземны ход, які зь беларускага боку пракапалі мігранты. ФОТА

Выкрыты літоўскімі памежнікамі падземны ход
Выкрыты літоўскімі памежнікамі падземны ход

З тэрыторыі Беларусі ў краіны Эўразьвязу па-ранейшаму спрабуюць трапляць з парушэньнем закону мігранты з краінаў Афрыкі і Азіі. Улады Літвы, Польшчы і Латвіі называюць вінаватым у гэтым рэжымы Лукашэнкі і Пуціна.

Памежнікі Літвы своечасова заўважылі падкоп, і нелегальныя мігранты не пасьпелі скарыстацца тунэлем, выкапаным зь беларускага боку.

Падземны ход адшукалі памежнікі ў Аранскім (Varėnos) раёне, побач зь дзяржаўнай мяжой. Ход вёў зь Беларусі ў Літву. Як заяўляюць літоўскія памежнікі, мігрантам заставалася толькі выкапаць выхад на літоўскі бок.

Але пасьля таго, як падкоп заўважылі, літоўскія службы засыпалі яго зямлёй.

Дзяржаўная памежная служба Літвы стала падазраваць, што нешта ня так, пасьля таго, як на вібрацыі грунту зрэагавала тэхніка. Тады памежнікі зьмеркавалі, што ў гэтым месцы зь беларускага боку можа быць выкапаны падземны тунэль.

З дапамогай калег з досьведам працы ў гэтай галіне, адмыслоўцаў Падляскага аддзелу Дзяржаўнай памежнай службы Польшчы, якія прывезлі абсталяванне для пошуку тунэляў, на месцы зрабілі заглыбленьне і выявілі падземны канал, выкапаны зь беларускага боку.

З дапамогай экскаватара правялі земляныя работы, пасьля якіх цалкам раскрылі тунэль на глыбіні прыблізна 1,5 м, дыямэтрам прыблізна 1 м.

Так выглядаў падкоп
Так выглядаў падкоп

Тунэль пралягаў зь беларускага рэгіёну прыкладна на 5 м ад лініі мяжы ў глыбіню літоўскага рэгіёну. Ён яшчэ ня меў выхаду на тэрыторыю Літвы, і нелегальныя мігранты або іншыя асобы яшчэ ня мелі магчымасьці трапіць у краіну праз гэты ход, паведамілі памежнікі.

Аранскі падразьдзел памежнай аховы Дзяржаўнай памежнай службы па факце незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы пачаў дасудовае расьсьледаваньне, якое ўзначальвае пракурор Аліцкай раённай управы Ковенскай абласной пракуратуры.

За капаньне падкопаў з мэтай незаконнага перасячэньня мяжы закон Літвы прадугледжвае штраф, арышт або пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.

Пасьля завяршэньня працэсуальных дзеяньняў дасудовага расьсьледаваньня ход закапалі.

Становішча на беларуска-літоўскай мяжы

Літоўскія ўлады неаднаразова абвінавачвалі ўлады Беларусі ва ўчыненьні гібрыдных атак супраць Літвы. Гэта арганізацыя незаконных міграцыйных патокаў, запуск кантрабандных балёнаў, інфармацыйныя кампаніі, вэрбаваньне грамадзян Літвы.

Сёлета ў сакавіку Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі і Другі дэпартамэнт апэратыўных службаў Міністэрства нацыянальнай абароны Літвы прэзэнтавалі несакрэтную частку новай штогадовай ацэнкі пагрозаў нацыянальнай бясьпецы. Сярод іх крыніцаў назвалі Расею, Беларусь і Кітай.

Рэжым Лукашэнкі ў адказ абвінавачвае Літву і Польшчу ў жорсткім абыходжаньні зь мігрантамі, якіх нібыта запрасіла да сябе жыць сама Эўропа, а цяпер адмаўляецца.

Адзін са спосабаў, якім дзейнічае ўлада ў Менску — скаргі ў ААН і UNESCO на памежнікаў суседніх краінаў і на агароджу, якая там збудаваная. Пасланцы рэжыму заяўляюць, што падобныя захады на мяжы шкодзяць фаўне.

​
XS
SM
MD
LG